1 ліпеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выстаўкі "Пясняр народных дум і светлых спадзяванняў", прысвечанай 120-годдзю з дня нараджэння слаўнага сына беларускай зямлі, народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.
1 ліпеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выстаўкі "Пясняр народных дум і светлых спадзяванняў", прысвечанай 120-годдзю з дня нараджэння слаўнага сына беларускай зямлі, народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Штогод 7 ліпеня мы адзначаем дзень нараджэння паэта. Юбілеі паэта ўрачыста адзначаюцца не толькі на Беларусі, але і ў розных кутках свету.
Стала традыцыяй штогод адзначаць свята Купалавай песні на радзіме паэта - у Вязынцы. Сёння гэта свята ўсёй беларускай літаратуры, культуры, мастацтва. Тысячы людзей сцякаюцца да хаты, дзе нарадзіўся паэт, каб ушанаваць яго памяць.
Янка Купала - паэт глыбока народны. У сваёй творчасці ён увасобіў гістарычны лёс беларускага народа. Аб нацыянальным характары купалаўскай творчасці вельмі добра сказаў Міхаіл Ісакоўскі: "Паэзія Янкі Купалы - гэта не проста добрыя высокамастацкія вершы, гэта, апрача ўсяго - своеасаблівая гісторыя жыцця беларускага народа з яго характарамі і звычаямі, з яго думамі і спадзяваннямі, з яго барацьбой і перамогай".
Я.Купала пакінуў нам багатую літаратурную спадчыну, якую яшчэ шмат пакаленняў будуць вывучаць, спазнаваць. Менавіта літаратурная спадчына паэта і прадстаўлена ў першым раздзеле выстаўкі. За 80 гадоў існавання бібліятэкі ў яе фондах назапашана шмат каштоўных выданняў, у тым ліку і творы, напісаныя Янкам Купалам, выдадзеныя ў розныя гады рознымі вадавецтвамі. Асабліва каштоўнымі з'яўляюцца прыжыццёвыя выданні, дзе сканцэнтравана мудрасць купалаўскіх думак і слоў. Напрыклад, першы беларускамоўны верш Я.Купалы "Мужык" (1905 г.); верш "А хто там ідзе?", які Максім Горкі назваў гімнам і ў якім беларускі народ вуснамі паэта заявіў аб сваім імкненні да выхаду на гістарычную арэну, аб сваім праве "людзьмі звацца"; першы зборнік паэта - "Жалейка", затым - "Гусляр" (1910 г.), паэмы "Адвечная песня" (1908 г.), "Курган" і "Сон на Кургане" (1912 г.), "Бандароўна" і кніга паэзіі "Шляхам жыцця" (1913 г.) і інш.
На выстаўцы, акрамя багатых фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, экспануюцца копіі рукапісаў паэта з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Я.Купалы. Ён праз усю сваю творчасць пранёс павагу да народа, адплачваючы яму за права гаварыць на сваёй мове. Хрэстаматыйнымі сталі радкі:
чым моц мая магла.
Зваў з путаў на свабоду,
зваў з цемры да свята.
У 1925 г. у сувязі з 20-годдзем літаратурнай дзейнасці Я.Купалу было прысвоена званне народнага паэта Беларусі. Яскрава народная і глыбока нацыянальная творчасць паэта нясе ў сабе вялікія каштоўнасці агульначалавечага маштабу.
Купалаўскія творы, дзякуючы іх перакладам на розныя мовы свету, сталі сусветнай каштоўнасцю і маюць агульнанацыянальнае значэнне. Многія творы паэта перакладзены на рускую, украінскую, азербайджанскую, армянскую, літоўскую, эстонскую, туркменскую, узбекскую, асецінскую, малдаўскую, чувашскую, англійскую, балгарскую, польскую і інш. мовы свету і экспануюцца ў раздзеле выстаўкі "Купалава слова ў перакладах". 28 чэрвеня 1942 г. Я.Купалы не стала. Смерць яго была загадкай, ахутана таямніцай. Не высветлена, што гэта было: самагубства, няшчасны выпадак ці добра падрыхтаванае забойства. Колькі гадоў мінула, а афіцыйна ў друку ніякага паведамлення не з'явілася. Таму наступны раздзел выстаўкі так і называецца - "Лёс Купалы: міфы і рэальнасць" і прадстаўляе выданні пра жыццё і творчую лабараторыю паэта.
Многія вершы паэта пакладзены на музыку, па яго творах ідуць спектаклі ў тэатрах, шматлікія творы экранізаваны. Наш народ з любоўю ўшаноўвае памяць аб сваім песняры. Мастакі, скульптары, паэты і празаікі прысвяцілі яму свае творы. Два наступныя раздзелы выстаўкі прысвечаны тэмам "Я.Купала і мастацтва", "З Купалам у сэрцы" (прысвячэнні Я.Купалу). Сёння яго імя носяць вуліцы, плошчы, установы, тэатр, школы, бібліятэкі, паркі Беларусі. У Мінску працуе Дзяржаўны літаратурны музей Я.Купалы, на радзіме паэта ў в. Вязынка Маладзечанскага раёна створаны мемарыяльны музей паэта, на Віцебшчыне - Купалаўскі мемарыяльны запаведнік "Ляўкі".
За лепшыя паэтычныя і драматычныя творы беларускім паэтам прысуджаецца прэмія Я.Купалы. Творчасць Я.Купалы і сёння з'яўляецца магутнай і дзейснай сілай, час не састарыў створанае паэтам. Купалаўскія чытанні, навуковыя канферэнцыі і іншыя даследчыя працы творчасці паэта прадстаўлены ў асобным раздзеле "Я.Купала і сучаснасць".
І сёння гучыць палымянае слова паэта. Вечна жывое, яно заклікае да міру ў свеце, дабрабыту і шчасця на зямлі.