ГалоўнаяБiблiятэкарамБібліятэчна-бібліяграфічныя класіфікацыйныя сістэмыБібліятэчна-бібліяграфічная класіфікацыя (ББК)

Бібліятэчна-бібліяграфічная класіфікацыя (ББК)

Бібліятэчна-бібліяграфічная класіфікацыя (ББК) – нацыянальная ўніверсальная класіфікацыйная сістэма Расіі. Распрацоўвалася і падтрымліваецца ўнутры краіны сіламі вучоных і спецыялістаў Расійскай Федэрацыі. У яе змесце і структуры ўсебакова адлюстраваны пытанні расійскай гісторыі, геаграфіі, этнаграфіі, эканомікі, культуры, мовы, права і многіх іншых прадметных галін.

У Беларусі шырока прымяняецца ў сетцы масавых бібліятэк і ў бібліятэках вышэйшых навучальных устаноў.

Актуальнымі для выкарыстання з'яўляюцца Сярэднія табліцы ББК і Скарочаныя табліцы ББК ў 1 томе, якія распрацоўвае Навукова-даследчы цэнтр развіцця бібліятэчна-бібліяграфічнай класіфікацыі (НДЦ ББК) Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі (Масква, Расійская Федэрацыя). Па стане на 2019 г. выйшла 8 выпускаў Сярэдніх табліц ББК.

Заказы на выданні варта накіроўваць у кнігагандлёвую фірму “Эўрыка-М”:

220017 г. Мінск, а/я 48, УП “Эўрыка-М”.
Тэлефон для даведак: (8 017) 305 78 44.
E-mail: eurica_m@tut.by

Да ведама бібліятэк, якія выкарыстоўваюць у сваёй рабоце
Сярэднія табліцы Бібліятэчна-бібліяграфічнай класіфікацыі

05.11.2019

Выйшла ў свет 8-е выданне табліц “Библиотечно-библиографическая классификация. Средние таблицы. Выпуск 8. 1, А Междисциплинарное знание. 9 Я Литература универсального содержания. Типовые деления общего применения”. Выпуск восьмы Сярэдніх табліц аб’ядноўвае табліцы новага аддзела класіфікацыі “1 Междисциплинарное знание”, дапоўненыя і выпраўленыя табліцы аддзела “9 Литература универсального содержания” і новую рэдакцыю табліц Тыпавых дзяленняў агульнага прымянення.


10.12.2018

Выйшла ў свет 7-е выданне табліц “Библиотечно-библиографическая классификация. Средние таблицы. 2 Б/Е Естественные науки: практическое пособие”.

Выпуск сёмы Сярэдніх табліц змяшчае новую рэдакцыю аддзелаў хімічных і біялагічных навук. Фізіка-матэматычныя навукі зведалі невялікую рэдакцыю і дапоўнены новымі напрамкамі сучасных ведаў. У табліцах значна змяніўся аддзел навук аб Зямлі. У дадатку да выпуску дадзена табліца класіфікацыі картаграфічных выданняў у скарочаным выглядзе.


07.02.2018

Выйшла ў свет выданне "Дополнения и исправления к Библиотечно-библиографической классификации. Средние таблицы. Вып. 4. 7 Ч. Культура. Наука. Просвещение. Раздел «74.5 Специальные (коррекционные) школы. Коррекционная (специальная) педагогика»: инструктивно-методические рекомендации № 1".

Дадзенае выданне ахоплівае ўсе галіны карэкцыйнай педагогікі ў той жа паслядоўнасці, што і Сярэднія табліцы ББК. У новай рэдакцыі істотна пашырана дэталізацыя галін спецыяльнай педагогікі, уключаны новыя праблемы і паняцці, удакладнены пытанні размежавання класіфікацыйных дзяленняў як унутры падраздзела, так і з іншымі аддзеламі класіфікацыі.

Інструктыўна-метадычныя рэкамендацыі прызначаны для арганізацыі фондаў і каталогаў універсальных навуковых бібліятэк, спецыялізаваных бібліятэк і бібліятэк педагагічных ВНУ.

Заказы на выданне "Дополнения и исправления к Библиотечно-библиографической классификации. Средние таблицы. Вып. 4. 7 Ч. Культура. Наука. Просвещение. Раздел «74.5 Специальные (коррекционные) школы. Коррекционная (специальная) педагогика»: инструктивно-методические рекомендации № 1" трэба накіроўваць у кнігагандлёвую фірму “Эўрыка-М”.


09.02.2017

Выйшла з друку 5-е выданне табліц “Библиотечно-библиографической классификации (ББК) для детских и школьных библиотек” агульным тыражом 2 000 экзэмпляраў.

Пятае выданне табліц для дзіцячых і школьных бібліятэк грунтуецца на Скарочаных табліцах ББК, узгодненых з апублікаванымі выпускамі Сярэдніх табліц ББК. У новым выданні больш дэталізаваны некаторыя падраздзяленні педагогікі, псіхалогіі, гігіены і прафілактыкі здароўя, сацыяльнай аховы дзяцінства.

Табліцы прызначаны для арганізацыі фондаў і каталогаў у дзіцячых і школьных бібліятэках усіх сістэм і ведамстваў, а таксама для бібліятэк, якія ажыццяўляюць сумеснае абслугоўванне дарослых і дзяцей.

Заказы на выданне “Таблицы библиотечно-библиографической классификации: таблицы для детских и школьных библиотек” патрэбна накіроўваць у кнігагандлёвую фірму “Эўрыка-М”.


18.10.2016

Выйшаў з друку дапаможнік Э.Р. Сукіясяна “Таблицы библиотечно-библиографической классификации. Организация и технология использования” тыражом 500 экз.

У выданні разгледжаны пытанні выкарыстання табліц ББК, рэдагавання картачных і электронных каталогаў, занясення змяненняў у сістэматычную расстаноўку фондаў. Дапаможнік прызначаны для бібліятэк, якія выкарыстоўваюць як Сярэднія, так і Скарочаныя табліцы ББК, а таксама табліцы для дзіцячых і школьных бібліятэк.

Заказы на практычны дапаможнік “Таблицы библиотечно-библиографической классификации. Организация и технология использования” трэба накіроўваць у кнігагандлёвую фірму “Эўрыка-М”.


28.10.2015

Выйшаў з друку практычны дапаможнік “Библиотечно-библиографическая классификация. Сокращенные таблицы”.

Скарочаныя табліцы ББК – гэта кніга для ўсіх відаў бібліятэк, выдавецтваў, а таксама ў дапамогу чытачам у якасці даведніка па лагічнай структуры фондаў і каталогаў.

Скарочаныя табліцы ББК заменяць Рабочыя табліцы ББК для масавых бібліятэк, апублікаваныя ў 1997–1999 гг. Новае выданне табліц ББК выйшла ў адным томе з алфавітна-прадметным паказальнікам.

Распаўсюджванне тыражу пачалося са жніўня 2015 года.

Заказы на практычны дапаможнік “Библиотечно-библиографическая классификация. Сокращенные таблицы” патрэбна накіроўваць у кнігагандлёвую фірму “Эўрыка-М”.


12.12.2013

Выйшаў у свет чарговы, 6-ты выпуск Сярэдніх табліц Бібліятэчна-бібліяграфічнай класіфікацыі, які змяшчае аддзел /Ж/О 3 “Тэхніка. Тэхнічныя навукі”.

Шосты выпуск Сярэдніх табліц змяшчае новую рэдакцыю аддзелаў тэхнікі і тэхнічных навук. Усе раздзелы прамысловых тэхналогій, будаўніцтва, транспарту дапоўнены дзяленнямі для адлюстравання новай праблематыкі, абноўлена тэрміналогія, упарадкавана структура табліц, удакладнены сувязі і размежаванні шэрагу міждысцыплінарных праблем і напрамкаў.

Распаўсюджванне тыражу – з 1 кастрычніка 2013 года.

Заказы на 6-ты выпуск Сярэдніх табліц ББК накіроўвайце ў кнігагандлёвую фірму “Эўрыка-М”:


20.11.2012

Выйшаў у свет чарговы, 5-ты выпуск Сярэдніх табліц Бібліятэчна-бібліяграфічнай класіфікацыі, які змяшчае аддзел 80/82 "Філалагічныя навукі. Мастацкая літаратура. Мастацтва. Мастацтвазнаўства. Рэлігія. Філасофскія навукі. Псіхалогія".

У дадатку да пятага выпуску размешчаны: табліца моўных тыпавых дзяленняў, табліца класіфікацыі нотных выданняў і табліца класіфікацыі выяўленчых выданняў.

Заказы на 5-ты выпуск Сярэдніх табліц ББК накіроўвайце ў кнігагандлёвую фірму "Эўрыка-М".


14.10.2011

Выйшаў у свет чарговы, 4-ты выпуск Сярэдніх табліц Бібліятэчна-бібліяграфічнай класіфікацыі, які змяшчае аддзел 7 "Культура. Навука. Асвета".

Праца над выпускам доўжылася на працягу шэрагу гадоў на аснове Агульнай канцэпцыі і праграмы мадэрнізацыі ББК. Аб’ём выпуску (разам з паказальнікам) – больш за 300 старонак. Значная частка табліц мае новую структуру, змяніўся змест табліц, абнавілася іх тэрміналогія.

Заказы на 4-ты выпуск Сярэдніх табліц ББК накіроўвайце ў кнігагандлёвую фірму "Эўрыка-М".


15.06.2011

Здадзены ў друк чарговы 4-ты выпуск Сярэдніх табліц Бібліятэчна-бібліяграфічнай класіфікацыі, які ўключае аддзел 7 "Культура. Навука. Асвета".

У 4-м выпуску публікуюцца раздзелы: 71 "Культура. Культуралогія"; 72 "Навука. Навуказнаўства"; 74 "Адукацыя. Педагагічныя навукі"; 75 "Фізічная культура і спорт"; 76 "Сродкі масавай інфармацыі (СМІ). Кніжная справа"; 77 "Культурна-забаўляльная дзейнасць"; 78 "Бібліятэчная, бібліяграфічная і навукова-інфармацыйная дзейнасць"; 79 "Ахова помнікаў гісторыі і культуры. Музейная справа. Выставачная справа. Архіўная справа".

Вялікая частка табліц, якія выдаюцца, адрозніваецца новай структурай, зместам і абноўленай тэрміналогіяй.

Выхад з друку плануецца ў жніўні 2011 г. Аператыўная інфармацыя на сайце Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі (раздзел "Выданні").


01.04.2010

4-е выданне табліц Бібліятэчна-бібліяграфічнай класіфікацыі (ББК) для дзіцячых і школьных бібліятэк (Библиотечно-библиографическая классификация: Таблицы для детских и школьных библиотек. – 4-е изд., испр. и доп. – М.: Либерея-Бибинформ, 2008. – 320 с.) можна набыць у кнігагандлёвай фірме "Эврика-М" і ў УП "Бібліятэчны калектар".

Табліцы прызначаны для арганізацыі фондаў, каталогаў і картатэк у дзіцячых і школьных бібліятэках усіх сістэм і ведамстваў, а таксама ў бібліятэках, якія абслугоўваюць як дарослых, так і дзяцей.

У чацвёртым выданні ўзбагаціўся паняційны апарат табліц, які ўвабраў у сябе мноства новых тэм, праблем, з’яў, адлюстраваў змены ў навуцы і практыцы.

Гэта выданне ў поўнай меры паказвае змены, унесеныя ў 1-шы, 2-гі і дадатковыя выпускі Сярэдніх табліц ББК. Шмат змен (у параўнанні з выданнем 1998 г.) у табліцах тэрытарыяльных тыпавых дзяленняў дадзенага выдання: абноўлены назвы асобных адміністрацыйных тэрыторый Расійскай Федэрацыі, названы неадміністрацыйныя тэрыторыі і эканамічныя раёны, ад іх дадзены адсылкі да абласцей і краёў, якія ў іх уваходзяць. У табліцах агульных тыпавых дзяленняў таксама адбыліся змены: уведзены новыя дзяленні, зменены фармулёўкі шэрагу дзяленняў. Напрыклад, вызначаны новы індэкс "я" (фармальныя агульныя тыпавыя дзяленні), які дазваляе выдзеліць матэрыял па форме выдання.

Меншыя змены ў дадзеным выпуску зазналі цыклы гуманітарных, тэхнічных і прыродазнаўчых навук з-за таго, што гэты аддзелы табліц яшчэ не перавыдаваліся ў Сярэдніх табліцах ББК.


28.10.2008

Абвешчана паўторная падпіска на 4-е, выпраўленае і дапоўненае, выданне "Библиотечно-библиографическая классификация. Таблицы для детских и школьных библиотек". Спецыялізаваны варыянт табліц ББК прызначаны для арганізацыі фондаў, каталогаў і картатэк у дзіцячых і школьных бібліятэках усіх сістэм і ведамстваў, а таксама ў публічных бібліятэках, якія абслугоўваюць як дарослых, так і дзяцей.

Падпіска на выпуск ББК праводзіцца па каталогах РУП паштовай сувязі "Белпошта" за I паўгоддзе 2009 года "Издания Российской Федерации. Издания Украины".

Для прадпрыемстваў і арганізацый падпісны індэкс – 803202, кошт падпіскі на 6 мес. – 29 858 руб., для індывідуальных падпісчыкаў падпісны індэкс – 80320, кошт падпіскі на 6 мес. – 29 760 руб.


04.08.2008

Выйшаў з друку 3-ці выпуск Сярэдніх табліц Бібліятэчна-бібліяграфічнай класіфікацыі:

Библиотечно-библиографическая классификация : Средние таблицы: практическое пособие / Рос. гос. б-ка, Рос. нац. б-ка, Б-ка Рос. акад. наук. - М.: ЛИБЕРЕЯ-БИБИНФОРМ, 2007. Вып 3. 4 / 5 П / Р Сельское и лесное хозяйство. Сельскохозяйственные и лесохозяйственные науки. Здравоохранение. Медицинские науки. - 400 с.

Сярэднія табліцы ББК прызначаны для сістэматызацыі літаратуры ў бібліятэках розных тыпаў і відаў: універсальных навуковых, вышэйшых навучальных устаноў, галіновых і спецыялізаваных. Табліцы могуць быць выкарыстаны ў практыцы работы цэнтральных бібліятэк ЦБС і спецыялізаваных навучальных устаноў, што рыхтуюць бібліятэчныя кадры.

Выпуск трэці змяшчае перапрацаваныя раздзелы медыцыны, сельскай і лясной гаспадаркі. Абнаўленне закранула і навуковы змест, і структуру табліц. У новых табліцах павялічана дэталізацыя раздзелаў, уключаны шэраг дадатковых тыпавых дзяленняў, удакладнена размежаванне з іншымі аддзеламі ББК.

Набыць неабходны выпуск гэтай мадэлі класіфікацыі можна праз УП "Бибколлектор" і кнігагандлёвую фірму "Эўрыка-М".

Інфармацыю аб усіх зменах у ББК і новых выпусках Сярэдніх табліц адсочвайце на інтэрнэт-партале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама ў прафесійным часопісе "Бібліятэчны свет" (рубрыка "Калонка сістэматызатара").

Акрамя таго,пра гісторыю, сучасны стан і перспектывы развіцця ББК можна даведацца на сайце Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі.


03.05.2008

Абвешчана падпіска на выданне "ББК. Таблицы для детских и школьных библиотек". Прапанаванае вашай увазе 4-е выданне, выпраўленае і дапоўненае, уяўляе сабой спецыялізаваны варыянт ББК для арганізацыі фондаў, каталогаў і картатэк бібліятэк розных відаў, што абслугоўваюць дзяцей.

Падпіска на гэты выпуск праводзіцца па каталогах РУП паштовай сувязі "Белпошта" за ІI паўгоддзе 2008 года "Издания Российской Федерации. Издания Украины".

Для прадпрыемстваў і арганізацый падпісны індэкс – 715992, кошт падпіскі на 6 мес. – 30 840 руб. (у т.ч. ПДВ – 4704,41), для індывідуальных падпісчыкаў падпісны індэкс – 71599, кошт падпіскі на 6 мес. – 30 760 руб.


23.04.2008

Дзяржаўная публічная навукова-тэхнічная бібліятэка Расіі (ДПНТБ Расіі) прапануе базу даных Бібліятэчна-бібліяграфічнай класіфікацыі (ББК), якая з’яўляецца поўным электронным выданнем табліц ББК для масавых бібліятэк.

Кожны запіс базы даных змяшчае індэкс, найменне рубрыкі, спасылкі і метадычныя ўказанні.

Пошук у базе можа ажыццяўляцца як па графе на поўную глыбіню, так і па індэксах асобных табліц і па ключавых словах.

Інтэрфэйс забяспечаны зручнымі сродкамі адбору індэксаў і пабудовы пэўных індэксаў з наступным іх пераносам у бібліяграфічнае апісанне, створанае пры дапамозе любой аўтаматызаванай бібліятэчна-інфармацыйнай сістэмы.

База даных створана і распаўсюджваецца ДПНТБ Расіі і Расійскай дзяржаўнай бібліятэкай (РДБ) на падставе двухбаковага дагавора.

Для набыцця баз даных неабходна заключыць дагавор з ДПНТБ Расіі, для складання якога трэба паведаміць наступныя звесткі:

  • поўнае і скарочанае найменне арганізацыі;
  • пасада, прозвішча, імя і імя па бацьку кіраўніка;
  • найменне дакумента, на падставе якога дзейнічае кіраўнік (напр., статут);
  • поўны паштовы адрас з індэксам і поўныя банкаўскія рэквізіты арганізацыі;
  • пасада, прозвішча, імя, імя па бацьку і кантактныя звесткі асобы, адказнай за выкарыстанне базы даных (тэл., e-mail, факс – для адпраўлення рахунку).

Кошт базы даных – 2 900 расійскіх рублёў (без уліку ПДВ).

Штогадовае абнаўленне базы даных – 12 % ад кошту дагавора.
Заказы з поўнай інфармацыяй аб заказчыку адпраўляць на адрас:
107996, Масква, К-31, ГСП-6, вул. Кузнецкі мост, д.12, ДПНТБ Расіі, пам. 514
Тэлефон для даведак: (495) 623 85 46, факс: (495) 621 98 62
E-mail: lingv@gpntb.ru


04.12.2007

Прапануем вашай увазе даведку аб сучасным стане і перспектывах працы па вядзенні ББК, прадстаўленую Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі галоўным рэдактарам ББК Эдуардам Рубенавічам Сукіясянам.

У адпаведнасці з "Агульнай канцэпцыяй і праграмай мадэрнізацыі Бібліятэчна-бібліяграфічнай класіфікацыі на 2002–2010 гг." асноўныя намаганні НДЦ ББК засяроджаны на выкананні прыярытэтнай задачы – завяршэнні распрацоўкі і выданні Сярэдніх табліц ББК. Працы па навуковым і тэхнічным рэдагаванні, падрыхтоўцы паказальнікаў, афармленні арыгінал-макета цалкам праводзяцца сіламі штатных супрацоўнікаў НДЦ ББК.

Сярэднія табліцы. Апублікавана 3 кнігі (выпускі 1–2 і дадатковы), якія ахопліваюць цалкам цыкл сацыяльных (грамадскіх) навук і табліцы тыпавых дзяленняў агульнага ўжывання. Завяршаецца праца над выпускам 3-х табліц па медыцыне і сельскай гаспадарцы (выхад у свет – 1 кв. 2008 г. Выдавецкі цыкл не перавышае 2–3 месяцаў.

У 2008 г. будуць здадзены ў друк табліцы па цыкле гуманітарных навук (вып. 4), у 2009 г. – табліцы па цыкле тэхнічных навук (вып. 5), у 2010 г. – выпускі табліц па прыродазнаўчых навуках (вып. 6) і вып. 7, у якім будуць апублікаваны ўпершыню табліцы па раздзеле "Агульнанавуковыя і міждысцыплінарныя веды" і перапрацаваны раздзел "Літаратура ўніверсальнага зместу", а таксама дапоўнены і выпраўлены табліцы тыпавых дзяленняў агульнага ўжывання (якія замяняюць раней апублікаваны "Дадатковы выпуск" Сярэдніх табліц). Паралельна рыхтуецца зводны алфавітна-прадметны паказальнік (які, верагодна, зойме па аб’ёме два выпускі 8 і 9) і вып. 10 "Уводзіны ў ББК", які завершыць выданне.

Поўныя табліцы ББК. НДЦ ББК вядзе базу даных (БД) эталона поўных табліц ББК, у аснову якога пакладзены табліцы для навуковых бібліятэк 1960–1968 гг. У БД эталона прадстаўлены:

  • цыкл прыродазнаўчых навук (Б, В, Г, Д, Е);
  • цыкл тэхнічных навук (Ж, З, І, К, Л, М, Н, А);
  • часткова з цыкла прыкладных навук – раздзел медыцыны (Р);
  • цыкл сацыяльных (грамадскіх) навук (С, Т, У, Ф, Х, Ц);
  • тыпавыя дзяленні агульнага ўжывання.

Адсутнічаюць у БД:

  • цыкл гуманітарных навук (Ч, Ш, Шч, Э, Ю);
  • раздзел сельскай гаспадаркі (П);
  • раздзел "Агульнанавуковыя і міждысцыплінарныя веды" (А);
  • раздзел "Літаратура ўніверсальнага зместу" (Я).

Адсутныя ў БД эталона раздзелы будуць у ім прадстаўлены адразу ж пасля выхаду ў свет адпаведных выпускаў Сярэдніх табліц.

Раздзелы, што выйшлі з друку выпускаў Сярэдніх табліц (цыкл сацыяльных (грамадскіх) навук і табліцы тыпавых дзяленняў агульнага ўжывання) сфарміраваныя ў БД эталона адразу ж пасля выхаду ў свет Сярэдніх табліц.

Скарочаныя табліцы. Табліцы для дзіцячых і школьных бібліятэк. Па плане гэтыя варыянты табліц могуць быць падрыхтаваны пасля поўнага завяршэння выдання Сярэдніх табліц ББК (г.зн. рэальна ў 2011–2012 гг.). Аднак, у сувязі са значнай патрэбай сеткі бібліятэк у такіх варыянтах, НДЦ ББК разглядае магчымасці падрыхтоўкі (у якасці часавага выхаду з сітуацыі) выданні табліц з увядзеннем у іх часткова раздзелаў, перапрацаваных у адпаведнасці з Сярэднімі табліцамі ББК.

Напрамкі аўтаматызацыі. У канцы 2007 г. здадзены ў эксплуатацыю АРМ распрацоўшчыка класіфікацыйных сістэм, што дазваляе прыступіць да рэалізацыі наступных крокаў па прадстаўленні карыстальнікам аператыўнай інфармацыі аб стане БД эталона ББК (з праглядам табліц і выгрузкай запытаных фрагментаў БД у фармаце РУСМАРК для класіфікацыйных даных).

Кансультацыйна-метадычная работа. НДЦ ББК вядзе ў аператыўным рэжыме (E-mail: bbk@rsl.ru) кансультаванне бібліятэк-карыстальніц па методыцы індэксавання, а таксама адказвае за пытанні, што задаюць на форуме СКБР. Галоўны рэдактар ББК (e-mail: sukias@rsl.ru ) пастаянна дае кансультацыі па пытаннях арганізацыі і тэхналогіі засваення табліц.

Пастаянная сувязь падтрымліваецца з цэнтральнымі бібліятэкамі суб’ектаў федэрацыі. Сярэднія табліцы ББК па цыкле сацыяльных (грамадскіх) навук ужо практычна ўкаранёныя ў працу ўсіх нацыянальных, краявых, абласных бібліятэк (па частцы раздзелаў праца працягваецца). Прыкладна 10–15% бібліятэк арганізавалі новы шэраг, астатнія пераклалі (або перакладаюць) каталогі, папярэдне вызваліўшы фонды ад састарэлай літаратуры.

На дакладна вызначанае галоўным рэдактарам пытанне падчас нарады ў Маскве ў кастрычніку 2006 г.: які шлях найбольш мэтазгодны для падрыхтоўкі наступных выпускаў табліц: хутчэй выдаць іх з найменшымі зменамі або выдаваць не спяшаючыся, імкнучыся адлюстраваць у табліцах новыя з’явы, паняцці, сучасную практыку, усе ўдзельнікі выбралі другі варыянт. Пасля гэтага НДЦ ББК прыняў рашэнне спачатку выдаць табліцы па медыцыне і сельскай гаспадарцы, а затым – табліцы па гуманітарных навуках, што патрабуюць паглыбленай працы".


08.10.2007

Ужо аб’яўлена падпіска на 3-ці выпуск Сярэдніх табліц Бібліятэчна-бібліяграфічнай класіфікацыі:

Библиотечно-библиографическая классификация. Средние таблицы: практическое пособие / Рос. гос. б-ка, Рос. нац. б-ка, б-ка Рос. акад. наук. - Вып. 3. Сельское и лесное хозяйство. Сельскохозяйственные и лесохозяйственные науки. Здравоохранение. Медицинские науки.

Сярэднія табліцы ББК прызначаны для сістэматызацыі літаратуры ў бібліятэках розных тыпаў і відаў: універсальных навуковых, вышэйшых навучальных устаноў, галіновых і спецыялізаваных. Табліцы могуць быць выкарыстаны ў практыцы работы цэнтральных бібліятэк ЦБС і спецыялізаваных навучальных устаноў, якія рыхтуюць бібліятэчныя кадры.

У выпуск 3 увайшлі раздзелы:

  • Сельская і лясная гаспадарка.
  • Сельскагаспадарчыя і лесагаспадарчыя навукі.
  • Ахова здароўя.
  • Медыцынскія навукі.

Падпіска на гэты выпуск праводзіцца па каталогах Белпошты за ІІ паўгоддзе 2007 года "Издания Российской Федерации. Издания Украины". eurika_m@tut.by

Для прадпрыемстваў і арганізацый падпісны індэкс – 467022, кошт падпіскі на 6 мес. – 22 589 руб. (у т.л. ПДВ – 3446, 07), для індывідуальных падпісчыкаў падпісны індэкс – 46702, кошт падпіскі на 6 мес – 22 540.
Акрамя падпіскі, набыць неабходны выпуск дадзенай мадэлі класіфікацыі можна праз УП "Бибколлектор" (тэл.: (8 017) 296 64 29) і кнігагандлёвую фірму "Эврика-М" (тэл./факс: (8 017) 254 91 26, (8 029) 400 33 58, 313 78 44).

Інфармацыю пра ўсе змяненні ў ББК і новыя выпускі Сярэдніх табліц адсочвайце на інтэрнэт-партале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама ў прафесійным часопісе "Бібліятэчны свет" (рубрыка "Калонка сістэматызатара").
Акрамя таго, пра гісторыю, сучасны стан і перспектывы развіцця ББК можна даведацца на сайце Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі.


01.10.2007

Разумеючы неабходнасць і складанасць працэсу ўкаранення ў практыку працы бібліятэк сеткі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Сярэдніх табліц Бібліятэчна-бібліяграфічнай класіфікацыі (ББК), прапанаваны Вашай увазе артыкул галоўнага рэдактара ББК Э.Р. Сукіясяна «Новый раздел ББК "Библиотечная и информационная деятельность. Библиотечная и информационная наука". Новое содержание, новая структура», а таксама вопыт бібліятэкараў Расійскай Федэрацыі з навуковай бібліятэкі Арлоўскага дзяржаўнага тэхнічнага універсітэта па пераводу каталогаў і фондаў бібліятэк на Сярэднія табліцы ББК – даклад Дземьянчука Т.В.


10–12 кастрычніка 2006 года ў Маскве,у Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы (РДБ), адбылася Усерасійская нарада бібліятэк – метадычных цэнтраў "Сярэднія табліцы ББК. Арганізацыя, методыка, тэхналогія выкарыстання", на якой разглядаліся актуальныя пытанні практыкі сучаснай каталагізацыі.

Быў разгледжаны вопыт па ўкараненні Сярэдніх табліц у практыку работы бібліятэк Расіі, а таксама пытанні камплектавання фондаў выданнямі ББК. Вялікая ўвага была нададзена праблеме паўнаты адлюстравання фондаў у сістэматычных каталогах, асаблівасцям апрацоўкі літаратуры на замежных мовах, а таксама адпаведнасці алфавітна-прадметнага паказальніка сучасным патрабаванням.

Дакументы нарады друкуюцца ў двух выпусках (у кніжнай і электроннай форме) і ахоўваюцца Законам аб аўтарскім праве. Цытаванне дазваляецца з абавязковай спасылкай на крыніцу.

Выпуск 1. Ключавы даклад галоўнага рэдактара ББК Э.Р. Сукіясяна для ўдзельнікаў нарады (М., 2006. – 71 с.) (файл MS Word, 730 Kb)
Выпуск 2. Матэрыялы і рэкамендацыі (М., 2006. – 27 с.) (файл MS Word, 253 Kb)

Даклад "Перевод фондов и каталогов библиотеки на новые таблицы ББК: задачи, проблемы, решения", заслуханы на пасяджэнні круглага стала.


Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты