Перыядычныя выданні і выданні з працягам прадстаўлены ў бібліятэцы фондам газет, фондам часопісаў і выданняў з працягам.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі атрымлівае ўсе газеты, якія выходзяць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама газеты краін СНД і далёкага замежжа.
Фонд газет налічвае больш за 11 тыс. назваў газет, што складае больш за 54 тыс. гадавых камплектаў і ўключае нацыянальныя дакументы, дакументы краін СНД, замежныя выданні. Фонд падзелены на храналагічныя групы: дарэвалюцыйныя, даваенныя, ваенныя, газеты перыяду 1946–1991 гг., газеты сучаснага перыяду.
Найбольш поўна прадстаўлена калекцыя нацыянальных газет, якая складае больш за 65 % фонду. Асаблівую каштоўнасць уяўляе ўнікальная калекцыя нацыянальнага дакумента другой паловы XIX стагоддзя, выдадзеная на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі і якая з’яўляецца часткай гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народа. Газетны фонд нацыянальнага дакумента расстаўлены па тыпах: рэспубліканскія, абласныя, раённыя, гарадскія, шматтыражныя.
Цэнтральныя, абласныя, краявыя газеты Расійскай Федэрацыі, а таксама газеты былых рэспублік СССР складаюць 23 % газетнага фонду.
У асобны рад вылучаны фонд эмігранцкіх газет.
Фонд замежных газет прадстаўлены на 25 мовах свету і складае 12 % ад фонду. Фонд уключае асобныя газеты даваенных гадоў на польскай, чэшскай, французскай, нямецкай мовах, выданні замежных камуністычных і рабочых партый, калекцыю нямецкіх газет за 60–90-я гады, газеты пасляваеннага і сучаснага перыядаў.
Штогод у фонд паступае каля 400 назваў газет. Фонд папаўняецца шляхам атрымання абавязковага бясплатнага экзэмпляра і дароў, па падпісцы, закупцы, абмене.
Склад фонду раскрываецца ў электронным каталогу НББ.
На дадзены момант налічвае больш за 3 млн 300 тыс. экзэмпляраў. Храналагічны ахоп – з пачатку ХIХ стагоддзя і да сённяшняга дня. У фондзе вылучаецца некалькі тэрытарыяльна і храналагічна адасобленых складовых частак – нацыянальныя дакументы і дакументы краін СНД (з 1917 г. – да сённяшняга дня), замежныя часопісы і выданні з працягам, дарэвалюцыйныя дакументы.
Фонд універсальны па змесце. Найбольш поўна прадстаўлены выданні сацыяпалітычнай, філасофскай, прававой, эканамічнай тэматыкі, а таксама выданні па рэлігіі, этнаграфіі, статыстыцы, мастацтве, адукацыі і выхаванні.
Фонд часопісаў і выданняў з працягам, нацыянальных, РФ і іншых краін СНД, налічвае больш за 2,3 млн адзінак захоўвання. У тым ліку нацыянальны дакумент складае больш за 416 тыс. экзэмпляраў. Сабраны і захоўваюцца камплекты часопісаў, зборнікі, даклады, навуковыя працы і іншыя матэрыялы старэйшых у Беларусі навуковых і вышэйшых навучальных устаноў: Нацыянальнай акадэміі навук, Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі (Горацкага сельскагаспадарчага інстытута), Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і інш.
Фонд замежных часопісаў і выданняў з працягам налічвае больш за 1 млн экзэмпляраў. У фондзе захоўваюцца вядучыя часопісы па шматлікіх галінах ведаў на ўсіх заходнееўрапейскіх мовах. Дастаткова шырока прадстаўлены выданні ААН і іншых міжнародных арганізацый, што асвятляюць іх дзейнасць у розных рэгіёнах свету.
Фонд дарэвалюцыйных часопісаў і выданняў з працягам налічвае звыш 280 тыс. экзэмпляраў. У фондзе дастаткова поўна прадстаўлены навуковыя і навукова-практычныя выданні па розных галінах ведаў: “Известия Российской академии наук” (1825–1828 гг.), “Записки, издаваемые от Департамента народного просвещения” (прадстаўлены звесткі аб арганізацыі навучальных устаноў, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі) (1825–1829 гг.), “Журнал Министерства народного просвещения” (1832–1917 гг.), “Записки императорского Русского географического общества” (асобныя тамы выдання прысвечаны этнаграфіі Беларусі), камплекты часопісаў “Современник”, “Отечественные записки” і інш.
Часопісы і выданні з працягам апошніх гадоў захоўваюцца ў падсобных фондах спецыялізаваных чытальных залаў у адпаведнасці з іх профілямі камплектавання. Часопісы апошніх трох гадоў, якія найбольш карыстаюцца попытам, даступны для карыстальнікаў у зале перыядычных выданняў.
Склад фонду раскрываецца ў чытацкім алфавітным каталогу перыядычных выданняў і выданняў з працягам і ў электронным каталогу НББ.