ГалоўнаяНавіныДа 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"
30 цікавых фактаў з жыцця Гогаля
“Цікава пачытаць”: кніга “Космос”

Кузьма Чорны – маладняковец: да 100-годдзя ўступлення пісьменніка ў літаб’яднанне “Маладняк”

Кузьма Чорны – маладняковец: да 100-годдзя ўступлення пісьменніка ў літаб’яднанне “Маладняк”
Іншыя Навіны

3 красавіка ўдзельнікі праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ўзялі ўдзел у літаратурна-музычнай імпрэзе “Жыццё як радасць існавання”, прымеркаванай да 100-годдзя ўступлення пісьменніка Кузьмы Чорнага ў літаратурнае аб’яднанне “Маладняк”.

Мерапрыемства было арганізавана ў аграгарадку Цімкавічы Капыльскага раёна, дзе прайшлі дзіцячыя гады класіка беларускай прозы. Менавіта гэты маляўнічы край, яго цудоўныя людзі, іх характары і ўнікальная гаворка, іх жыццё ў кантэксце беларускіх гістарычных падзей адлюстраваны на старонках шматлікіх твораў пісьменніка.

Сустрэча прайшла ў Цімкавіцкай сярэдняй школе імя Кузьмы Чорнага і была прысвечана маладым гадам празаіка, перыяду яго творчага станаўлення, унікальнаму часу, калі юныя хлопцы і дзяўчаты з розных куточкаў Беларусі стварылі “Маладняк” – першае прафесійнае аб’яднанне пісьменнікаў і паэтаў Беларусі, 100-годдзе якога мы адсвяткавалі ў лістападзе 2023 года.

Стаўшы сябрам літаратурнага згуртавання, Кузьма Чорны пачаў актыўна друкавацца ў тагачасных беларускіх газетах і адразу заслужыў высокую адзнаку крытыкаў. Агульную карціну літаратурнага жыцця 1920-х гадоў прадставілі вучням арганізатары і вядучыя імпрэзы – загадчыца Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага Людміла Ніжэвіч і загадчыца Цімкавіцкай сельскай бібліятэкі Вольга Радкевіч.

1-Cimkavichy-2024.jpg

Працягнула сустрэчу выступленне галоўнага бібліёграфа інфармацыйна-аналітычнага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Юліі Амосавай. Яна паведаміла школьнікам пра сапраўдныя кніжныя раратэты з фондаў “алмаза ведаў” – раннія выданні Кузьмы Чорнага-маладнякоўца, якім ужо амаль 100 гадоў: зборнікі “Апавяданні” (1925), “Срэбра жыцця” (1925), “Па дарозе” (1926) з серыі “Кніжніца «Маладняка»”. Вучні даведаліся, што творы іх земляка пачынаючы з 1940-х гадоў ставіліся на сцэне беларускіх тэатраў, а па матывах апавяданняў пісьменніка быў зняты фільм “Маё дзела цялячае” (1998), відэафрагмент якога прагледзелі падчас імпрэзы. Выступленне было пабудавана ў форме дыялога са старшакласнікамі. Вельмі прыемна, што цімкавіцкія школьнікі добра ведаюць факты з жыцця і творчасці земляка, пазнаюць іншых пісьменнікаў-маладнякоўцаў на фотаздымках. За правільныя адказы кожны атрымаў сувенір з Нацыянальнай бібліятэкі.

2-Cimkavichy-2024.jpg

За апошні час бібліятэкі Мінскай вобласці актыўна далучыліся да літаратурна-краязнаўчага праекта “Пісьменнікі – ураджэнцы роднага краю”, у межах якога напрацягу 2023 года праходзіў абласны конкурс на стварэнне лепшага віртуальнага рэсурсу пра пісьменніка-земляка на сайтах бібліятэк. Кіраўніком праекта выступіла Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна. Пра віртуальныя музеі, прысвечаныя пісьменнікам-маладнякоўцам Кузьме Чорнаму, Язэпу Пушчы, Міколу Нікановічу і Паўлюку Трусу распавяла школьнікам загадчыца аддзела бібліятэказнаўства пушкінскай бібліятэкі Таццяна Лаўрык.

3-Cimkavichy-2024.jpg

Напрыканцы літаратурна-музычнай імпрэзы выступіла загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя А. Астрэйкі Ірына Пятровіч, якая раскрыла вучням цікавыя старонкі ранніх апавяданняў Кузьмы Чорнага, змешчаных у першым томе акадэмічнага збору твораў празаіка, падрыхтаваным супрацоўнікамі Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі і выдавецтвам “Беларуская навука” ў 2023 годзе.

4-Cimkavichy-2024.jpg

Цудоўным упрыгожаннем сустрэчы стала выступленне настаўніцы па класе цымбалаў Цімкавіцкай дзіцячай школы мастацтваў Веранікі Зянько. У яе выкананні прагучаў беларускі народны найгрыш, а напрыканцы імпрэзы госці з задавальненнем праслухалі задушэўны “Мой родны кут” Ігара Лучанка, які па-майстэрску сыграла цымбалістка. Да музычных выступленняў далучыўся і юны акардыяніст, вучань 6 класа Цімкавіцкай сярэдняй школы Вітаўт Чарняўскі, які выканаў мелодыю “Саўка ды Грышка”.

5-Cimkavichy-2024.jpg

Літаратурна-музычная імпрэза “Жыццё як радасць існавання” сапраўды стала радасцю для яго ўдзельнікаў. Нацыянальная бібліятэка Беларусі дзякуе арганізатарам мерапрыемства за гасціннасць і душэўнасць, якія заўсёды пануюць на цудоўных цімкавіцкіх ініцыятывах!

Матэрыял пададзены Юліяй Амосавай, галоўным бібліёграфам інфармацыйна-аналітычнага аддзела.
Фота Таццяны Лаўрык і Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя А. Астрэйкі

Навіны

“На сцежках светлай вясны” Паўлюка Труса

21 Май 2024

16 мая ўдзельнікі праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі Уздзенскую цэнтральную раённую бібліятэку імя Паўлюка Труса, дзе ўзялі ўдзел у літаратурна-музычным свяце “На сцежках светлай вясны…”, прымеркаваным да 120-годдзя з дня нараджэння выдатнага паэта, удзельніка літаб’ядання “Маладняк”, ураджэнца Уздзеншчыны Паўлюка Труса (1904–1929).

Да 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"

Пошук патэнтных дакументаў у сетцы Інтэрнэт

20 Май 2024

17 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў рамках адукацыйнага семінара “Пошук патэнтных дакументаў у сетцы Інтэрнэт” прайшоў практычны трэнінг па правядзенні патэнтнага пошуку.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

20–26 мая 1944 г. 15 тыдняў да Вызвалення

21 Май 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Бібліятэкарам