ГалоўнаяПра бiблiятэкуВыдавецкая прадукцыя бібліятэкі

Выдавецкая прадукцыя бібліятэкі

Рыхтуюцца да выхаду чарговыя выпускі зборнікаў "Бібліятэчны веснік", "Здабыткі" і часопіса "Бібліятэчны свет". Запрашаем да супрацоўніцтва даследчыкаў кніжнай культуры і спецыялістаў у галіне бібліятэчнай справы і інфармацыйных тэхналогій.

pdf.png Тэмплан выпуску інфармацыйных выданняў на 2019 год.
pdf.pngТэмплан выпуску інфармацыйных выданняў на 2018 год
Друкаваныя выданні 2018
BiblioKansultant.jpg

Нацыянальныя дакументы Беларусі: методыка і тэхналогія сучаснай бібліятэчнай працы (серыя “БібліяКансультант”)

Адказны за выпуск Градоўкіна І.У.

Навукова-метадычнае выданне ўтрымлівае матэрыялы пра бібліяграфічную і аб‘ектаграфічную інфармацыю ў пошукавых сістэмах бібліятэк, пра адлюстраванне нацыянальных аб‘ектаў у нацыянальнай базе даных аўтарытэтных запісаў і іншыя тэмы, а таксама метадычныя рашэнні па адборы і ідэнтыфікацыі нацыянальных дакументаў у складаных і неадназначных выпадках.

Выданне выпускаецца з мэтай навукова-практычнага і навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці бібліятэк у галіне нацыянальнай і краязнаўчай бібліяграфіі.

Wesnik_10_red.jpg

Бібліятэчны веснік: зборнік артыкулаў. Вып. 10

Адказны за выпуск Пшыбытка М.Г.

Чарговы выпуск навуковага зборніка прысвечаны пытанням фарміравання сучаснай бібліятэчна-інфармацыйнай прасторы, перспектывам развіцця бібліятэк.

Прызначаны спецыялістам у галіне бібліятэчнай справы і інфармацыйных тэхналогій, выкладчыкам, аспірантам і магістрантам, кіраўнікам органаў упраўлення культуры.

Bibl svet 2017_1_oblojka-1.jpg

Бібліятэчны свет: часопіс*

Галоўны рэдактар Кірухіна Л.Г.

Часопіс, заснавальнікамі якога з’яўляюцца Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Беларуская бібліятэчная асацыяцыя, выдаецца з мэтай навукова-практычнага і навукова-метадычнага забеспячэння бібліятэчнай справы, а таксама раскрыцця творчага і навуковага патэнцыялу спецыялістаў у галіне бібліятэчнай справы і інфармацыйных тэхналогій.

Прадстаўляе інтарэс для тых, хто вывучае бібліятэчную справу, гісторыю, краязнаўства і культуру Беларусі.

* Падпіска на часопіс праводзіцца па каталогу Белпошты “Газеты и журналы Республики Беларусь”. Індэксы выдання – 74895 (інд.), 748952 (вед.).

Bukvar.jpg

Буквар

Адказны за выпуск Суша А.А.

Выданне з’яўляецца факсімільным узнаўленнем першага “Буквара”, які пабачыў свет 24 ліпеня 1618 г. у друкарні Віленскага Свята-Духава праваслаўнага брацтва ў мястэчку Еўе.

“Буквар” – адзіны ў сваім родзе помнік асветніцкай думкі Беларусі, найбольш ранні друкаваны дапаможнік для пачатковага навучання грамаце. Выданне заклікана садзейнічаць папулярызацыі найлепшых узораў кніжнай культуры беларускага народа, захаванню яго духоўнай спадчыны.

Камплект складаецца з трох кніг.


Выданні Францыска Скарыны ў свеце: зводны каталог

Адказны за выпуск Кірэева Г.У.

Прадстаўлены бібліяграфічныя апісанні асобнікаў друкаваных выданняў, што дазваляе сабраць рэпертуар кніг, надрукаваных Францыскам Скарынам. Выданні беларускага першадрукара ўяўляюць найкаштоўнейшы пласт культурнай спадчыны беларускага народа і з’яўляюцца базавымі крыніцамі для кнігазнаўчых, філалагічных і культуралагічных даследаванняў. Іх улік дасць магчымасць раскрыць іх месцазнаходжанне і колькасць у розных краінах свету.

zdabitki_21_zialiony.jpg

Здабыткі: дакументальныя помнікі на Беларусі. Вып. 21

Адказны за выпуск Кірэева Г.У.

У чарговым выпуску навуковага зборніка будуць адлюстраваны матэрыялы па праблемах вывучэння, захавання і выкарыстання дакументальнай спадчыны Беларусі, гісторыі рукапіснай і друкаванай кнігі, архіўных дакументаў, бібліятэчнай справы, бібліяграфазнаўства, культуралогіі, падрыхтаваных беларускімі і замежнымі даследчыкамі кніжнай культуры. Зборнік артыкулаў з’яўляецца навуковым выданнем, якое рэцэнзуецца і ўключана ў Пералік навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў па педагагічных, гістарычных навуках і культуралогіі. Матэрыялы зборніка ўводзяць у навуковы ўжытак унікальныя дакументальныя помнікі, новыя дакументы, факты і звесткі, звязаныя з гісторыяй кнігі і культуры Беларусі, і будуць карыснымі ўсім, хто цікавіцца нашай спадчынай.

Listi_da_Jazefiny.jpg

Лісты да Жазефіны. Ваенныя шляхі французскага афіцэра 1805–1812 гг.

Адказны за выпуск Сцебурака А.М.

Кніга з’яўляецца рэканструкцыяй жыццёвага шляху французскага афіцэра Шарля-Філіпа Фіта дэ Сусі – удзельніка шматлікіх ваенных кампаній Напалеона ў 1805–1812 гг. Асаблівае месца ў выданні займае апошні год жыцця афіцэра – удзел у вайне 1812 г.: драматычны і насычаны падзеямі эпізод, які, безумоўна, найбольш цікавы беларускаму чытачу.

Кніга абапіраецца на шматлікія дакументальныя сведчанні, якія захоўваюцца ў зборах Беларусі і Францыі. Асноўная гістарычная крыніца, якая дазваляе аднавіць падзеі, – унікальная калекцыя лістоў Шарля-Філіпа да жонкі Жазефіны, якая зберагаецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Першы этап працы завяршыўся выданнем лістоў дэ Сусі (Stébouraka A., Mas F.A., Charles-Philippe Fitte de Soucy (1776–1813): Lettres d'un officier Napoléonien.../ A., Stébouraka F.A., Mas. – Paris, Vitrines d'Archives, 2015. – 150 p.). Працягам даследавання стала прапанаваная манаграфія, якая дэталёва знаёміць беларускага чытача з ваеннымі прыгодамі французскага афіцэра.

Кніга – вынік супрацоўніцтва беларускага і французскага бакоў. Яе аўтары – Анатоль Сцебурака, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, загадчык навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, і Франсуаза-Альбярціна Мас, гісторык, член “Асацыяцыі сяброў архіваў” (Парыж).

Materialy kongressa V.jpg

Материалы V Международного конгресса “Библиотека как феномен культуры”

Адказны за выпуск Есіс Н.С.

Зборнік змяшчае матэрыялы V Міжнароднага кангрэса “Бібліятэка як феномен культуры”, які праводзіць Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Публікуюцца даклады вядомых спецыялістаў нацыянальных і найбуйнейшых бібліятэк, навукова-даследчых устаноў, прадстаўнікоў іншых арганізацый, навуковых устаноў Беларусі і замежных краін, прысвечаныя актуальным пытанням развіцця бібліятэчнай справы.

Матэрыялы публікуюцца ў аўтарскай рэдакцыі.

knigaznauchyia_mat_14.jpg

Матэрыялы ХІV Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, прысвечаных 400-годдзю выдання першага Буквара

Адказны за выпуск Кірэева Г.У.

Зборнік складаецца з матэрыялаў ХІV Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, якія ладзяцца ў красавіку 2018 г. Артыкулы будуць прысвечаны гісторыі кніжнай культуры, падыходам да захавання, вывучэння і папулярызацыі дакументальнай спадчыны, прадэманструюць унікальнасць беларускай кніжнай культуры і агульнасць культурнай спадчыны Беларусі і іншых краін.

nowye_knigi_1_2018_foto.jpg

Новыя кнігі: па старонках беларускага друку**

Адказны за выпуск Градоўкіна І.У.

Штомесячны ўніверсальны бібліяграфічны бюлетэнь інфармуе пра новыя кнігі беларускіх выдавецтваў, найбольш значныя артыкулы з рэспубліканскай перыёдыкі, а таксама рэцэнзіі на беларускія выданні.

У якасці дадаткаў друкуюцца біяграфічныя спісы або агляды, прысвечаныя значным гістарычным падзеям і актуальным пытанням сучаснага развіцця Беларусі, “Беларускі каляндар, … год”, а таксама матэрыялы да юбілеяў выдатных дзеячаў краіны, шэрагу арганізацый і ўстаноў, што складаюць аснову эканомікі, культуры, навукі і асветы Беларусі.

Прызначаны ў дапамогу прафесійнай дзейнасці работнікаў бібліятэк, іншых культурных і асветных устаноў, а таксама студэнтам, навучэнцам і ўсім неабыякавым да гісторыі, культуры і сучаснага жыцця сваёй краіны, тым, хто адчувае неабходнасць аператыўна атрымліваць патрэбную інфармацыю для павышэння агульнай і прафесійнай адукацыі, самаадукацыі і арганізацыі вольнага часу.

** Падпіска на часопіс праводзіцца па каталогу Белпошты “Газеты и журналы Республики Беларусь”. Індэксы выдання – 74972 (інд.), 749722 (вед.).

Tyshkevich_opisanie_borisovskogo_uezda.jpg

Описание Борисовского уезда

Адказны за выпуск Суша А.А.

Кніга ўяўляе сабой адно з першых навуковых даследаванняў г. Барысава і павета, гісторыю яго ўзнікнення і развіцця.

Аўтар выдання – граф Яўстафій Тышкевіч, маршалак Барысаўскага павета, беларускі археолаг, гісторык, этнограф, краязнавец, музеязнавец, адзін з заснавальнікаў беларускай навуковай археалогіі, ганаровы член Пецярбургскай акадэміі навук, член Дацкага таварыства аматараў паўночных старажытнасцей, Лонданскага археалагічнага інстытута, стакгольмскай Каралеўскай акадэміі мастацтваў і старажытнасцей, які больш за дзесяць гадоў збіраў крыніцы па гісторыі, культуры Барысаўскага рэгіёна.

У кнізе, упершыню выдадзенай у 1847 г. на польскай мове ў Вільні, даецца апісанне Барысаўскага павета з пункту гледжання гісторыі, геаграфіі, статыстыкі, прамысловасці, адукацыі, медыцыны, веравызнання. Гэта ўнікальнае краязнаўчае даследаванне, дзе кожны факт і дата вывераны, добрасумленна прааналізаваны і аргументаваны.

Выдадзеная больш за паўтара стагоддзя назад, кніга і цяпер актуальная і будзе запатрабавана спецыялістамі сферы культуры і мастацтва, музейнымі работнікамі, гісторыкамі, экскурсаводамі, выкладчыкамі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў – усімі, каму неабыякавы лёс роднага краю, малой Радзімы.

Rukovodstvo.jpg

Руководство по определению читательского спроса на издания современных белорусских авторов

Адказны за выпуск Пшыбытка М.Г.

Выданне знаёміць з асноўнымі этапамі станаўлення літаратурнага працэсу Беларусі, існуючымі падыходамі да вызначэння храналагічных межаў перыядаў развіцця беларускай літаратуры, з сучасным этапам яе развіцця, прапануе інтэрпрэтацыю паняцця “сучасны беларускі аўтар” і змяшчае падрабязнае пакрокавае апісанне арганізацыі вывучэння чытацкага попыту на выданні сучасных беларускіх аўтараў у бібліятэках краіны пры дапамозе розных метадаў.

Выданне адрасавана спецыялістам бібліятэк, выкладчыкам, аспірантам, магістрантам, студэнтам, а таксама ўсім, хто цікавіцца вывучэннем попыту на сучасную беларускую літаратуру.

Sbornik_Reha.jpg

Рэха беларускіх кнігазбораў: лёсы прыватных бібліятэк: зборнік артыкулаў

Адказны за выпуск Рошчына Т.І.

Суцэльных гістарычных беларускіх кнігазбораў – кляштарных, вучэбных, грамадскіх, прыватных – да сённяшняга часу ў Беларусі не захавалася; можна знайсці толькі большыя ці меншыя іх рэшткі, часам даволі вялікія комплексы, дагэтуль малавывучаныя. Яны захоўваюцца ў шматлікіх бібліятэках Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, іншых краінах Еўропы.

Вывучэнне прыватных кнігазбораў Беларусі, цікавага і шматаспектнага феномена, сёння набывае міждысцыплінарны характар, да гэтай тэмы звяртаюцца гісторыкі, культуролагі, філолагі, спецыялісты бібліятэчнай справы і інш.

Прапанаваны зборнік прадстаўляе матэрыялы па гісторыі некаторых прыватных кніжных калекцый Беларусі, пачынаючы з XVІ ст. і амаль да нашага часу. Ён складаецца з 26 артыкулаў і дадатку – бібліяграфічнай рэканструкцыі прыватнай бібліятэкі Жабаў (маёнтак Шо, Віцебшчына). Частка артыкулаў ужо была апублікавана, але ў малатыражных і маладаступных крыніцах, якія сёння з цяжкасцю можна знайсці нават у самых буйных бібліятэках. Артыкулы дапрацаваны з улікам новых знаходак і вынікаў апошніх даследаванняў. Сярод аўтараў – вядомыя вучоныя і даследчыкі, гісторыкі, філолагі, кнігазнаўцы, бібліятэкары з Беларусі, Расіі, Польшчы: М. Нікалаеў, Г. Галенчанка, А. Мальдзіс, Ю. Лабынцаў, В. Скалабан, У. Мархель і інш. Артыкулы прысвечаны гісторыі як вядомых беларускіх кнігазбораў – Радзівілаў, Сапегаў, Храптовічаў, так і маладаследаваных – Саламона Рысінскага, Юзефа Жабы, Георгія Каніскага і інш.

Даследаванне беларускіх кнігазбораў як фактаў культуры – гэта аднаўленне важнай крыніцы для вывучэння нацыянальнай гісторыі і культуры, сапраўднае вяртанне нашай спадчыны.

Электронныя выданні 2018

1000-goddze-Bresta.jpg

1000-годдзе Брэста: праз прызму старадаўніх дакументаў

Адказны за выпуск Градоўкіна І.У.

На кампакт-дыску прадстаўлены (у выглядзе бібліяграфічнай, паўнатэкставай, фактаграфічнай інфармацыі) дакументы і матэрыялы, прысвечаныя гісторыі аднаго з самых старажытных гарадоў Беларусі.

Выданне падрыхтавана сумесна з Брэсцкай абласной бібліятэкай імя М. Горкага, Брэсцкім дзяржаўным універсітэтам імя А.С. Пушкіна, кафедрай крыніцазнаўства гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Нацыянальным гістарычным архівам Рэспублікі Беларусь у межах прыкладной навукова-даследчай работы “Віртуальная рэканструкцыя дакументаў і матэрыялаў па рэгіянальнай гісторыі Беларусі”.

Прызначана для навуковых работнікаў, выкладчыкаў, студэнтаў і аспірантаў, краязнаўцаў, бібліятэкараў, супрацоўнікаў музеяў і архіваў, аматараў айчыннай гісторыі.

stanaylenne_1.jpg

Станаўленне беларускай дзяржаўнасці: па старонках беларускіх газет 1917–1922 гг.

Адказны за выпуск Гарбачова Л.В.

Электроннае выданне прысвечана надзвычай складанаму, супярэчліваму, але вельмі важнаму перыяду ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці на пачатку ХХ ст. Бурлівыя падзеі гэтага перыяду знаходзілі адлюстраванне на старонках шматлікіх газет, якія выходзілі як на тэрыторыі сучаснай Беларусі, так і ў Вільні, Пецярбургу, іншых рэгіёнах.

На дыску прадстаўлены электронныя копіі беларускіх газет 1917–1922 гг. з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, іншых арганізацый і ўстаноў.

Разлічана на шырокае кола карыстальнікаў, якія цікавяцца гісторыяй Беларусі.

111