Калекцыя мініяцюрных выданняў навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства – адна з цікавых калекцый бібліятэкі. Вітрыны з мініяцюрнай кнігай у музеі кнігі заўсёды прыцягваюць увагу як дзяцей, так і дарослых. Фонд мініяцюрных выданняў налічвае каля 2 тысяч адзінак, выдадзеных накладам ад 1 да 1 млн асобнікаў.
Мініяцюрныя кнігі, ці кніжкі-малюткі, – выданні невялікага памеру. У Беларусі, як і ў іншых краінах СНД, іх максімальны памер складае 100 на 100 мм. Першая друкаваная мініяцюрная кніга “Diurnale Magnitinum” (“Майнцкі Дыўрналій”) была створана ў перыяд зараджэння кнігадрукавання вучнем Іагана Гутэнберга Петэрам Шоферам у 1468 годзе. Яе фрагменты захоўваюцца ў Парыжы, у Нацыянальнай бібліятэцы Францыі.
Храналагічны ахоп выданняў калекцыі – пачатак XVII – XXI стагоддзе. Адной з самых старых, выяўленых на сёння, з'яўляецца кніга італьянскага кардынала і пісьменніка Андрыяна Касталезі “De sermone Latino...”, выдадзеная ў Кёльне ў 1612 годзе. Пачэснае месца ў калекцыі аддзела займаюць мініяцюрныя кнігі вядомага выдавецкага дома Эльзевіраў. Эльзевіры друкавалі як фаліянты, так і зусім маленькія кніжкі памерам 8,8 на 4,4 см, як, напрыклад, серыя “Малыя краіны” (ці “Рэспубліка”). З дадзенай серыі ў аддзеле захоўваецца некалькі выданняў, у прыватнасці – “Respublica Sive Status Regni Poloniae, Lituaniae, Prussiae, Livoniae” (1627), “Respublica Hollandie” (1630) (24°) – прыпісваецца Эльзевірам, “Respublica et Status Regni Hungarie” (Leyden, 1634), “Portugallia” (Leyden, 1641) і інш. Акрамя Эльзевіраў, у калекцыі шырока прадстаўлена мініяцюрная кніга і іншых заходнееўрапейскіх выдавецтваў XVII–XVIII стагоддзяў.
Значная колькасць мініяцюрных кніг – гэта кнігі, выдадзеныя ў савецкі перыяд у Беларусі, Расіі, Украіне і інш. краінах. Адной з самых арыгінальных і маленькіх кніг, прадстаўленых у калекцыі, можна па праве назваць маскоўскае выданне “Цуд з цудаў” (1985). Памер яго складае 9 на 6 мм, наклад – 200 асобнікаў. Гэта выданне змяшчае выказванні А.С. Пушкіна і М. Горкага пра кнігу і з’яўляецца самым маленькім з мініяцюрных кніг савецкага перыяду.
Пачэснае месца ў калекцыі мініяцюрных выданняў аддзела займае беларуская кніга. Першая беларуская мініяцюрная кніга была выдадзена ў 1833 годзе ў мінскай друкарні Стэфановіча. Яна называлася “Подарок благонравным ученикам и ученицам на новый 1834 год, или Нравоучительные детские повести, служащие к образованию ума и сердца”. У Нацыянальнай бібліятэцы захоўваецца яе мікрафільм. Першай мініяцюрнай кнігай, надрукаванай у Савецкай Беларусі, доўгі час лічылася “Канстытуцыя БССР”, выдадзеная ў 1948 годзе ў Баранавічах накладам 50 асобнікаў. Памер кнігі складае 60 на 45 мм. Аднак на самой справе яшчэ ў даваенны час былі надрукаваны на беларускай мове дзве мініяцюрныя кніжкі. Адна ў 1930 годзе ў Гомелі – “XXIII Дзяржынская раённая партканферэнцыя (3–7 мая 1930 г.)” у колькасці 2 тысячы экзэмпляраў. Другая ў 1932 годзе ў Мінску – “Ударнікам бальшавіцкага друку” ў колькасці 3 тысячы экзэмпляраў. Сістэматычны выпуск мініяцюрнай кнігі ў Беларусі пачаўся толькі ў 1965 годзе, калі быў надрукаваны зборнік вершаў і песень вядомага паэта-песенніка Адама Русака “Звонкія крыніцы”. Затым выйшлі паэтычныя зборнікі Якуба Коласа і Янкі Купалы ў перакладзе на рускую мову. Двухтомнік адрозніваецца арыгінальнасцю як па афармленні, так і па памеры. Яго фармат (37 на 47 мм) нагадвае карабок запалак, а тыраж склаў 6 тысяч экзэмпляраў.
Пачынаючы з 60-х гадоў і да сённяшняга дня ўбачыла свет значная колькасць беларускіх мініяцюрных выданняў. У навукова-даследчым аддзеле кнігазнаўства захоўваецца каля 200 мініяцюрных кніг, выдадзеных у Беларусі.