ГалоўнаяПра бiблiятэкуВыдавецкая прадукцыя бібліятэкіДрукаваныя выданні бібліятэкіПатрабаванні да артыкулаў для выдання "Здабыткі: дакументальныя помнікі на Беларусі"

Патрабаванні да артыкулаў для выдання "Здабыткі: дакументальныя помнікі на Беларусі"

Zdabytki-23.jpg

Нацыянальная бібліятэка Беларусі штогод рыхтуе да выхаду ў свет зборнік навуковых артыкулаў з працягам “Здабыткі: дакументальныя помнікі на Беларусі” і запрашае да супрацоўніцтва даследчыкаў кніжнай культуры Беларусі.

Зборнік з’яўляецца шматпрофільным рэцэнзуемым навуковым выданнем, уключаным у Пералік навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў па педагагічных навуках (бібліятэказнаўстве, бібліяграфазнаўстве і кнігазнаўстве), гістарычных навуках (дакументалістыцы, дакументазнаўстве, архівазнаўстве, гістарыяграфіі, крыніцазнаўстве і метадах гістарычнага даследавання) і культуралогіі.

Да публікацыі ў зборніку прымаюцца артыкулы, прысвечаныя дакументальным помнікам і гісторыі кніжнай культуры Беларусі, якія маюць навуковы характар і вылучаюцца навізной прадстаўленых у іх навуковых вынікаў. Не прымаюцца да друку артыкулы, апублікаваныя або прынятыя да друку іншымі выданнямі. Плата за апублікаванне артыкулаў не бярэцца, ганарар аўтарам не выплачваецца. Права першачарговага апублікавання вынікаў навуковых даследаванняў па тэматыцы зборніка даецца асобам, якія ажыццяўляюць паслядыпломнае навучанне (аспірантура, дактарантура, саіскальніцтва), у год завяршэння навучання.

Да разгляду рэдкалегіяй зборніка прымаюцца навуковыя артыкулы з рэкамендацыяй аддзела (кафедры, лабараторыі) навуковай (вучэбнай) установы або з рэцэнзіяй спецыяліста ў дадзенай галіне. Заяўку на ўдзел у зборніку і тэкст артыкула ў электронным выглядзе неабходна дасылаць на адрас рэдакцыі: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 220114, г. Мінск, прасп. Незалежнасці, 116 або на электронную пошту redkaja@nlb.by.

Заяўка павінна ўключаць звесткі пра аўтара (прозвішча, імя, імя па бацьку (цалкам), месца працы і (ці) вучобы, пасада, вучоная ступень і званне, кантактны тэлефон, e-mail) і назву артыкула.

Рукапісы артыкулаў прымаюцца ў электронным выглядзе. Аб’ём артыкула – да 0,5 аўтарскага аркуша (10–12 поўных старонак фармату А4, надрукаваных праз 1,5 інтэрвал, шрыфт Times New Roman, кегель 14 пт). Рабочыя мовы – беларуская, руская і англійская. Артыкул афармляецца ў адпаведнасці з Інструкцыяй аб парадку афармлення кваліфікацыйнай навуковай работы (дысертацыі) на саісканне вучоных ступеняў кандыдата і доктара навук, аўтарэферата і публікацый па тэме дысертацыі (у рэдакцыі пастановы Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь ад 28 лютага 2014 г.).

Спіс выкарыстаных крыніц размяшчаецца ў канцы артыкула і афармляецца ў алфавітным парадку прозвішчаў першых аўтараў і (ці) загалоўкаў у адпаведнасці з міждзяржаўным стандартам ДАСТ 7.1–2003 “Бібліяграфічны запіс. Бібліяграфічнае апісанне. Агульныя патрабаванні і правілы складання”. Скарачэнне слоў і словазлучэнняў у бібліяграфічных апісаннях выкарыстаных крыніц ажыццяўляецца ў адпаведнасці з дзяржаўным стандартам Рэспублікі Беларусь СТБ 7.12–2001 “Бібліяграфічны запіс. Скарачэнне слоў і словазлучэнняў на беларускай мове. Агульныя патрабаванні і правілы”, міждзяржаўным стандартам ДАСТ 7.0.12–2011 “Бібліяграфічны запіс. Скарачэнне слоў і словазлучэнняў на рускай мове. Агульныя патрабаванні і правілы”, міждзяржаўным стандартам ДАСТ 7.11–2004 “Бібліяграфічны запіс. Скарачэнне слоў і словазлучэнняў на замежных еўрапейскіх мовах”. У тэксце артыкула парадкавыя нумары бібліяграфічных спасылак паводле спіса выкарыстаных крыніц і нумары старонак паказваюцца ўсярэдзіне квадратных дужак (напрыклад: [1, с. 5], [2]). Да артыкула прыкладаецца рэзюмэ на рускай і англійскай мовах. Ілюстрацыі падаюцца ў рэдакцыю ў электронным выглядзе ў файлах фарматаў tiff, jpeg, gif, bmp, png з разрашэннем 300 dpi.

Пераканаўча просім прытрымлівацца выкладзеных правіл афармлення артыкулаў.
Узор афармлення артыкула

Рэдакцыйная калегія пакідае за сабой права адбору матэрыялаў для апублікавання. Парадак публікацыі ў зборніку прадугледжвае абавязковае рэцэнзаванне спецыялістамі з вучонай ступенню кандыдата ці доктара навук, якія прызначаюцца рэдкалегіяй. Пры неабходнасці артыкул можа быць вернуты аўтарам на дапрацоўку, датай паступлення артыкула ў рэдкалегію лічыцца дзень атрымання канчатковага яго варыянта.

Аўтары нясуць адказнасць за дакладнасць прыведзеных у артыкулах фактаў і цытат. Рэдакцыя можа друкаваць матэрыялы ў парадку абмеркавання, не падзяляючы пункт гледжання аўтараў.

Адрас рэдакцыі:
Нацыянальная бібліятэка Беларусі,
220114, г. Мінск, прасп. Незалежнасці, 116

Кантакты:
E-mail: redkaja@nlb.by
Тэлефоны: (8 017) 293 26 12293 27 83293 27 79
Кірэева Галіна Уладзіміраўна, Карнілава Таццяна Уладзіміраўна, Верас Нэлі Яўгеньеўна

Бібліятэкарам