Найбольш рэдкімі і каштоўнымі са старадрукаў з’яўляюцца інкунабулы – выданні XV стагоддзя. Інкунабула (ад лацінскага incunabula – “калыска, ранняе дзяцінства”) – кнігі, надрукаваныя ў Заходняй Еўропе пачынаючы ад першых вопытаў Іагана Гутэнберга ў 40-я гады XV стагоддзя да 1 студзеня 1501 года.
Канец XV стагоддзя быў вельмі цікавым перыядам суіснавання і аднолькавай папулярнасці рукапісных і друкаваных кніг. Першыя друкаваныя кнігі спачатку былі падобныя да рукапісных: не было тытульнага ліста, ад рукі афармляліся ініцыялы, рубрыкі-застаўкі і т. п. Але з далейшым развіццём кнігадрукавання з’яўляюцца спецыфічныя рысы, характэрныя для друкаваных кніг: тытульны ліст (з 1476 года), гравіраваныя і літыя ініцыялы, ілюстрацыі-гравюры; побач з гатычным шрыфтам ужывалася антыква.
Заходнееўрапейскія інкунабулы адыгралі значную ролю ў станаўленні матэрыяльнай і духоўнай культуры XVI стагоддзя. Яны былі даволі шырока распаўсюджаны і на беларускіх землях. У Беларусь інкунабулы пачалі завозіцца яшчэ ў 2-й палове XV ст. Невыпадкова заходнееўрапейскія старадрукі – неад’емная частка бібліятэк на Беларусі XVI–XVIII стагоддзяў.
Сярод шматлікіх дакументальных помнікаў, якія захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (НББ), невялікая калекцыя інкунабул – 43 выданні (45 экзэмпляраў) – уяўляе значную культурную і гістарычную каштоўнасць. Калекцыя ахоплівае перыяд з 1470 да 1497 года і з’яўляецца самым вялікім зборам у Беларусі.
Германія
Найбольш прадстаўнічай часткай калекцыі з'яўляюцца выданні нямецкіх друкарань – менавіта Германіі належыць першынство пачатку кнігадрукавання ў Еўропе. Самым раннім з выданняў, якія захоўваюцца ў фондзе бібліятэкі з’яўляецца ўнікальная кніга Іагана Нідэра “Павучанне ў Боскім законе” (Nider, Johannes. Praeceptorium divinae legis sive Expositio decalog), надрукаваная Бертольдам Рупелем каля 1470 года ў Базелі.
Самая ранняя з дакладна датаваных выданняў у фондзе бібліятэкі – экзэмпляр папулярнага ў свой час грэчаскага рамана “Гісторыя Апалонія, караля Цірскага” (Historia Apollonii regis Tyri), першага перакладу твора на нямецкую мову. Ён выйшаў у 1471 годзе ў выдавецтве Гюнтэра Цайнера, які прыехаў у Аўгсбург у канцы 1467 года і быў не толькі першым у горадзе друкаром, але і першым, хто надрукаваў гравіраваныя ініцыялы і ілюстрацыі разам з тэкстам, выпусціў кнігі з каляровымі ілюстрацыямі.
Са знакамітага нясвіжскага кнігазбору Радзівілаў паходзіць выданне “Гербарыя” (Herbarius). Надрукаваў гэту кнігу ў Майнцы ў 1484 годзе Петэр Шофер. “Гербарый” – збор звестак аб лекавых якасцях раслін. Аўтар тэксту не названы, але, як мяркуецца, гэта франкфурцкі доктар Іаган Вонекен фон Кубэ, а ініцыятарам выдання выступіў дэкан майнцкага сабора Бернард фон Брэйдэнбах. Магчыма, ён папрасіў медыка скласці гербарый, выкарыстаўшы творы знакамітых урачоў старажытнасці і сярэдневякоўя. “Гербарый” утрымлівае 150 контурных гравюр – дрэварытаў (у экзэмпляры НББ – 148), якія дапаўняюцца тлумачальным тэкстам.
Адным з найбольш паспяховых выдаўцоў Германіі быў Антон Кобергер. Ён заснаваў у Нюрнбергу выдавецтва пасля 1470 года, якое ў канцы 70-х стала адным з буйнейшых у Еўропе. За больш чым трыццаць гадоў Кобергер надрукаваў каля 235 выданняў, у асноўным буйнафарматных, добра ілюстраваных. У калекцыі бібліятэкі захоўваецца сем кніг, выдадзеных у яго друкарні. Сярод іх вылучаецца знакамітая “Кніга хронік” (Liber chronicarum. 1493) нюрнбергскага ўрача Гартмана Шэдэля, якая лічыцца адной з лепшых кніг XV стагоддзя. Геаграфічную частку кансультаваў і рэдагаваў Г. Мюнцэр (H. Munzer.)
Тэкст “Хронікі” вызначаецца аб’ёмам і дакладнасцю матэрыялу, аднак аўтар застаўся верным сярэдневяковай традыцыі “Сусветных хронік”, якія апісвалі біблейскую і класічную гісторыю. Мастацкае афармленне было выканана М. Вольгемутам (M. Wohlgemuth) і В. Плейдэнвурфам (W. Pleydenwurff) – у “Кнізе хронік” упершыню ў гісторыі друкаванай кнігі пададзены звесткі аб выканаўцах дрэварытаў. У майстэрні гэтых мастакоў працаваў і малады Альбрэхт Дзюрэр. Мастакі вырабілі для выдання 645 арыгінальных дошак, з якіх было надрукавана 1809 ілюстрацый. Дзякуючы шыкоўнаму афармленню і высокаму ўзроўню друкарскага майстэрства, “Хроніка” застаецца шэдэўрам паліграфічнага мастацтва свайго часу, выдатным помнікам мастацтва кнігі.
Італія
Італьянскі друк прадстаўлены пяццю друкарскімі цэнтрамі – Балоння, Венецыя, Рым, Трэвіза, Фларэнцыя (усяго 11 друкарань). Паколькі кнігадрукаванне ў Італіі ў XV ст. было справай пераважна іншаземцаў, якія заняліся перавыданнем твораў класічных аўтараў, на калафонах італьянскіх кніг, якія захоўваюцца ў НББ, можна ўбачыць такія імёны, як Мікалай Жансон (Nicolaus Jensen), Эўхарый Сілбер (Eucharius Silber), Іаган Рубэус (Johannes Rubeus), Томас дэ Блавіс (Tomas de Blavis), Эрхард Ратольт (Erchardus Ratholt), Іаган фон Кёльн (Johann von Koln), а таксама Іаган Мантэн (Johann Manthen).
З усіх пералічаных выдаўцоў трэба выдзеліць імя найбольш значнага з першай генерацыі італьянскіх друкароў француза Мікалая Жансона. Выдадзеная ім кніга “Дэкрэталіі папы Грыгорыя IX” (Gregorius IX, Papa. Decretales Venezia. 1475) захоўваецца ў навукова-даследчым аддзеле кнігазнаўства.
Найбольш цікавым з італьянскіх першадрукаў у зборы бібліятэкі з’яўляецца выданне самага знакамітага паэта Італіі Дантэ Аліг’еры “Камедыя” [Боская камедыя] (La commedia), што выйшла ў свет у Фларэнцыі. Прадстаўлены ў калекцыі экзэмпляр – адна з першых кніг, надрукаваных Міколам дэ Ларэнца ў родным горадзе паэта, і адно з самых ранніх выданняў з гравюрамі на метале (медзярытамі), якія так і не сталі папулярнымі да сярэдзіны XVI стагоддзя.
Гравюры ў выданні “Камедыі” выкананы Мазо Фінічэры, майстрам школы Бача Балдыні, паводле малюнкаў знакамітага мастака Сандра Батычэлі. У розных экзэмплярах выдання, што захаваліся ў свеце, налічваецца ад дзвюх да дваццаці медзярытаў. Першыя дзве гравюры надрукаваны разам з тэкстам (іх можна ўбачыць у экзэмпляры НББ), а астатнія друкаваліся асобна і потым уклейваліся на падрыхтаванае месца.
У Нацыянальнай бібліятэцы захоўваюцца папулярныя ў XV стагоддзі выданні, якія прадстаўляюць швейцарскі горад Базель: “Творы” Амброзіуса Медыяланскага (Ambrosius, episcopus Mediolanensis. Opera. (1492)), “Лісты” Аўгусціна Аўрэлія (Augustinus, Aurelius. Epistolae. 1493), “Казанні аб вечным Евангеллі” Бернардзіна Сіенскага (Bernardinus Senesis. Sermones de Evangelio aeterno. 1490/1495), “Маральныя павучанні на Кнігу Іова” папы Грыгорыя I (Gregorius, Papa. Moralia sive Expositio in Iob. 1496) і інш.
Францыя
Французскія выданні ў фондзе бібліятэкі прадстаўлены экзэмплярамі з друкарняў Іагана Ментэліна, Марціна Шота, Хейнрыха Грана, што размяшчаліся ў двух цэнтрах – Страсбургу і Агено (Haguenau).
Інкунабулы, што захоўваюцца ў бібліятэцы, паводле зместу даволі разнастайныя. Калекцыя ўключае біблейскія тэксты і каментарыі да іх, творы філосафаў – Аўгусціна Аўрэлія, Арыстоцеля, Пятра Ламбардскага, Плутарха, Фамы Аквінскага, Цыцэрона і іншых, мастацкую літаратуру, юрыдычныя і гістарычныя працы.
Кнігі тэалагічнага зместу складаюць больш за палову ўсіх выданняў – іх 30 экзэмпляраў. Гэта невыпадкова. Па-першае, друкаваная кніга свецкага характару мусіла заваёўваць свайго чытача, які прызвычаіўся да багата арнаментаванага рукапіснага тэалагічнага ці літургічнага тэксту. Па-другое, мэтай самых першых друкароў было перавыданне раней напісаных кніг, попыт на якія заставаўся незадаволеным. Акрамя таго, перадрукоўка гатовых рукапісных тэкстаў была справай больш таннай і лёгкай, чым пошук новых аўтараў.