Віцебскі край — не толькі калыска беларускай дзяржаўнасці, але і зямля, якая падарыла Беларусі і свету цэлае сузор’е выключных асоб у розных галінах навукі, літаратуры і мастацтва. У экспазіцыі прадстаўлены кніжныя і выяўленчыя дакументы з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якія раскрываюць 12 вобразаў знакамітых стваральнікаў — ураджэнцаў Віцебшчыны: ад Еўфрасінні Полацкай і Францыска Скарыны да Марка Шагала і Уладзіміра Караткевіча. У трох раздзелах у храналагічным парадку паўстаюць “Асветнікі”, “Пачынальнікі” і “Спадкаемцы”, што зрабілі значны ўнёсак у гісторыю, навуку і культуру нашай краіны.
У сваёй дзейнасці асветнікі падкрэслівалі сваё высокае прызначэнне служыць роднаму народу і сцвярджалі, што іх справы і кнігі павінны спрыяць не толькі рэлігійнаму выхаванню, але і ўзмацняць асвету, культуру, самасвядомасць суайчыннікаў. У гэтым раздзеле можна будзе пазнаёміцца з выдадзенымі ў розныя часы факсіміле — “Жыціе блажэннай Еўфрасінні, ігуменні манастыра Уседзяржыцеля Святога Спаса ў горадзе Полацку”, “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”, “Евангелле” Васіля Цяпінскага, “Посах кіравання” Сімяона Полацкага, “Вялікае мастацтва артылерыі” Казіміра Семяновіча.
Беларускія творцы ХІХ ст., што лічацца пачынальнікамі нацыянальнай літаратуры і культуры новага часу, імкнуліся ў нялёгкія часы задавальняць патрэбы беларускага народа ў самавыражэнні і самапазнанні праз мастацкія творы і палотны, дзе фіксавалі мясцовы народны побыт, звычаі, абрады. Вялікае значэнне іх творчасць мае яшчэ і ў тым, што яны працягвалі справу папярэднікаў і падрыхтавалі глебу для з’яўлення тытанаў беларускай культуры ХХ ст.
Віцебск ХІХ ст. — важны асяродак беларускай літаратуры і культуры. У гэты час грамадская атмасфера спрыяла з’яўленню значных творцаў і твораў. Сярод іх — літаратары Ян Баршчэўскі і Канстанцін Вераніцын, ураджэнец Гарадоччыны, а таксама мастак Іван Хруцкі — заснавальнік беларускага акадэмічнага нацюрморта.
За восем папярэдніх стагоддзяў асветнікі і пачынальнікі з Віцебшчыны падрыхтавалі ўрадлівую глебу з запачаткаванымі традыцыямі пісьменства для будучых пакаленняў творцаў. Віцебск і Віцебшчына і ў ХХ ст. працягваюць быць культурным цэнтрам, месцам яднання таленавітых, здольных людзей.
У экспазіцыі прадстаўлены выданні пра чатырох спадкаемцаў — найбольш выбітных асоб, цікавасць да твораў якіх не знікае і сёння. Дзякуючы ім пра беларусаў ведаюць у свеце як пра таленавітых, рамантычных і летуценных асоб, з аднаго боку, і, з другога боку, ведаюць пра іх гераізм, мужнасць, працавітасць і адданасць сваёй справе і роднай зямлі. Гэта рамантыкі, міфатворцы, узнёслыя натуры — мастак Марк Шагал і пісьменнік Уладзімір Караткевіч. Сведкі і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, пасля якой яны не маглі маўчаць, а кожны адпаведнымі выяўленчымі сродкамі — фарбай і словам — выпісвалі летапіс чалавечых пакут, перажытых у жорсткіх антычалавечных умовах страшнай вайны ХХ ст. — вязень фашысцкіх лагераў і мастак Міхаіл Савіцкі і лейтэнант і пісьменнік Васіль Быкаў. Лёсам ім было наканавана застацца ў жывых і данесці ўсю праўду пра вайну і сцвердзіць спрадвечную ісціну — жыццё чалавека з’яўляецца самым галоўным і каштоўным у свеце.