ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыФонды і калекцыі бібліятэкі

Фонды і калекцыі бібліятэкі

Сёння фонды Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (НББ) налічваюць больш за 10,5 млн экзэмпляраў і з’яўляюцца ўніверсальнымі па змесце. Яны ўключаюць друкаваныя выданні, рукапісы, мікракопіі дакументаў, электронныя і іншыя матэрыялы, створаныя як у Беларусі, так і ў замежных краінах больш як на 80 мовах. Асаблівую каштоўнасць уяўляе больш чым паўмільённая калекцыя нацыянальных дакументаў (беларусікі) – выданняў, што выйшлі на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі на беларускай мове. Захоўваюцца і першыя выданні класікаў беларускай літаратуры: В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча і інш.

Інфармацыйныя рэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – адны з найбольш поўных і багатых у краіне. Фарміраванне фондаў ажыццяўляецца з 1921 г. Аснову склалі каштоўныя кніжныя калекцыі манастырскіх і царкоўных бібліятэк, бібліятэк гімназій, асабістыя зборы акадэміка Я.Ф. Карскага і прафесара М.А. Янчука па беларусазнаўстве, этнаграфіі і літаратуры; прафесара М.Я. Грота па славяназнаўстве; прафесара К.К. Случэўскага па праве; І.П. Карнілава па гісторыі і беларусазнаўстве; С.М. Гальдштэйна па гісторыі Літвы і Польшчы і інш., а таксама падарункі найбуйнейшых бібліятэк Масквы і Ленінграда. З моманту заснавання бібліятэка стала атрымліваць два абавязковыя бясплатныя экзэмпляры беларускіх выданняў і адзін абавязковы бясплатны экзэмпляр выданняў, што выходзілі ў СССР (РФ) да сакавіка 1995 г. НББ таксама з’яўляецца дэпазітарыем матэрыялаў ААН і іншых міжнародных арганізацый.

Назапашаны бібліятэкай найбагацейшы фонд пастаянна папаўняецца як за кошт абавязковага экзэмпляра ўсёй дакументнай прадукцыі, што выдаецца на тэрыторыі Беларусі, так і шляхам закупак, падпісак, міжнароднага дакументаабмену, падарункаў. Штогод прырост фондаў НББ складае ў сярэднім 250 тыс. экзэмпляраў.

Асноўная частка фондаў размеркавана па 10 паверхах вышыннага фондасховішча. Больш за паўмільёна экзэмпляраў знаходзіцца ў фондах адкрытага доступу, у падсобных фондах чытальных залаў. Электронныя рэсурсы даступны з аўтаматызаваных месцаў у НББ, частка – праз Інтэрнэт.

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты