ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыФонды і калекцыі бібліятэкіСтарадрукаваныя і рэдкія кнігіРукапісы

Рукапісы

R.pngукапісы – зборная назва тэкстаў, напісаных ад рукі, сінонім тэрміна манускрыпт (познелац. – manuscriptum, ад лац. manus – рука і scribo – пішу).

Рукапісны фонд навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства налічвае больш за 10 тысячы адзінак захаваных рукапісных кніг і архіўных матэрыялаў, якія з’яўляюцца часткай нацыянальнага архіўнага фонду Беларусі. У калекцыі прадстаўлены рукапісы і архіўныя дакументы на старабеларускай, беларускай, рускай, польскай, нямецкай, французскай, лацінскай, італьянскай мовах, а таксама на мовах усходніх народаў. Самыя раннія з іх датуюцца XIV ст.

У калекцыю помнікаў славянскага пісьменства ўваходзяць богаслужбовыя кнігі (у тым ліку нотныя – крукавай і лінейнай натацый XVII–XIX стст.), багаслоўскія творы, жыціі святых, зборнікі слоў і павучэнняў, стараверскія зборнікі. Важнае месца ў калекцыі займаюць кірылічныя рукапісныя кнігі, створаныя на беларускіх землях: “Мінея службовая на снежань” (70-я гг. XV ст.), “Пралог, палова верасня” (пач. XVI ст.), “Трэфалогій” (XVI ст.), “Евангелле-апракос” (пач. XVI ст.), “Шасцідневец Іаана Златавуста” (пач. XVII ст.), “Актоіх” (сяр. XVI ст.). У складзе калекцыі – вядомы рукапісны помнік XVI ст. на старабеларускай мове “Тайная тайных, або Арыстоцелевы вароты”. У гэтым унікальным рукапісным зборніку разам з вядомым тэкстам “Арыстоцелевы вароты” прадстаўлена падборка артыкулаў варажбова-прадказальнай тэматыкі.

Унікальная з'ява айчыннай кніжнай культуры – кнігапісная традыцыя беларускіх старавераў, якія стварылі шэраг яркіх па сваім афармленні рукапісных кніг. Цэлы комплекс рукапісаў паходзіць са стараверскіх цэнтраў Гомельскай і Віцебскай абласцей. У першую чаргу гэта нотныя зборнікі: актоіхі, ірмалоі, святы, азбукі пеўчыя, перазвоны.

Вялікую каштоўнасць мае самая вялікая ў краіне калекцыя кітабаў, хамаілаў, тэфсіраў – святых кніг беларускіх татараў на беларускай і польскай мовах, напісаных арабскім пісьмом.

Рукапісы на лацінскай мове прадстаўлены ў асноўным навуковай і вучэбнай літаратурай па філасофіі, тэалогіі, медыцыне, прыродазнаўстве. Дакументы на нямецкай і французскай мовах – гэта пераважна сачыненні гістарычнага, юрыдычнага і літаратурнага зместу (у тым ліку дзённікі і мемуары французскіх салдат і афіцэраў – удзельнікаў напалеонаўскіх войнаў 1800–1815 гг.).

У бібліятэцы захоўваюцца таксама рукапісныя кнігі XV–XVIII стст. на арабскай, персідскай, турэцкай мовах па багаслоўі, мусульманскім праве, логіцы, арабскай граматыцы, паэзіі, гісторыі.

Калекцыя архіўных матэрыялаў налічвае больш за 8,5 тысяч дакументаў. Самыя раннія з беларускіх датуюцца XVII ст.

Фонд архіўных матэрыялаў уключае таксама асабістыя кніжныя зборы беларускіх дзеячаў культуры і навукі: пісьменніка і мастака Каруся Каганца (1894–1917 гг.); бібліятэказнаўца і бібліёграфа, арганізатара і першага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Іосіфа Сіманоўскага (1-я пал. XX ст.); бібліятэказнаўца і бібліёграфа Яўгена Хлябцэвіча (1-я пал. XX ст.); гісторыка-ўсходазнаўца Мікалая Нікольскага (сяр. XX ст.); бібліёграфаў і літаратуразнаўцаў Ніны Ватацы і Валянціны Дышыневіч (2-я пал. XX ст.). Вялікую цікавасць уяўляе збор матэрыялаў, у які ўваходзяць творчыя рукапісы Цішкі Гартнага, Змітрака Бядулі, Якуба Коласа і інш. Аддзел захоўвае таксама рукапісы неапублікаваных навуковых прац першага рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Уладзіміра Пічэты.

Рукапісныя і архіўныя дакументы са збору Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з'яўляюцца важнай крыніцай па гісторыі Беларусі, а таксама Літвы, Польшчы, Расіі. Дакументы адлюстроўваюць у розныя часы і па розных праблемах гісторыю нашай краіны.

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты