САМБА

САМБА (абрэвіятура, утвораная ад словазлучэння “САМаабарона Без Зброі”) – гэта не толькі від спартыўнага адзінаборства і комплексная сістэма самаабароны, але і сістэма выхавання, якая спрыяе развіццю маральна-валявых якасцей.

Гісторыя ўзнікнення і развіццё ў свеце

Гісторыя нараджэння самба бярэ пачатак у 20-х гадах мінулага стагоддзя ў Расіі. Яно было створана на аснове народных відаў барацьбы з выкарыстаннем навыкаў дзюдо. З’яўляецца роднасным відам вольнай і грэка-рымскай спартыўнай барацьбы.

Родапачынальнікамі стварэння самаабароны былі Віктар Афанасьевіч Спірыдонаў, Васіль Сяргеевіч Ашчэпкаў і Анатоль Аркадзьевіч Харлампіеў. Яны ўдасканалілі і адаптавалі тэхніку рукапашнага бою.

Віктар Спірыдонаў
Крыніца: http://izsambo.by

Васіль Ашчэпкаў
Крыніца: http://izsambo.by

Анатоль Харлампіеў
Крыніца: http://izsambo.by


Афіцыйным днём нараджэння барацьбы самба прынята лічыць 16 лістапада 1938 года – дзень прызнання самба новым відам спорту.

“Кох” – момант сутычкі з армянскай нацыянальнай барацьбы
Крыніца: кніга «Чемпионат мира по борьбе»

Самба налічвае каля пяці тысяч прыёмаў абароны і нападзенняў, узятых з барацьбы і іншых відаў адзінаборстваў: азербайджанскага “гюлеш”, армянскага “кох”, казахскага “курэс”, малдаўскага “трынты”, фінска-французскай, вольна-амерыканскай, швейцарскай барацьбы, японскага дзюдо і сумо.

У лістападзе 1939 г. у Ленінградзе ўпершыню праведзена асабістае першынство СССР па самба, якое сабрала 56 барцоў.

Праз год пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны ў 1946 г. аднавіліся чэмпіянаты СССР.

У 60-я гг. паспяховыя выступленні савецкіх самбістаў прывялі да папулярнасці самба за мяжой. Змяніўшы куртку самба на японскае кімано, самбісты Савецкага Саюза перамагалі саміх родапачынальнікаў дзюдо. Сцяпанаў Алег, Чыквіладзэ Парнаоз, Багалюбаў Арон, Кікнадзэ Анзор сталі бронзавымі прызёрамі Такійскай Алімпіяды 1964 г.

У 1966 г. на кангрэсе Міжнароднай федэрацыі аматарскай барацьбы (FILA – Fédération Internationale des Luttes Associées) самба афіцыйна прызнаецца міжнародным відам спорту.

У 1972 г. праходзіць першы адкрыты чэмпіянат Еўропы, а ў 1973-м – чэмпіянат свету, у якім прынялі ўдзел спартсмены з 11 краін.

У 1977 г. самбісты ўпершыню выступаюць на Панамерыканскіх гульнях; у гэтым жа годзе ўпершыню разыгрываецца Кубак свету па самба. У 1979-м праводзіцца першы чэмпіянат свету сярод моладзі, а праз два гады – першы чэмпіянат свету сярод жанчын.

Гісторыя развіцця жаночага самба

У 1968 г. у Маскве ў 17-й школе на праспекце Міра пад кіраўніцтвам заслужанага трэнера РСФСР Льва Барысавіча Турына была арганізавана група жаночага самба.

У гасцях у выхаванак Льва Турына старшыня камісіі самба FILA Джэкаб (Вялікабрытанія). Масква, 1969
Крыніца: кніга «Самбо для женщин»

Паступова жаночае савецкае самба стала заваёўваць пазіцыі ў многіх краінах, і, нарэшце, атрымала ўсеагульнае прызнанне.

У 1982 г. былі праведзены першыя нацыянальныя чэмпіянаты сярод жанчын у краінах Амерыкі і Еўропы – Венесуэле, Іспаніі, ЗША, Аргенціне.

У 1983 г. у Мадрыдзе адбыўся першы іспана-амерыканскі турнір. У гэтым жа годзе прадстаўнікі прыгожага полу дэбютавалі на IX Панамерыканскіх гульнях. З 1984 г. сталi праводзіцца чэмпіянаты Еўропы і свету.

Нягледзячы на тое, што родапачынальніцай гэтага віду спорту з’яўляецца Расія, толькі у 1987 г. афіцыйна быў праведзены I Усерасійскі турнір па самба, які сабраў прадстаўнікоў 17 краёў і абласцей РСФСР.

У 1989 г. праведзены першы чэмпіянат СССР па жаночым самба.

Развіццё самба на тэрыторыі Беларусі

На тэрыторыі БССР свой шлях самба пачало ў канцы 1930-х гг. Першыя спартыўныя секцыі з’явіліся ў Мінску, Гомелі, Бабруйску і Барысаве.

Віталь Сянько праводзіць трэніроўку з групай сваіх першых вучняў

Пасля Вялікай Айчыннай вайны ля вытокаў развіцця самба стаялі Міхаіл Іванавіч Люнас і Уладзілен Мікалаевіч Жогін. У 1946 г. Люнас стварыў секцыю самбістаў пры таварыстве “Дынама” ў Мінску і арганізаваў падрыхтоўку для ўсіх супрацоўнікаў міліцыі. У 1952 г. Жогін арганізаваў секцыі самба пры Мінскім аўтазаводзе і ў інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі (БІМСХ). З канца 1950-х гг. яго справу паспяхова працягнулі Віталь Сянько, Сямён Туманаў, Анатоль Карага – заслужаныя трэнеры СССР і БССР.

Першы асабісты чэмпіянат краіны прайшоў у 1949 г. у Мінску. Яго пераможцамі сталі мінчане Рыгор Юхнавец, Аляксей Бабінок, Мікалай Ваўчкоў, Васіль Бялкоў, Мікалай Анціпаў і магілёвец Мікалай Талкачоў.

Першыя медалі на чэмпіянатах СССР заваявалі Уладзімір Шайко і Сямён Лісафін. У 1967 г. беларуская зборная стала чацвёртай на камандным чэмпіянаце СССР.

З фінальных спаборніцтваў VI Спартакіяды народаў СССР 1975 г. Валерый Кардаполаў і Анатоль Жуланаў вярнуліся з бронзавымі медалямі. У гэтым жа годзе Кардаполаў становіцца срэбраным медалістам чэмпіянату свету па самба.

У 1975 г. старшым трэнерам беларускай зборнай становіцца заслужаны трэнер Туркменіі Мікалай Макараў. У канцы 1975-га зборная каманда БССР становіцца трэцяй на Кубку СССР.

Магамед Рамазанаў, Антон Новік (стаяць), Валерый Каракулька, Віктар Бухвал з заслужаным трэнерам Рэспублікі Беларусь Яўгенам Агейчыкам.
Крыніца: часопіс «Самбо – наша жизнь»

На VII летняй Спартакіядзе народаў СССР у 1979 г. зборная Беларусі ўпершыню трапіла ў тройку лепшых каманд, а 18-гадовы Віталь Пясняк стаў пераможцам гэтых спаборніцтваў.

З 1980 г. старшым трэнерам зборнай Беларусі быў памочнік Макарава Юліян Новік. Пад яго кіраўніцтвам зборная рэспублікі стала сапраўднай кузняй чэмпіёнаў свету і Еўропы.


Такім чынам, найвышэйшыя дасягненні беларускіх самбістаў у савецкі перыяд:

  • Уладзімір Япрынцаў – чатырохразовы чэмпіён свету;
  • Магамед Рамазанаў – чэмпіён свету, чэмпіён Еўропы, пераможца Кубка свету;
  • Віктар Бухвал – чэмпіён свету;
  • Міхаіл Баранаў – двухразовы чэмпіён свету.

Магамед Рамазанаў
Крыніца: http://izsambo.by

Уладзімір Япрынцаў
Крыніца: http://izsambo.by

Міхаіл Баранаў
Крыніца: http://izsambo.by

Віктар Бухвал
Крыніца: http://izsambo.by


Развіццё жаночага самба

Схватка беларускай дзесяціразовай чэмпіёнкі свету Таццяны Масквіной
Крыніца: часопіс «Самбо – наша жизнь»

Пачынаючы з 1980-х падрыхтоўкай жаночай зборнай каманды Рэспублікі Беларусь займаліся трэнеры Сямён Лісафін, Сяргей Савельеў (заслужаны трэнер БССР па дзюдо), Эрнст Міцкевіч (заслужаны трэнер СССР па дзюдо і заслужаны трэнер БССР па самба).

З 1990-х гадоў медальную скарбонку самба паспяхова папоўнілі: Таццяна Масквіна (10-разовая чэмпіёнка свету, 4-разовая чэмпіёнка Еўропы і 3-разовая ўладальніца Кубка свету), Вераніка Казлоўская (7-разовая чэмпіёнка свету і Еўропы), Галіна Міхаль (Савянкова ), Святлана Валнава, Людміла Тарнагурская, Іна Тарапеева, Іна Казанцава, Святлана Селіханава, Анжаліка Патапава, Людміла Бядрыцкая.


Развіццё самба ў Беларусі на сучасным этапе

За значныя дасягненні беларускіх самбістаў нашай краіне было прадастаўлена права правядзення ў 1992 г. чэмпіянату свету, у 1995 годзе – чэмпіянату Еўропы.

Крыніца: плакат “Международный турнир по самбо на призы президента Республики Беларусь”

З 1996 г. вялікай падзеяй для самбістаў нашай краіны і ўсяго свету з’яўляецца адкрыты чэмпіянат рэспублікі Беларусь па самба на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. З кожным годам чэмпіянат атрымліваў усё большае прызнанне сярод самбістаў усяго свету і некалькі гадоў запар з’яўляецца этапам Кубка свету. У гэты перыяд на беларускія дываны выходзяць прадстаўнікі 22-х краін.

У 1996 г. галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь па самба прызначаны заслужаны трэнер краіны Вячаслаў Кот. Праз яго рукі прайшло ўжо не адно пакаленне нашых самбістаў. Сярод іх і тыя, якія сёння прадстаўляюць нашу краіну.


Найбольш значных поспехаў у сваім спартыўным жыцці дасягнулі беларускія самбісты:

  • Таццяна Масквіна – 10-разовая чэмпіёнка свету, 4-разовая чэмпіёнка Еўропы і 3-разовая ўладальніца Кубка свету;
  • Вераніка Казлоўская – 7-разовая чэмпіёнка свету і 7-разовая чэмпіёнка Еўропы;
  • Дзмітрый Базылеў – 6-разовы чэмпіён свету;
  • Націк Багіраў – 4-разовы чэмпіён свету.

Нягледзячы на тое, што яны сваю кар’еру ўжо завяршылі, яны свой спартыўны вопыт перадаюць маладым спартсменам.

Па-ранейшаму паспяхова працягваюць выступаць на дыване ветэраны зборнай Беларусі:

  • Юрый Рыбак – 3-разовы чэмпіён свету;
  • Андрэй Казусёнак – 3-разовы чэмпіён свету;
  • Юлія Барысік – 3-разовая чэмпіёнка свету;
  • Анастасія Архіпава (Ляшкова) – 3-разовая чэмпіёнка свету;
  • Кацярына Пракапенка – 2-разовая чэмпіёнка свету.

Гарадзенка Таццяна Мацко на міжнароднай арэне не мае сабе роўных вось ужо 4 гады запар. Яна перамагла на першых Еўрапейскіх гульнях у Баку, потым тройчы перамагала чэмпіянаты свету – у 2016, 2017 і 2018 гг.

У 2018 г. Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) часова прызнаў самба алімпійскім відам спорту. У адным з інтэрв’ю Вячаслаў Кот, галоўны трэнер зборнай Беларусі па самба, выказаў надзею, што гэты від спорту будзе ўключаны ў праграму Алімпійскіх гульняў, так як усе патрабуемыя МАК умовы ў нас ужо выкананы. Магчыма, гэта значна павялічыць медальныя шанцы Беларусі, так як нашы самбісты – адны з лепшых у свеце.

На чэмпіянаце свету ў 2018 г беларускія спартсмены заваявалі 12 медалёў: два залатыя, пяць сярэбраных і пяць бронзавых узнагарод.

Уключэнне самба ў праграму II Еўрапейскіх гульняў паказвае, што гэты від адзінаборстваў па-ранейшаму папулярны ў краінах Еўропы і служыць добрай перспектывай стаць алімпійскім відам у найбліжэйшай будучыні.

Беларуская федэрацыя самба

У 1966 г. арганізавана федэрацыя самба БССР, старшынёй якой быў абраны В.М. Сянько.

Беларуская федэрацыя самба ўваходзіць у склад Міжнароднай федэрацыі самба (FIAS (фр). Fédération Internationale Amateur de SAMBO) – няўрадавай грамадскай некамерцыйнай арганізацыі, якая аб’ядноўвае нацыянальныя федэрацыі самба. FIAS – адзіна прызнаная міжнародная арганізацыя, кіруючая развіццём самба ў свеце. Заснавана 13 чэрвеня 1984 г., калі FIAS выйшла з Сусветнага камітэта традыцыйных відаў барацьбы (FILA – Fédération Internationale des Luttes Associées), і тады ж прызнана незалежнай міжнароднай спартыўнай федэрацыяй.

Старонка Беларускай федэрацыі самба на сайце Міжнароднай федэрацыі самба
Склад нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па самба на II Еўрапейскіх гульнях
Міжнародныя правілы спаборніцтваў па самба

Чэмпіёны і прызёры I Еўрапейскіх гульняў

Беларускія самбісты з гонарам прадставілі нашу краіну на першым чэмпіянаце Еўропы ў Баку. Нашы спартсмены спаборнічалі за ўзнагароды ў сямі вагавых катэгорыях і паказалі максімальны вынік: сем медалёў – 2 залатыя, 2 сярэбраныя і 3 бронзавыя. Як заўсёды, сваю лепту ў агульны поспех унеслі прадстаўніцы прыгожага полу.

Беларуская каманда на Першых Еўрапейскіх гульнях у Баку
Крыніца: часопіс “Наш спорт”

Мужчыны

Залатыя медалі:

Сцяпан Папоў – вагавая катэгорыя да 74 кг

Сцяпан Папоў
Крыніца: http://izsambo.by

Беларускі самбіст. Чэмпіён свету па самба, чэмпіён Еўропы па самба. Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь. Спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды.

Нарадзіўся 11 чэрвеня 1984 г. у Лепелі, Віцебская вобласць, Рэспубліка Беларусь.


Сярэбраныя медалі:

Андрэй Казусёнак – вагавая катэгорыя да 90 кг

Андрэй Казусёнак
Крыніца: http://www.noc.by

3-разовы чэмпіён свету па спартыўным самба, 4- разовы чэмпіён Еўропы. Беларускі самбіст і дзюдаіст, выступае за зборныя Беларусі па гэтых відах спорту з сярэдзіны 2000-х гг. Па дзюдо бронзавы прызёр чэмпіянату свету, чэмпіён Еўропы, удзельнік летніх Алімпійскіх гульняў у Пекіне. Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь.

Нарадзіўся 15 студзеня 1984 г. у Бабруйску.


Бронзавыя медалі:

Уладзіслаў Бурдзь – вагавая катэгорыя да 57 кг

Уладзіслаў Бурдзь
Крыніца: http://www.noc.by

Актыўна займацца барацьбой самба пачаў у раннім дзяцінстве. Праходзіў падрыхтоўку ў Рэспубліканскім вучылішчы алімпійскага рэзерву і ў Рэспубліканскім цэнтры фізічнай культуры і спорту ў Магілёве і Мінску. Трэніраваўся ў такіх спецыялістаў, як Віктар Назараў і Эрнст Міцкевіч.

Нарадзіўся 15 мая 1996 г. у Магілёўскай вобласці.


Юрый Рыбак – вагавая катэгорыя звыш 100 кг

Юрый Рыбак
Крыніца: http://www.noc.by

Трохразовы чэмпіён свету.

Беларускі самбіст і дзюдаіст, выступае за зборныя Беларусі па гэтых відах спорту з канца 1990-х гадоў.

Сярэбраны і бронзавы прызёр чэмпіянатаў свету па дзюдо, бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы, удзельнік двух летніх Алімпійскіх гульняў. На спаборніцтвах прадстаўляе Мінскую вобласць.

Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь.

Нарадзіўся 6 сакавіка 1979 года ў горадзе Дзяржынску Мінскай вобласці.


Жанчыны

Залатыя медалі:

Таццяна Мацко – вагавая катэгорыя да 60 кг

Таццяна Мацко
Крыніца: http://izsambo.by

Майстар спорту міжнароднага класа, трэніруецца пад кіраўніцтвам Аляксандра Бардзіна, першы трэнер – Вера Караленка.

За сваю спартыўную кар’еру спартсменка заваявала нямала ўзнагарод, сярод іх золата чэмпіянату Еўропы, золата чэмпіянату свету 2016 г. i мноства іншых узнагарод.

Плюс да гэтага Таццяна элегантна атрымала першы прыз на адкрытым чэмпіянаце Беларусі і атрымала спецыяльны прыз за “Лепшую тэхніку”.

Нарадзілася ў Гродне.


Сярэбраныя медалі:

Вольга Намазава – вагавая катэгорыя да 68 кг

Вольга Намазава
Крыніца: https://www.sb.by

Нарадзілася 30 ліпеня 1991 г. у Мінскай вобласці.


Бронзавыя медалі

Кацярына Пракапенка – вагавая катэгорыя да 60 кг

Кацярына Пракапенка
Крыніца: часопіс «Наш спорт»

2-разовая чэмпіёнка свету, 3-разовая чэмпіёнка Еўропы.

Нарадзілася 27 чэрвеня 1980 г. у Баранавічах.



Крыніцы, выкарыстаныя ў праекце

Кнігі:

  1. Астахов, А. М. Самбо для женщин / А. М. Астахов, И. И. Тищенков, В. В. Извеков. – Саранск : Морд. кн. изд-во, 1991. – 156 с.
  2. Классическая борьба, вольная борьба, борьба самбо : программа / Чемпионат Европы по борьбе. Ленинград. Дворец спорта "Юбилейный". 15-23 апр. 1976. – Москва : Физкультура и спорт, 1976. – 79 с.
  3. Кто есть Кто в Республике Беларусь. Спорт = Who is Who in the Republic of Belarus. Sport : Энциклопедия / Под ред. И.В.Чекалова. – Мн. : Минсктиппроект, 1999. – 253 с.
  4. Самбо для женщин / А. М. Астахов, И. И. Тищенков, В. В. Извеков. – Саранск : Мордов. кн. изд-во, 1991. – 156 с.
  5. Самбо – наша жизнь : 70 лет самбо. – Минск : Харвест, 2008. – 35 с.
  6. Чемпионат мира по борьбе, 10―21 сентября, Дворец спорта, Минск = Championnat du monde de lutte = World wrestling championship : классическая борьба, вольная борьба, борьба самбо : программа / [сост. Г. В. Хачкованян]. – М. : Физкультура и спорт, 1975. – 119 с.


Артыкулы з перыядычных выданняў:

  1. Попов С. «Я так воспитан, что честь и достоинство ¬– не просто слова в моем лексиконе» / Степан Попов ; беседовала О. Самойлович // Наш спорт. – 2015. – № 8. – С. 22–23.
  2. Тимошенко, С. «Для меня самбо уже давно больше, чем работа…» / С. Тимошенко // Наш спорт. – 2018. – № 12. – С. 20–21.
  3. Товарищи без оружия // Белорусская федерация борьбы. – [Минск, 2012?]. – С. 16–24.
  4. Шире круг // Наш спорт. –2017. – № 6. – С.28-29.
  5. Первые Европейские мирового значения… // Наш спорт. –2015. – № 6. – С. 3–7.


Плакаты:

  1. Самбо, 21 февраля 2004 г. [Изоматериал] : Междунар. турнир по самбо на призы Президента Респ. Беларусь : [Плакат] / М-во спорта и туризма Респ. Беларусь [и др.]. – Минск, 2004. – 1 л.


Артыкулы з электронных рэсурсаў:

  1. Белорусские борцы завоевали 25 медалей на молодежном чемпионате Европы по самбо [Электронный ресурс] // ООО «ТРАЙПЛ». – Режим доступа: http://triple.by/news/novosti/belorusskie-borcy-zavoevali-25-medaley-na-molodezhnom-chempionate-evro...– Дата доступа: 29.03.2019.
  2. Гродненка Татьяна Мацко стала чемпионкой мира по борьбе самбо [Электронный ресурс] // Информационный портал города Гродно. – Режим доступа: https://newgrodno.by/sports/grodnenka-tatyana-matsko-stala-chempionkoj-mira-po-borbe-samb. – Дата доступа: 26.03.2019.
  3. Вячеслав Кот: слова этого вашего Баркли в любом случае неспортивны по сути [Электронный ресурс] // Прессбол. – Режим доступа: https://www.pressball.by/articles/others/digest/69663 – Дата доступа: 5.04.2019.
  4. История турнира [Электронный ресурс] // Президентский спортивный клуб «Побеждаем вместе». – Режим доступа: http://www.sportclub.by/otkritiy-chempionat-po-sambo/istoriya-turnira.html. – Дата доступа: 26.03.2019.
  5. Общественное объединение «Белорусская федерация самбо» [Электронный ресурс] // Международная федерация самбо. – Режим доступа: https://sambo-fias.org/ru/federations/european-sambo-federation/republic-organization-byelorussian-s... – Дата доступа: 25.03.2019.
  6. Ощепков Василий Сергеевич [Электронный ресурс] // Мы родом из самбо. – Режим доступа : http://izsambo.by/lichnosti/oshchepkov-vasiliy-sergeevich.html– Дата доступа: 20.03.2019.
  7. Спиридонов Виктор Афанасьевич [Электронный ресурс] // Мы родом из самбо. – Режим доступа: http://izsambo.by/lichnosti/spiridonov-viktor-afanasevich-.html– Дата доступа: 20.03.2019.
  8. Харлампиев Анатолий Аркадьевич [Электронный ресурс] // Мы родом из самбо. – Режим доступа: http://izsambo.by/lichnosti/anatoliy-kharlampiev.html– Дата доступа: 20.03.2019.
  9. Станцуем самбо на ковре [Электронный ресурс] // СБ. Беларусь сегодня. – Режим доступа: https://www.sb.by/articles/stantsuem-sambo-na-kovre-.html. – Дата доступа: 26.03.2019.
  10. Рейтинговые списки на II Европейские игры – 2019 [Электронный ресурс] // European Sambo Federation. – Режим доступа: http://eurosambo.com/press/news/2019/1577. – Дата доступа: 3.04.2019.
  11. Рейтинговые списки на II Европейские игры – 2019 [Электронный ресурс] // European Sambo Federation. – Режим доступа: http://eurosambo.com/competitions/2019/350. – Дата доступа: 3.04.2019.



Бібліятэкарам