ГалоўнаяМерапрыемствыРодная мова – духоўная спадчына народа
Вяртанне да спадчыны
Кнігалюб, кнігазнавец, крытык

Родная мова – духоўная спадчына народа

Родная мова – духоўная спадчына народа
Іншыя Мерапрыемствы
16 лютага – 28 сакавіка
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
пам. 207
Месца правядзення

З 16 лютага па 28 сакавіка ў аддзеле абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі (пам. 207) адкрыта тэматычная выстава “Родная мова – духоўная спадчына народа”, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы.

Гэты Дзень быў заснаваны рашэннем 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 года (30С/62) і штогод адзначаецца 21 лютага пачынаючы з 2000 года. У лютым 2002 года на сваёй 56-й сесіі Генеральная асамблея ААН, падкрэсліўшы важнасць культурнай і моўнай разнастайнасці, падтрымала рашэнне ЮНЕСКА аб абвяшчэнні Міжнароднага дня роднай мовы (рэзалюцыя № Α/RES/56/262) і заклікала ўсе дзяржавы падтрымаць і актывізаваць мерапрыемствы, накіраваныя на садзейнічанне павазе, на падтрымку і абарону ўсіх моў народаў свету, лінгвістычнай разнастайнасці і шматмоўя.

Прапанаваная ўвазе карыстальнікаў выстава пазнаёміць чытача з разнастайнасцю моў свету, а таксама з тымі намаганнямі, якія робяць урады, установы сістэмы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, арганізацыі грамадзянскай супольнасці для захавання, павагі, папулярызацыі і абароны моў, асабліва тых, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Асобным раздзелам прадстаўлена літаратура аб палітыцы нашай дзяржавы па падтрымцы і развіцці беларускай мовы.

На выставе прадстаўлена каля 100 публікацый на рускай, беларускай, англійскай і нямецкай мовах: кнігі, перыядычныя выданні, брашуры, буклеты, мімеаграфаваныя матэрыялы.

Сярод экспануемых дакументаў – энцыклапедыі і даведнікі аб мовах народаў свету, міжнародныя нарматыўна-прававыя акты, накіраваныя на абарону нацыянальных моў і моў нацыянальных меншасцей, матэрыялы навуковых канферэнцый і даследаванняў, манаграфіі, у якіх разглядаецца роля мовы ў захаванні і развіцці матэрыяльнай і духоўнай спадчыны народа.

Экспазіцыя ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:

  • Адзін свет – разнастайнасць моў
  • Паходжанне мовы, мова і яе роля ў захаванні духоўнай спадчыны
  • Мова і свядомасць. Філасофія мовы
  • Міжнародныя нарматыўна-прававыя акты аб мовах
  • Мова, грамадства, адукацыя і праблемы міжкультурнай камунікацыі
  • Мова і шматмоўе ў эпоху глабалізацыі і глабальных камунікацыйных сетак
  • Моўная палітыка і перспектывы развіцця беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь

Выстава будзе цікавая лінгвістам, філолагам, супрацоўнікам устаноў культуры і мастацтва, гісторыкам, а таксама шырокаму колу чытачоў, якія цікавяцца беларускай мовай, а таксама моўнай і культурнай разнастайнасцю.

Штогадовае святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы набывае асаблівае значэнне і дае спрыяльныя магчымасці для разгортвання ініцыятыў па падтрымцы і абароне ўсіх моў, асабліва тых, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Любая дзейнасць па садзейнічанні распаўсюджванню роднай мовы дапаможа не толькі лінгвістычнай разнастайнасці і шматмоўю, але і больш поўнаму разуменню моўных і культурных традыцый ва ўсім свеце, а таксама салідарнасці на аснове разумення, памяркоўнасці і дыялогу.

Карысныя спасылкі:

Дакументы:

Час работы выставы адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 34.

Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі.



Бібліятэкарам