ГалоўнаяПра бiблiятэкуСучасны станМіжнародная дзейнасцьМіжнароднае супрацоўніцтва і сувязі

Міжнароднае супрацоўніцтва і сувязі

Інтэграцыя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (НББ) у міжнародную сістэму бібліятэчна-інфармацыйных устаноў – мэта нашай міжнароднай дзейнасці, якая ажыццяўляецца ў рамках партнёрства і супрацоўніцтва з замежнымі бібліятэкамі, інфармацыйнымі і адукацыйнымі ўстановамі, прафесійнымі і грамадскімі арганізацыямі на аснове сумеснага фарміравання і выкарыстання інфармацыйных рэсурсаў, а таксама прафесійнага, культурнага, інтэлектуальнага і дакументнага абмену. Асаблівае значэнне НББ надае супрацоўніцтву з міжнароднымі прафесійнымі арганізацыямі. Нацыянальная бібліятэка з'яўляецца членам такіх арганізацый, як некамерцыйнае партнёрства “Бібліятэчная асамблея Еўразіі”, Міжнародная федэрацыя бібліятэчных асацыяцый і ўстаноў (IFLA), Канферэнцыя дырэктараў нацыянальных бібліятэк (CDNL), міжнародная арганізацыя “Бібліятэка Балтыка”, Кансорцыум EIFL.

Актыўна ажыццяўляецца ўзаемадзеянне з Нацыянальнай камісіяй па справах ЮНЕСКА ў Рэспубліцы Беларусь, Польскім Інстытутам у Мінску, Інфармацыйным цэнтрам Пасольства ЗША ў Рэспубліцы Беларусь, Інстытутам імя Гётэ ў Мінску.

Супрацоўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з замежнымі партнёрамі актыўна пашыраецца. Двухбаковая дзейнасць у рамках пагадненняў аб супрацоўніцтве з бібліятэчнымі арганізацыямі накіравана на яго развіццё ў прафесійнай дзейнасці, усталяванне карпаратыўных сувязей у сферы распаўсюджвання інфармацыі, навукі і культуры, абмен навуковымі і практычнымі дасягненнямі. На дадзены момант НББ у рамках дагаворнай дзейнасці падпісала 46 дакументаў аб супрацоўніцтве. Нашы партнёры – нацыянальныя бібліятэкі замежных краін і краін СНД: Арменіі, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грузіі, Егіпта, Італіі, Ірана, Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Пакістана, Польшчы, Расіі, Румыніі, Сербіі, Славакіі, Таджыкістана, Турцыі, Украіны, Чэхіі, Эстоніі.

Адзін з асноўных напрамкаў міжнароднай дзейнасці – вяртанне помнікаў кніжнай культуры Беларусі, якія апынуліся за межамі нашай краіны. Гэта дзейнасць уключае пошук у замежных калекцыях, улік і апісанне помнікаў, атрыманне арыгіналаў найбольш каштоўных адзінак або іх лічбавых копій, забеспячэнне доступу да іх шляхам уключэння ў склад найбуйнейшай у краіне электроннай бібліятэкі і выпуску факсімільных выданняў. Найбольш значным стаў праект па факсімільным узнаўленні кніжнай спадчыны Францыска Скарыны, рэалізаваны НББ сумесна з Банкам БелВЭБ у 2012–2017 гг. З мэтай падрыхтоўкі 21-томнага выдання “Кніжная спадчына Францыска Скарыны” спецыялісты НББ правялі даследаванне па выяўленні арыгінальных выданняў беларускага першадрукара, якія захоўваюцца ў фондах замежных бібліятэк, і запыталі факсімільныя копіі асобнікаў кожнай з кніг, якія найлепшым чынам захаваліся. Кожны том суправаджаецца прадмовамі Францыска Скарыны да біблейскіх кніг і навуковымі каментарыямі на беларускай, рускай і англійскай мовах. Па заканчэнні праекта камплекты кніг “Кніжная спадчына Францыска Скарыны” перададзены ў найбуйнейшыя беларускія і замежныя бібліятэкі і ўстановы адукацыі. У 2018 г. рэалізаваны аналагічны праект па факсімільным рэпрадукаванні першай кнігі пад назвай “Буквар”, выдадзенай у г. Вевіс (Літва) у 1618 г.

Важны для НББ аспект супрацоўніцтва з замежнымі краінамі – папулярызацыя культурнай спадчыны Беларусі з дапамогай бязвыплатнай перадачы ў фонды замежных бібліятэк выданняў, якія адлюстроўваюць нашую багатую культурную, літаратурную і гістарычную спадчыну. У гэтым кірунку рэалізавана некалькі праектаў, найбольш маштабным з якіх стаў праект “Беларусь сегодня”. У яго рамках ажыццяўляецца перадача кніг беларускіх выдавецтваў, якія змяшчаюць інфармацыю пра сучасную Беларусь, яе гісторыю, выдатных асоб, знаёмяць замежных чытачоў з найбольш вядомымі творамі беларускай літаратуры. Дадзены праект стартаваў у 2010 годзе і ажыццяўляецца да гэтага часу. Камплекты кніг беларускіх выдавецтваў ўжо папоўнілі фонды найбуйнейшых бібліятэк свету: Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Іспаніі, Латвіі, Літвы, Расіі, Сербіі, ЗША, Польшчы, Францыі, Фінляндыі і інш.

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі двойчы ў год праводзяцца міжнародныя навуковыя канферэнцыі – Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні і міжнародны кангрэс “Бібліятэка як феномен культуры”. У розныя гады ў вышэйзгаданых канферэнцыях прымалі ўдзел спецыялісты з Брытанскай бібліятэкі, Бібліятэкі Кангрэсу ЗША, Каралеўскай бібліятэкі Нідэрландаў, Нацыянальнай бібліятэкі Чэшскай Рэспублікі і інш.; рэгулярна прыязджаюць спецыялісты з бібліятэк і ўстаноў адукацыі Казахстана, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны. Час ад часу ў рамках міжнароднага кангрэсу праводзяцца міжнародныя пасяджэнні, напрыклад, штогадовае пасяджэнне некамерцыйнага партнёрства “Бібліятэчная асамблея Еўразіі”, міжнародны круглы стол “Дакументальная спадчына ў Цэнтральна-Еўрапейскім рэгіёне: шляхі захавання, вывучэння і папулярызацыі”, рэгіянальныя кансультацыі ЮНЕСКА па адкрытым доступе да навуковай інфармацыі і даследаванняў і інш.

Супрацоўнікі НББ у сваю чаргу сістэматычна прымаюць удзел у міжнародных навуковых канферэнцыях, круглых сталах, кангрэсах, семінарах і прэзентуюць нацыянальныя кніжныя скарбы і найбольш каштоўныя беларускія інфармацыйныя рэсурсы замежнай грамадскасці.

Спецыялісты Нацыянальнай бібліятэкі вядуць актыўную працу па арганізацыі міжнародных выставачных праектаў, што знаёмяць беларусаў з сусветнай кніжнай спадчынай. Напрыклад, у 2017 годзе прайшла міжнародная выстаўка “Францыск Скарына і яго эпоха”, на якой былі прадстаўлены выданні, апублікаваныя беларускім першадрукаром, а таксама арыгінальныя кніжныя помнікі XV–XXI стст. з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і шэрагу замежных бібліятэк Еўропы, уключаючы рэдкі асобнік Бібліі Гутэнберга, дастаўлены ў Рэспубліку Беларусь з Лейпцыгскага філіяла Нямецкай нацыянальнай бібліятэкі. У 2018 годзе ў НББ адбылася міжнародная выстаўка “Буквары народаў свету”, экспазіцыя якой складалася з больш за тысячу буквароў на амаль 600 мовах свету, прадстаўленых для часовага экспанавання латвійскім калекцыянерам Юрысам Цыбульсам. У гэтым жа годзе быў рэалізаваны міжнародны праект “Беларусь і Біблія”, арганізаваны сумесна з Інстытутам даследавання рукапісаў (ЗША). У экспазіцыі было сабрана больш за 80 найкаштоўнейшых экспанатаў з дзяржаўных і прыватных калекцый ЗША, Вялікабрытаніі і Ізраіля.

НББ актыўна ўдзельнічае ў арганізацыі дзяржаўных міжнародных мерапрыемстваў. Штогод на базе бібліятэкі праходзяць сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў і экспертных саветаў, праводзяцца міжнародныя саміты, форумы, пасяджэнні, буйныя эканамічныя мерапрыемствы. Штогод бібліятэку наведваюць шматлікія замежныя госці – палітыкі, дыпламаты, навукоўцы, пісьменнікі, прадстаўнікі культурных і духоўных місій замежных дзяржаў.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі паспяхова супрацоўнічае з акрэдытаваным у нашай краіне дыпламатычным корпусам і міжнароднымі арганізацыямі. За мінулыя гады на яе пляцоўках прайшоў шэраг мерапрыемстваў – семінары, круглыя сталы, прэзентацыі, канцэрты, урачыстыя цырымоніі перадачы кніг, іншыя мерапрыемствы – з удзелам пасольстваў Азербайджанскай Рэспублікі, Латвійскай Рэспублікі, Кітайскай Народнай Рэспублікі, Рэспублікі Кыргызстан, Расійскай Федэрацыі, Французскай Рэспублікі і інш.

111