A journey to New Guinea (the story “В стране райской птицы” / "In the country of the paradise bird")
“Зямны рай”
Далёка-далёка ад нас, на другім баку зямлі, можна сказаць, супраць нашых ног, на поўнач ад Аўстраліі, ляжыць вялікі востраў Новая Гвінея. На дзве з паловай тысячы кіламетраў працягнуўся ён у даўжыню і больш чым на шэсцьсот кіламетраў – у шырыню.
Гэта самы вялікі востраў на зямлі. Пяць такіх рэспублік, яе наша Беларусь, змясціліся б на ім.
Сонца паліла так, як можа паліць толькі на экватары. Гарачыя праменні нібы праразалі наскрозь усё, што ім траплялася па дарозе, – і лісце дрэў, і ваду, і зямлю. Здаецца, яны хацелі высмактаць з зямлі ўсю вільгаць, але ўсюды было столькі вады, што не сушэй рабілася, а нібы яшчэ вільгатней.
Здавалася, што паветра было якоесьці густое, як у лазні, толькі пары не было відаць. Розныя пахі адчуваліся ў ім – і кветкавыя, і пладовыя, і разам з тым гнілыя, душныя, шкодныя.
Гэта і ёсць тое першае, галоўнае, што перашкаджае прыезджым людзям жыць у гэтай краіне. Цёплая вільгаць з’яўляецца галоўнай прычынай самай пашыранай у гарачых краінах хваробы — жоўтай ліхаманкі.
Затое раслінам усё гэта вельмі спрыяе. Яны так шпарка растуць, што, здаецца, каб прыслухаўся, то мог бы ўчуць, як яны пруць з зямлі. Кожнае дрэва, куст ці травіна цягнуцца ўгору, да сонца, нібы навыперадкі. Кожная расліна стараецца адапхнуць свайго суседа і захапіць як мага больш месца пад сонцам. Слабейшыя застаюцца ўнізе, заглушаюцца і паступова марнеюць.
Вышэй за ўсіх уздымаюцца пальмы. Іх верхавіны, з лісцем даўжынёю да чатырох метраў, выглядаюць як памёлы.
А там, ніжэй, ідзе ўжо такая гушчыня, што і не разбярэш, што там расце. Праўда, большасць дрэў для нас зусім і невядомыя. Лісце вялізнае ярка-зялёнае, нібы тлустае, а кветкі проста гараць рознымі колерамі. Нават наша папараць расце тут як дрэва, велічынёю з сасну. Бліжэй да вады размясціліся так званыя мангравыя дрэвы, карэнні ад якіх уздымаюцца ўверх вышэй за рост чалавека, так што можна пад імі хадзіць.
Некаторыя расліны з-за недахопу месца і святла прыладзіліся на чужым карку і п’юць сок з другога дрэва. Самымі распаўсюджанымі з іх з’яўляюцца ліяны, якія, нібы вяроўкі таўшчынёю з руку, пераблыталі ўвесь лес. Нават адна парода пальмаў, так званая ратангавая, таксама прыстасавалася жыць на чужы кошт.
Можна было толькі заўважыць, што жывёл мала ў гэтым лесе. І праўда, на Новай Гвінеі звяроў амаль што няма, калі не лічыць некалькіх парод, з якімі мы яшчэ сустрэнемся.
Сярод гэтага лесу на поўдзень цячэ рэчка – павольна, ціха. Розныя затокі і адтокі разыходзяцца ва ўсе бакі, – відаць, што рака канчаецца, што блізка павінна быць мора.
Па баках, як сцяна, стаіць высокі бамбук. Дзікія качкі капошацца там. На мангравым корані тырчыць белая чапля. Відаць, ніхто іх тут не чапае. Нікога няма навакол. “...”
Жыццё папуасаў
Як мы ўжо адзначалі, папуасы не складалі якой-небудзь дзяржавы. Жылі яны паасобку, сваімі родамі, не мелі сталых зносін з суседзямі, а калі сустракаліся з імі, дык большай часткай у сварцы.
Часта дужэйшы род падначальваў сабе бліжэйшыя ваколіцы, але хутка магло быць наадварот, і адносіны ўвесь час мяняліся.
Род Какаду налічваў чалавек чатырыста народу, разам з жанчынамі і дзецьмі. Хаціны іх былі раскіданы па абодвух берагах маленькага ручая, на ўзгорках. Большасць будынкаў стаяла проста на зямлі, і толькі некаторыя былі пабудаваны на невысокіх слупках. Стрэхі – з плеценага пальмавага лісця, сцены — з галля; зразумела, ніякіх акон не было, толькі адна дзіра, якая служыла дзвярмі. Дзверы гэтыя ніколі не зачыняліся, бо не было каму і не было чаго красці.
Толькі адзін больш вялікі дом меў “дзверы”: бок скрыні ад тавараў з англійскімі надпісамі. Як і калі трапіў сюды гэты “кавалак цывілізацыі” – невядома. Не ведаў, мусіць, і сам гаспадар дома, правадыр роду.
Але найбольш выдатны быў другі будынак, велізарны, на высокіх слупах і з высокай вежай, нібы царква. На канцы вежы развяваўся пук пер’я какаду – знак усяго роду.
Гэта была цікавейшая ўстанова папуасаў – “ум-камаль”, які можна было б параўнаць з нашым клубам. Тут жылі нежанатыя мужчыны, а жанчыны нават і блізка не падпускаліся.
Тут адбываліся розныя сходы і нарады; сюды прыходзілі госці і падарожнікі (вядома, толькі мужчыны); тут мужчыны праводзілі ўвесь свой час, курылі, ляжалі, спявалі.
І цяпер тут было досыць народу, а ў другіх месцах вёскі зусім мала.
Асабліва кідалася ў вочы адсутнасць жанчын. Па вуліцы бадзяліся свінні і сабакі, якія мелі права свабодна заходзіць ва ўсе хаты. Відаць было яшчэ некалькі курэй, якіх жыхары трымаюць галоўным чынам дзеля пер’я. І больш ніякіх адзнак гаспадаркі, нават ані кавалка апрацаванай зямлі. “...”
Папуаскія агароды звычайна знаходзяцца далёка ад сялібы, часам за тры-чатыры кіламетры, у больш вільготных месцах, бо самі яны селяцца ў сушэйшых. Падрыхтоўваюць зямлю ўсе агулам, талакой, і тут ужо галоўным чынам працуюць мужчыны. Праца гэта пры іх умовах страшэнна цяжкая: трэба высечы, выкарчаваць ці выпаліць лес, перакапаць зямлю, зрабіць які-небудзь плот, – і ўсё гэта блізка што голымі рукамі, калі не лічыць розных там сукоў, каменных сякер, касцяных нажоў і толькі, можа, на ўвесь род некалькіх сапраўдных сякер і нажоў.
“Ворыва” адбываецца такім чынам: мужчыны становяцца ў рад з каламі ў руках. Яны ўбіваюць гэтыя калы ў зямлю як мага глыбей, потым разам нахіляюць іх і выварочваюць груды зямлі.
За імі ідуць жанчыны. Яны разбіваюць груды маленькімі драўлянымі рыдлёўкамі і выбіраюць карэнні і траву. За імі ідуць дзеці. Яны ўжо канчаткова пераціраюць зямлю рукамі.
Гэтая праца выконваецца талакой. А потым ужо кожная сям’я робіць сабе грады паасобку.
Але, зрабіўшы гэтую працу, мужчыны лічаць сябе вольнымі ад усіх іншых гаспадарчых абавязкаў. Далей працуюць ужо толькі жанчыны, а мужчыны, як мы бачылі, “адпачываюць”. Жанчына з’яўляецца нібы карыснай хатняю жывёлінай, і багатым лічыцца той бацька, які мае больш дачок…
Разводзяць яны какосавую пальму, таро, бананы, ямс (як проса), тытунь. У кожную пару года што-небудзь паспявае, так што гаспадары карыстаюцца свежымі пладамі і гароднінай круглы год. Але цяжкія ўмовы працы не даюць ім пазбыцца голаду і галечы. “...”
(Янка Маўр. Аповесць “У краіне райскай птушкі”.Мастак А. Абрамаў.)