Найбольш каштоўнай часткай калекцыі з’яўляюцца 9 рукапісных кніг, сярод якіх "Сборник старообрядческий" (другая палова XVIII ст.), "Праздники на крюковых нотах" і друкаваныя кнігі XVII ст., сярод якіх якіх вылучаецца "Устав Око церковное" (1610 г.).
Таксама трэба адзначыць два тамы з фундаментальнай работы па агульнай гісторыі канца XVIII ст. вядомага нямецкага гісторыка Іагана Галеты. Кожны з набытых экзэмпляраў мае свае асаблівасці, адметныя змест, пісьмо, мастацкае аздабленне, маргінальныя запісы, непаўторны знешні выгляд.
Дырэктар НББ Раман Сцяпанавіч Матульскі адзначыў: "Наша бібліятэка валодае унікальнай калекцыяй старажытных помнікаў пісьменнасці і пастаянна працуе над яе пашырэннем. Для нас вельмі важна, што ў гэтым нам дапамагаюць надзейныя партнёры, у тым ліку і кампанія British American Tabacco. Атрыманая ў дар калекцыя з 39 рэдкіх кніг папоўніць фонд аддзела, які налічвае сёння больш за 65 тысяч экзэмпляраў".
"Відавочна, што культурнае развіццё краіны ўспрымаецца як важнейшая задача не толькі супрацоўнікамі культурных устаноў, але і буйнымі кампаніямі. Ва ўсім свеце вялікі бізнес прымае самы непасрэдны ўдзел у культурным жыцці грамадства. Беларусь і яе культура таксама заслугоўваюць увагі бізнес-структур. Кампаніі, што першымі ўступаюць у гэты працэс, безмоўна, задаюць пазітыўны імпульс", - падкрэсліў Валерый Карлавіч Гедройц, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь.