ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыФонды і калекцыі бібліятэкіКнігі

Кнігі

Фонд кніг складае больш за 4,7 млн экзэмпляраў. Гэта дакументы, выдадзеныя з пачатку ХІХ стагоддзя да нашых дзён як на тэрыторыі Беларусі, так і ў іншых краінах свету на больш чым 80 мовах.

Сукупны кніжны фонд складаецца з некалькіх частак, з якіх асаблівую каштоўнасць уяўляе калекцыя нацыянальных дакументаў. Яна ўключае выданні, апублікаваныя на тэрыторыі Беларусі, працы беларускіх аўтараў, якія выйшлі за межамі Беларусі, дакументы, апублікаваныя на беларускай мове, незалежна ад месца іх выдання, дакументы, якія па змесце звязаныя з Беларуссю, незалежна ад іх мовы, месца выдання і іншых прыкмет. Аснову гэтай калекцыі складаюць дакументы, атрыманыя па абавязковай рассылцы твораў друку, выдадзеных на тэрыторыі Беларусі (з 1922 г.), а таксама дакументы, карпатліва сабраныя супрацоўнікамі бібліятэкі з мэтай фарміравання больш глыбокай рэтраспекцыі гэтага масіву і дакументнай экстэрыёрыкі. Асаблівую каштоўнасць уяўляюць выданні ХІХ – пачатку XX ст., сярод якіх – працы акадэміка Я. Ф. Карскага, П. В. Шэйна, М.А. Янчука па беларускай мове, літаратуры і этнаграфіі, А. П. Сапунова, У. І. Пічэты па гісторыі Беларусі. Тут захоўваюцца першыя і прыжыццёвыя выданні твораў класікаў беларускай літаратуры, у тым ліку В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча і інш. У фондзе прадстаўлены выданні статутаў Вялікага Княства Літоўскага, апісанні і агляды губерняў, справаздачы аб дзейнасці губернскіх статыстычных камітэтаў, працы па эканоміцы краю, даследаванні па этнаграфіі і беларускай народнай творчасці.

 Найбольш значны па аб'ёме – фонд кніг, выдадзеных у Расійскай Федэрацыі і іншых краінах СНД. Сёння ён налічвае больш за 3 млн адзінак захоўвання, уключае выданні, атрыманыя па абавязковай усесаюзнай рассылцы (платнай і бясплатнай) твораў друку, набытыя бібліятэкай на розных гістарычных этапах, падораныя ёй бібліятэкамі Расійскай Федэрацыі, прыватнымі асобамі. Гэта сацыяльна значныя і запатрабаваныя сучасным чытачом дакументы па розных галінах ведаў, выдадзеныя з 1831 г. па сённяшні дзень.

 Кнігі, надрукаваныя ў іншых краінах свету, складаюць больш за 400 000 экз. Гэта выданні па тэхніцы, медыцыне, гісторыі, выяўленчым мастацтве, архітэктуры, творы класікаў замежнай літаратуры, якія выходзілі на розных мовах свету, пачынаючы з 1801 г. і да нашых дзён. У асобную калекцыю вылучаны кнігі на польскай мове XIX–XX ст., выдадзеныя як на тэрыторыі Польшчы, так і за яе межамі, якія маюць дачыненне да Польшчы па змесце. Асобнай калекцыяй прадстаўлены кнігі, выдадзеныя за мяжой на сербскахарвацкай мове.

У склад кніжнага фонду ўваходзяць дакументы групавой апрацоўкі. Гэта афіцыйныя, вытворча-практычныя, даведачна-інфармацыйныя, навучальныя і вучэбна-метадычныя дакументы, рэкламныя і іншыя выданні, аб'яднаныя па змесце, відзе, часам жанры, выдавецкай прыналежнасці ў асобныя папкі.
Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты