З 23 па 31 мая 2005 г. у аддзеле беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі праводзіцца выстаўка, прысвечаная 75-годдзю з дня нараджэння беларускага фалькларыста, літаратуразнаўца, крытыка, кандыдата філалагічных навук, прафесара Івана Кірылавіча Цішчанкі.
Праблемы гісторыі беларускай фалькларыстыкі, жанры фальклору, міфалогія - аб'екты навуковых даследаванняў І.К. Цішчанкі.
Іван Кірылавіч - аўтар кніг: "Беларуская частушка.Пытанні генезісу жанру" (1971), "Жыццё песні" (1984), "Да народных вытокаў: Збіранне і вывучэнне беларускага фальклору ў 50-60-я гады ХІХ ст. (1986), "Беларуская фалькларыстыка: Збіранне і даследаванне народнай творчасці ў 60-х гадах ХІХ - пачатку ХХ ст." (1989, у сааўт.).
Шмат творчых сіл і энергіі аддаў вучоны падрыхтоўцы пяці тамоў з серыі "Беларуская народная творчасць": "Жартоўныя песні" (1974), "Песні пра каханне" (1978), "Сямейна-бытавыя песні" (1984), "Сацыяльна-бытавыя песні" (1987, разам з В. Скіданам), "Прыпеўкі" (1989).
І.К. Цішчанка - адзін са складальнікаў зборнікаў: "Беларускія частушкі" (1960), "Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны" (1961), "Паэзія барацьбы" (1985) і інш.
Экспазіцыю складаюць манаграфіі, зборнікі, літаратуразнаўчыя і крытычныя артыкулы, матэрыялы аб жыцці і творчасці вучонага.