АКРАБАТЫКА СПАРТЫЎНАЯ

Спартыўная акрабатыка – від спорту, у якім гімнасты спаборнічаюць сярод жаночых, змешаных і мужчынскіх пар, жаночых троек і мужчынскіх чацвёрак у выкананні акрабатычных скачкоў і практыкаванняў.

Гісторыя ўзнікнення і развіццё ў свеце

Слова “акрабат” пайшло ад грэчаскага “акрабатэс”, што азначае “хаджу на дыбачках, лезу наверх”. Акрабатыка як від фізічных практыкаванняў узнікла ў глыбокай старажытнасці. Выявы, якія захаваліся на помніках, посудзе і фрэсках, сведчаць аб тым, што гэты від спорту быў вядомы ў Старажытным Егіпце за 2 300 гадоў да н.э. Займаліся акрабатычнымі практыкаваннямі і ў Старажытнай Грэцыі. На Крыце нароўні з тэатралізаванымі працэсіямі, звязанымі з уборкай ураджаю і рознымі цырымоніямі, праводзіліся гульні з быкамі, часткай якіх былі акрабатычныя практыкаванні.

Акрабат Старажытнага Егіпта. 2300–2000 гг. да н.э.
Крыніца: падручнік “Акрабатыка”

Акрабатычныя практыкаванні на быку, які рухаецца. 1580–1450 гг. да н.э.
Крыніца: падручнік “Акрабатыка”



У Старажытным Рыме акрабатычныя практыкаванні дэманстравалі вандроўныя артысты, якія паказвалі і іншыя нумары: хаджэнне па канаце, дрэсіроўку, складаныя практыкаванні на гнуткасць, скокі на рухомым ганчарным крузе. У эпоху Адраджэння Венецыянская рэспубліка ладзіла “конкурсы жывой архітэктуры”, дзе ўдзельнікі спаборнічалі ў пабудове акрабатычных пірамід.

На Русі акрабатыка карысталася вялікім поспехам і складала абавязковую частку забаўляльных відовішчаў. Старажытнарускія скамарохі былі танцорамі, фокуснікамі, жанглёрамі і акрабатамі.

У канцы XVIII ст. акрабатычныя практыкаванні ў цырках Еўропы сталі неад'емнай часткай цыркавых паказаў, а ў XIX ст. – часткай нацыянальных гімнастычных сістэм. Пазней акрабатыка развівалася двума шляхамі – прафесійна-цыркавым і спартыўна-аматарскім. У цырку з'явілася акрабатыка на конях, сілавая акрабатыка, вальтыжная (плечавая) акрабатыка, “карыйскія гульні” і скачковая акрабатыка (са снарадамі і без іх).

Спартыўны кірунак акрабатыкі звязаны з уключэннем акрабатычных элементаў у гімнастыку, пераносам акрабатычных практыкаванняў на снарады і ўзнікненнем гурткоў аматараў акрабатыкі.

Першая сусветная і Грамадзянская вайны надоўга затрымалі развіццё акрабатыкі. Упершыню турнір па акрабатычных скачках быў уключаны ў праграму спаборніцтваў па гімнастыцы Х Алімпійскіх гульняў у 1932 г. Кубак свету па спартыўнай акрабатыцы ўпершыню быў разыграны ў 1975 г. На Алімпіядах 1996 і 2000 гг. праводзіліся паказальныя спаборніцтвы па гэтым відзе спорту.



Развіццё спартыўнай акрабатыкі на тэрыторыі Беларусі

У сярэдзіне 1920-х гг. у Мінску існавала група аматараў акрабатыкі, якая выступала з нумарамі сілавой акрабатыкі, эквілібрыстыкі і эксцэнтрыкі ў дамах культуры і рабочых клубах.

Групы для заняткаў акрабатыкай дзейнічалі ў Гомелі ў даваенныя гады. У 1939 г. гамяльчанін Аляксандр Гінзбург прымаў удзел у чэмпіянаце рэспублікі па акрабатычных скачках. Заслужаны трэнер БССР Аляксандр Гінзбург падрыхтаваў больш за 30 майстроў спорту, сярод якіх першы выканаўца падвойнага сальта з піруэтам Віктар Радзянка, трэнеры Рыгор Роберман, Леанід Радзянка, Жанна Юшко.

Развіццё спартыўнага кірунку акрабатыкі пачалося ў Мінску ў канцы 1940-х гг. на кафедры гімнастыкі Беларускага дзяржаўнага інстытута фізічнай культуры. У 1947–1968 гг. старшынёй федэрацыі акрабатыкі і старшым трэнерам зборнай каманды Беларусі быў выкладчык БДУФК Міхаіл Цэйцін.

Міхаіл Цэйцін
Крыніца: http://mishpoha.org


Міхаіл Цэйцін – удзельнік фізкультурнага парада ў Маскве (1939)
Крыніца: часопіс “Свет спорту”



У 1951 г. адкрываецца Віцебскі тэхнікум фізічнай культуры. У ім былі падрыхтаваны майстры спорту па акрабатыцы Ігар Крапін, Яўген Руды, Мікалай Бабкін, Пётр Чарапанаў і інш. У 1960–1980-х гг. працу па падрыхтоўцы віцебскіх акрабатаў працягнулі Уладзімір Швальбо і Сямён Бляхман. Іх выхаванцы – Аляксандр Маскаленка, Вольга Вешацькова, Нэлі Шэрман, Аляксандр Якушаў – годна прадстаўлялі Беларусь на рэспубліканскіх і ўсесаюзных першынствах, а пазней сталі таленавітымі трэнерамі.

З пачатку 1970-х гг. заслужаны трэнер Беларусі Леанід Янушка падрыхтаваў больш за 20 акрабатаў – майстроў спорту. Яго выхаванцы Людміла Булыга, Ірына Лайша, Ірына Кавальчук, Ігар і Віталь Чарсуновы выйгравалі першынствы Беларусі, станавіліся пераможцамі і прызёрамі ўсесаюзных спартакіяд.

Развіццё спартыўнай акрабатыкі на сучасным этапе

На чэмпіянаце Еўропы 1996 г. беларуская мужчынская пара Далнікоўскі – Багдасараў выйграла бронзавыя медалі. Сярэбранымі прызёрамі чэмпіянатаў Еўропы ў 1999 і 2001 гг. станавілася мужчынская чацвёрка ў складзе Аляксея Буйнякова, Дзяніса Маскаленка, Руслана Залескага і Уладзіміра Малюціна. Гэтая ж каманда заваявала бронзавыя ўзнагароды чэмпіянату свету у 1999 г.

У 2008 г. на чэмпіянаце свету залатыя медалі заваявала жаночая пара Аліна Юшко і Кацярына Мурашка, бронзавыя ўзнагароды – жаночая тройка ў складзе Марыі Гіруць, Таццяны Мотуз і Аліны Старэвіч. На чэмпіянаце свету 2012 г. Яна Янусік і Святлана Міхневіч заваявалі сярэбраныя медалі ў жаночых парных спаборніцтвах. Бронзу чэмпіянату свету заваявала мужчынская пара Руслан Федчанка – Яўген Калачоў і жаночае трыа Юлія Каваленка – Ганна Кобызева – Юлія Хрыпач.

У 2013 г. акрабатычныя двойка ў складзе Маргарыты Барташэвіч і Вікторыі Міхновіч стала сярэбраным прызёрам чэмпіянату Еўропы, трыа Кобызева – Каваленка – Хрыпач выйграла бронзавы медаль, мужчынская чацвёрка ў складзе Кірыла Шатава, Эдуарда Валчэцкага, Кірыла Ждановіча і Арцёма Хвалько заваявала дзве сярэбраныя і адну бронзавую ўзнагароды. Бронзавых узнагарод ва ўсіх трох дысцыплінах чэмпіянату ўдастоіліся мужчынская пара Ілья Рыбінскі – Яўген Новікаў. У 2014 г. Яўген Новікаў і Ілья Рыбінскі былі сярэбранымі прызёрамі чэмпіянату свету, а ў 2016 г. заваявалі бронзавыя медалі.

У кастрычніку 2016 г. беларускія атлеты выйгралі дзве залатыя ўзнагароды на трэцім этапе Кубка свету. На найвышэйшую прыступку п'едэстала гонару падымаліся жаночае трыа Юлія Івончык – Вераніка Набокіна – Карына Сандовіч і змешаная пара Артур Белякоў – Вольга Мельнік. На чэмпіянаце свету 2016 г. у Кітаі Маргарыта Барташэвіч і Вікторыя Міхновіч сталі сярэбранымі прызёрамі ў спаборніцтвах пар, а ў спаборніцтвах груп каманда ў складзе Карыны Сандовіч, Веранікі Набокінай і Кацярыны Барысевіч заваявала бронзавыя ўзнагароды. Па выніках спаборніцтваў каманда Беларусі стала бронзавым прызёрам чэмпіянату свету.

У красавіку 2018 г. сярэбраныя медалі чэмпіянату свету заваявала змешаная пара Ганна Касьян і Канстанцін Еўстафеев і жаночае трыа Івончык – Набокіна – Сандовіч, што дазволіла Беларусі заняць 3-е месца ў камандным турніры.

Выдатна выступіла зборная Беларусі па спартыўнай акрабатыцы на этапах Кубка свету па спартыўнай акрабатыцы ў сакавіку 2019 г. у Партугаліі і ЗША. Юлія Івончык, Вераніка Набокіна і Карына Сандовіч заваявалі залатыя і бронзавыя медалі ў спаборніцтвах жаночых троек, Сафія Бельмач, Дар'я Немарская і Ангеліна Цюха сталі сярэбранымі прызёрамі. Серабро ў спаборніцтвах змешаных пар заваявалі Артур Белякоў і Вольга Мельнік, а Арцём Яшчанка і Аляксей Заяц сталі бронзавымі прызёрамі сярод мужчынскіх пар.

Лагатып Беларускай асацыяцыі гімнастыкі
Крыніца: http://www.bga.by/


Папулярызацыяй і развіццём спартыўнай акрабатыкі ў Рэспубліцы Беларусь, падрыхтоўкай спартсменаў, арганізацыяй і правядзеннем рознага роду спаборніцтваў займаецца грамадская арганізацыя “Беларуская асацыяцыя гімнастыкі” (ГА “БАГ”). Яна аб'ядноўвае спартсменаў, трэнераў, суддзяў і спецыялістаў па гімнастычны відах спорту: спартыўнай гімнастыцы, мастацкай гімнастыцы, акрабатыцы, спартыўнай аэробіцы, скачках на батуце і аздараўленчай гімнастыцы. Афіцыйны сайт: http://www.bga.by/


Чэмпіёны і прызёры І Еўрапейскіх гульняў

Удалым стала выступленне беларускай каманды па спартыўнай акрабатыцы на І Еўрапейскіх гульнях у Баку ў 2015 г. Кацярына Барысевіч, Вераніка Набокіна і Карына Сандовіч сталі трэцімі ў групавых кручэннях, групавым балансе і жаночым мнагабор'і.

Кацярына Барысевіч, Вераніка Набокіна, Карына Сандовіч – бронзавыя прызёры І Еўрапейскіх гульняў
Крыніца: http://www.noc.by




Карына Сандовіч
Крыніца: https://www.belta.by/sport/view/


Карына Сандовіч (11.09.1999, г. Мінск). Майстар спорту міжнароднага класа па спартыўнай акрабатыцы, шматразовы прызёр чэмпіянатаў Еўропы, пераможца і прызёр этапаў Кубка свету (2016, 2017, 2018, 2019), срэбны (2018) і бронзавы (2016) прызёр чэмпіянатаў свету, трохразовы бронзавы прызёр І Еўрапейскіх гульняў (2015).


Кацярына Барысевіч
Крыніца: https://www.belta.by/sport/view/


Кацярына Барысевіч (12.06.1995, г. Мінск). Майстар спорту міжнароднага класа па спартыўнай акрабатыцы, бронзавы прызёр чэмпіянату свету (2016), трохразовы бронзавы прызёр І Еўрапейскіх гульняў (2015).


Вераніка Набокіна
Крыніца: https://www.belta.by/sport/view/


Вераніка Набокіна (17.10.1995, г. Гомель). Майстар спорту міжнароднага класа па спартыўнай акрабатыцы, шматразовы прызёр чэмпіянатаў Еўропы, пераможца і прызёр этапаў Кубка свету (2016, 2017, 2018, 2019), срэбраны (2018) і бронзавы (2016) прызёр чэмпіянатаў свету, трохразовы бронзавы прызёр І Еўрапейскіх гульняў (2015).

Крыніцы інфармацыі, выкарыстаныя ў праекце

Літаратура:

  1. Коркин, В. П. Юбилей спортивной акробатики : История, факты, люди / В. П. Коркин, Ассоциация любительского и профессионального спорта «Кубань». – Краснодар : Краснодарское книжное издательство, 1993. – С. 15–27, 98–112.
  2. Рябушко, В. Витебские акробаты : развитие акробатики на Витебщине / Валерий Рябушко ; Витебское областное отделение Общественного объединения Белорусской федерации акробатики. – Витебск : Витебская областная типография, 2007. – 43 с.

Інфармацыйныя рэсурсы:

  • Общественная организация «Белорусская ассоциация гимнастики» (БАГ) http://www.bga.by/rus/sport_acrobat/about/
  • Учреждение «Специализированная детско-юношеская школа олимпийского резерва по прыжкам на батуте и акробатике» г. Минск http://minskacrobatut.by/
  • Государственное учреждение «Специализированная детско-юношеская школа олимпийского резерва по спортивной гимнастике и акробатике главного управления спорта и туризма Мингорисполкома» http://minsksport.by/sdushoracrobatics
  • Европейский центр гимнастики г. Минск http://sportgym.by/
  • Учреждение «Брестская специализированная детско-юношеская школа олимпийского резерва профсоюзов по акробатике и бадминтону» http://sportfpb.by/katalog/summer/uchrezhdenie-brestskaya-specialaizrovannaya-detsko-yunosheskaya-shkola-olimpijskogo-rezerva-profsoyuzov-po-akrobatike-i-badmintonu
  • Государственное учебно-спортивное учреждение «Витебская специализированная детско-юношеская школа олимпийского резерва № 1» http://sportshkola1.by/acroinfo.html
  • Государственное учреждение «Специализированная детско-юношеская школа олимпийского резерва № 4 г. Гомеля» http://www.sdushor4.guo.by/treneryi/akrobatika
  • Государственное специализированное учебно-спортивное учреждение «Могилёвская городская СДЮШОР "Багима" им. О.Г. Мищенко» http://bagima.by/akrobatika-sportivnaya




Бібліятэкарам