Калекцыя палеатыпаў навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства нароўні з калекцыяй інкунабул з'яўляецца адной з самых каштоўных і значных у Беларусі. Палеатыпы (грэч. παλαιóς – старажытны і τύπος – адбітак) – умоўная назва еўрапейскіх друкаваных кніг, выдадзеных з 1 студзеня 1501 да 1 студзеня 1551 года. Гэты збор уключае і кнігі кірылічнага шрыфту. Для названага перыяду характэрна памяншэнне сярэдняга фармату выданняў, у тым ліку дзякуючы з'яўленню фармату ін-актава (у восьмую долю ліста).
Калекцыя палеатыпаў бібліятэкі налічвае каля 200 выданняў на лацінскай, грэчаскай, італьянскай, нямецкай, французскай мовах, а таксама царкоўнаславянскай мове беларускай рэдакцыі. Перавага па колькасці кніг на лацінскай мове не выклікае сумненняў, адначасова як і шматлікасць выданняў на нямецкай мове, на якой друкавалася літаратура Рэфармацыі. Геаграфія выдавецкай прадукцыі ахоплівае большасць еўрапейскіх гарадоў таго часу.
Сярод многіх цэнтраў кнігадрукавання, чыя прадукцыя прадстаўлена ў калекцыі палеатыпаў бібліятэкі, цікавасць выклікае Вітэнберг. Гэты горад на працягу 30 гадоў быў не толькі самым плённым цэнтрам нямецкага кнігадрукавання, але і духоўным цэнтрам Рэфармацыі. Менавіта ў Вітэнбергу выдавец Мельхіёр Лотэр-малодшы надрукаваў знакамітае першае выданне Бібліі Лютэра (1522). У фондзе бібліятэкі захоўваецца больш за 10 выданняў Марціна Лютэра, надрукаваных у Вітэнбергу на працягу 1521–1544 гадоў.
Не менш цікавы і шматлікія выданні, надрукаваныя ў Базелі (каля 30 адз.). Сярод вядомых друкароў у Базелі працавалі Ёган Фрабэн і Гейнрых Петры. Першы праславіўся як друкар лацінскіх і грэчаскіх тэкстаў, якія выдаваў вельмі старанна ў афармленні лепшых мастакоў. Ён апублікаваў шматлікія працы вучонага-гуманіста Эразма Ратэрдамскага. У фондзе бібліятэкі захоўваецца 3 выданні Эразма Ратэрдамскага, надрукаваных Фрабэнам: “Habes iterum Morias Encomiu [m]” (1517); “Enchiridion militis Christiani, saluberrimis praeceptis refertum…” (1518); “Paraphrasis in duas epistolas Pauli ad Corinthios” (1519) Прадукцыя Германіі ў калекцыі палеатыпаў прадстаўлена друкарнямі такіх гарадоў, як Нюрнберг, Аўгсбург, Страсбург, Франкфурт-на-Майне і інш.
Найбуйнейшым цэнтрам італьянскага кнігадрукавання XVI стагоддзя заставалася Венецыя. У калекцыі палеатыпаў бібліятэкі прадстаўлена больш за 25 кніг, выдадзеных у друкарнях горада. У тым ліку і ў друкарні Паола Мануцыя – аднаго з прадстаўнікоў вядомай дынастыі першадрукароў. Выданні Паола Мануцыя прадстаўлены дзвюма кнігамі: “Ησυχίου λεξικóν = Hesychii dictionarium” (1514) і “Officiorum libri tres ... Marci Tullii Ciceronis” (1541).
Нацыянальная бібліятэка Беларусі валодае нядрэннай калекцыяй палеатыпаў, выдадзеных у вядучых цэнтрах кнігадрукавання ў Ліёне і Парыжы. Найбольш плённымі друкарамі тут былі Ёдакус Бадыюс Асцэнзій і сям'я Эцьен. Яны выдавалі класікаў, сучаснікаў, філасофскую і тэалагічную літаратуру.
Кніжная прадукцыя славянскіх краін прадстаўлена ў калекцыі выданнямі польскіх друкароў Іераніма Віетора і Маціяса Шарфенберга, якія працавалі ў Кракаве і садзейнічалі развіццю горада як цэнтра славянскага лацінамоўнага кнігадрукавання. Сярод кракаўскіх выданняў, надрукаваных Іеранімам Віеторам, адзначым “Statuta serenissimi domini Sigismundi Primi Polonie Regis et Magni Ducis Lithuanie …” (1541) і “Decreta et constitutione publice in Conve [n] tu generali Piotrcovien [sis]” (1538).
Да калекцыі палеатыпаў належыць і адзіны ў нашай краіне збор выданняў беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара Францыска Скарыны. Гэта 10 выпускаў (у 6 вокладках) кніг Бібліі, выдадзеных у Празе на працягу трох гадоў, з 1517 да 1519 год.