ГалоўнаяПра бiблiятэкуСтруктура бібліятэкіФарміраванне інфармацыйных рэсурсаўАддзел захоўвання спецыялізаваных фондаўФонды аддзела

Фонды аддзела

Фонд часопісаў і выданняў з працягам нацыянальных, РФ і іншых краін СНД налічвае звыш 2,3 млн адзінак захоўвання (храналагічны ахоп – з 1917 г. па сённяшні дзень). У тым ліку нацыянальны дакумент складае больш за 411 тыс. экз. Сабраны і захоўваюцца камплекты часопісаў, працы, зборнікі, даклады, навуковыя запіскі і інш. матэрыялы найстарэйшых у Беларусі навуковых і вышэйшых навучальных устаноў: Нацыянальнай акадэміі навук, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і інш.

У фондзе замежных часопісаў і выданняў з працягам, аб’ём якога складае больш за 1 млн экз., прадстаўлены выданні з пачатку XIX стагоддзя і да нашых дзён. У ім захоўваюцца вядучыя часопісы па многіх галінах ведаў практычна на ўсіх еўрапейскіх мовах. Даволі шырока прадстаўлены выданні ААН і іншых міжнародных арганізацый, якія асвятляюць іх дзейнасць у розных рэгіёнах свету.

Фонд дарэвалюцыйных часопісаў і выданняў з працягам налічвае звыш 280 тыс. экз. Адным з самых ранніх выданняў, што захоўваюцца ў фондзе, з’яўляецца часопіс “Сын Отечества” (з 1815 г.). Даволі поўна прадстаўлены навуковыя і навукова-практычныя выданні па розных галінах ведаў: “Известия Российской академии наук” (1825–1828 гг.), “Записки, издаваемые от Департамента народного просвещения” (прадстаўлены звесткі пра арганізацыю навучальных устаноў, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі) (1825–1829 гг.), “Журнал Министерства народного просвещения” (1832–1917 гг.), “Записки императорского Русского географического общества” (асобныя тамы выдання прысвечаны этнаграфіі Беларусі), камплекты часопісаў “Современник”, “Отечественные записки” і інш. Фонд універсальны па змесце. Разам з тым, найбольш поўна прадстаўлены выданні сацыяпалітычнай, філасофскай, прававой, эканамічнай тэматыкі, а таксама па рэлігіі, этнаграфіі, статыстыцы, мастацтве, адукацыі і выхаванні.

Фонд калекцый па выяўленчым мастацтве (звыш 163 тыс. адзінак захоўвання) уключае мастацкія плакаты, рэпрадукцыі, фатаграфіі, паштоўкі, гравюры. Кожны від мае свае асаблівасці. Плакаты, рэпрадукцыі, паштоўкі прадстаўлены як у выглядзе адзінкавых аркушаў, так і ў выглядзе камплектаў вялікага і малога фарматаў. Гэтыя фонды пачалі фарміравацца з пасляваеннага перыяду. Найбольш поўна прадстаўлена калекцыя плакатаў за савецкі перыяд. Лепшую яе частку прадстаўляюць творы беларускіх плакатыстаў: У. Крукоўскага, Л. Кроля, В. Шматава. Гравюры сабраны з ХVIII стагоддзя да сённяшніх дзён.

Фонд нотных выданняў (звыш 95 тыс. адзінак захоўвання) уключае ноты даваеннага, ваеннага, пасляваеннага і сучаснага перыядаў. Найбольшую цэннасць прадстаўляюць замежныя ноты канца ХVIII стагоддзя: ёсць прыжыццёвыя выданні Ф. Шуберта. У фондзе прадстаўлены таксама клавіры ўсіх опер Р. Вагнера, опер В. Бяліні, Дж. Расіні і іншых кампазітараў. У фондзе пасляваеннага перыяду – поўныя зборы твораў М. Глінкі, М. Рымскага-Корсакава, а таксама зборы твораў С. Пракоф’ева, П. Чайкоўскага. Фонд беларускай музыкі адлюстроўвае каштоўнасці сваёй нацыі. У гэтым фондзе ёсць творы інструментальнай музыкі, народныя песні, педагагічны рэпертуар для дзіцячых музычных школ. Захоўваюцца нотныя выданні з аўтографамі Л. Шлэг, У. Кандрусевіча, Р. Суруса і інш.

Фонд аўдыявізуальных дакументаў (звыш 30 тыс. адзінак захоўвання) уключае кампакт-дыскі, аўдыякасеты, грампласцінкі, відэакасеты з запісамі класічнай музыкі айчынных і замежных аўтараў. Сабраны калекцыі фальклорнай музыкі народаў свету, джазавай, эстраднай і рок-музыкі розных музычных калектываў, ёсць запісы беларускіх груп і асобных выканаўцаў.

Фонд кампакт-дыскаў уключае больш за 10 тыс. адзінак захоўвання. Дакументы на электронных носьбітах інфармацыі сабраны па розных тэмах, кірунках навукі, культуры і мастацтва, а таксама іншых галінах ведаў.

У фондзе газет прадстаўлена больш за 10 тыс. назваў, што складае больш за 54 тыс. гадавых камплектаў. Фонд уключае нацыянальныя дакументы, дакументы краін СНД, постсавецкай прасторы і замежныя выданні. У ім прадстаўлены газетныя калекцыі з пачатку ХІХ стагоддзя. У якасці асабліва каштоўнай разглядаецца калекцыя нацыянальных газет, бо яна з’яўляецца часткай гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народа. Калекцыя складае каля 65 % ад агульнага газетнага фонду і ўключае ў сябе рэспубліканскія, абласныя, раённыя, гарадскія, шматтыражныя газеты, а таксама газеты ліквідаваных абласцей і раёнаў. Асаблівая роля ў зборы газетных калекцый належыць газетам першых гадоў савецкай улады, нелегальным і легальным, перыяду Вялікай Айчыннай вайны, эміграцыйным выданням. Фонд замежных газет сабраны на 25 мовах свету. У фондзе захоўваюцца даваенныя газеты на польскай, чэшскай, французскай і нямецкай мовах. Маюцца газеты замежных камуністычных і працоўных партый, калекцыі нямецкіх газет за 60–90-я гады.

Склад фонду раскрываецца ў электронным каталогу НББ

Бібліятэкарам