Сярод плеяды слаўных імён эпохі Адраджэння адно з пачэсных месцаў належыць Міколу Гусоўскаму – прадстаўніку новалацінскай паэзіі, аднаму з заснавальнікаў жанру ліра-эпічнай паэмы ў літаратуры Усходняй Еўропы. У гісторыі сусветнай культуры ёсць нямала прыкладаў, калі сапраўднае значэнне вялікага пісьменніка суайчыннікі адкрывалі і ўсведамлялі толькі праз многія дзесяцігоддзі і нават стагоддзі. Менавіта такі лёс Міколы Гусоўскага, які атрымаў еўрапейскую славу і сапраўднае прызнанне толькі праз чатыры стагоддзі пасля смерці.
Даследчыкамі дакладна не вызначаны гады жыцця паэта. Не акрэслена пакуль што і месца на беларускай зямлі, якое дало свету геніяльнага чалавека, бо паселішчаў і рэк з назвамі Гусаў, Усава, Уса на Беларусі шмат. Адно несумненна, што паэт – выхадзец з беларускіх зямель Вялікага княства Літоўскага. Найбольш верагодна, што нарадзіўся М. Гусоўскі ў сям’і велікакняжацкага лоўчага. У той час лоўчыя былі людзі вольныя, шляхецкага паходжання, яны маглі і не мець зямельнай уласнасці, а жыць толькі са службы. З дзіцячых гадоў хлопчык прывучаўся да паляўнічай прафесіі, якая была цяжкай працай, рыцарскім заняткам, школай мужнасці, сродкам фізічнай і маральнай загартоўкі. У вопытных лоўчых навучыўся будучы паэт чытаць кнігу роднай прыроды, адкрываць тайны звярыных сцежак, ведаць прыметы, якія дазвалялі прадказваць надвор’е і паляўнічае шчасце.
Напэўна, М. Гусоўскі пайшоў бы па слядах свайго бацькі, але эпоха Адраджэння адкрыла перад людзьмі новыя магчымасці.
Будучага паэта заўважыў сакратар велікакняжацкай канцылярыі Эразм Вітэлій (Цёлка), які выявіў у юнаку дасціпны розум і спрыт, прыблізіў да сябе, павёў у краіну навукі і культуры. Першапачатковую адукацыю М. Гусоўскі атрымаў у адной з кафедральных ці царкоўнапрыходскіх школ у Беларусі, паглыбляў веды ў Вільні, Польшчы і Італіі. Не выключана, што вучыўся ён у Кракаўскім і Балонскім універсітэтах. М. Гусоўскі стаў чалавекам высокай культуры.
У 1520–1522 гг. ён у складзе пасольства Вялікага княства Літоўскага і Каралеўства Польскага пабываў у Італіі. У гэтай “калысцы Адраджэння” канчаткова сфарміравалася творчая індывідуальнасць паэта. Папа Леў X (Джавані Медзічы) быў прыхільнікам гуманістычных ідэй, велікасвецкага ладу жыцця. Менавіта па яго просьбе М. Гусоўскі ў 1522 г. стварае на лацінскай мове галоўны свой твор “Песня пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго”. Напісана паэма на лацінскай мове – на той час мове навукі, культуры, міжнародных зносін у Еўропе.
Аднак лёс твора аказаўся драматычным ад самага нараджэння: у снежні 1521 г. у час эпідэміі чумы памёр папа Леў X, а ў верасні 1522 г. – Эразм Вітэлій. З-за недахопу матэрыяльных сродкаў М. Гусоўскі павінен быў пакінуць Рым. Па дарозе дадому ён затрымаўся ў Кракаве, дзе ў 1523 г. паэма была выдадзена разам з некалькімі вершамі. Толькі ў 1855 г. твор перавыдаваўся на лацінскай мове ў Пецербургу, у 1894 г. – на польскай у Кракаве, у 1963 г. – на літоўскай у Вільнюсе. Вершаваны пераклад паэмы на рускую мову здзейснены ў 1968 г. Я. Семяжонам і Я. Парэцкім, а ў 1971 г. – рускімі паэтамі С. Куняевым і І. Шклярэўскім. У 1969 г. “Песня пра зубра” ўпершыню выдадзена на беларускай мове ў перакладзе Я. Семяжона, у 1980 г. – на лацінскай, беларускай і рускай мовах. У 1994 г. чытач змог пазнаёміцца з новым варыянтам славутага твора ў перакладзе У. Шатона.
Паэма “Песня пра зубра” – самы ўдалы твор, якому было суджана доўгае жыццё і вялікая слава. Дзякуючы таленту і багатаму жыццёваму вопыту М. Гусоўскага, яна стала песняй сэрца паэта, гімнам Бацькаўшчыне. Твор прасякнуты любоўю да роднага краю, глыбокім адчуваннем радзімы як месца адзінага і непаўторнага. Аўтар не толькі апісаў зубрыныя ловы. Ён стварыў узнёслую песню пра беларускую зямлю, пра тое, чым яна багата, пра яе людзей, іх думы і пачуцці, прыроду, жывёльны свет цудоўнага краю. Гэта споведзь пра любоў і нянавісць, жыццё і смерць, вайну і мір. Паэма заклікае сумленна жыць, змагацца за справядлівасць і праўду, весці няспынную барацьбу за мір і свабоду, за святло і шчасце.
У кракаўскі перыяд жыцця паэт напісаў і апублікаваў паэмы “Новая і слаўная перамога над туркамі” (1524) і “Жыццё і подзвігі св. Гіяцынта” (1525). На жаль, ні адзін з гэтых твораў не прыбавіў новых лаўраў у вянок паэта. Састарэлы, пакінуты лёсам і цяжка хворы, ён дажываў свае дні ў беднасці. Але да канца жыцця імкнуўся развіваць свае ідэйна-эстэтычныя прынцыпы.
Асобныя творы паэта перакладзены на польскую, літоўскую, рускую і іншыя мовы. У сувязі з 500-годдзем з дня нараджэння М. Гусоўскага яго імя ЮНЕСКА ўнесла ў каляндар памятных міжнародных дат.