ГалоўнаяНавіныМастацкія выстаўкі
Мы прыйшлі на зямлю, каб любіць
Нацыянальная бібліятэка на ХХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы

“На мяжы рэальнасці”: у бібліятэцы пачала працу выстаўка Рыгора Мяжуева

 “На мяжы рэальнасці”: у бібліятэцы пачала працу выстаўка Рыгора Мяжуева
Іншыя навіны

21 сакавіка ў галерэі “Лабірынт” (3-ці паверх) адкрылася выстаўка “На мяжы рэальнасці”, прымеркаваная да 65-гадовага юбілею мастака Рыгора Мяжуева. Экспазіцыя падрыхтавана ў рамках Года міру і стварэння.

Аўтар – выпускнік мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педінстытута (цяпер – Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава). Працуе ў жывапісе і акварэлі ў жанрах пейзажа, нацюрморта і партрэта, выкладае малюнак і кампазіцыю ў гімназіі-каледжы мастацтваў у Маладзечна. З 1996 г. прымае ўдзел у шматлікіх беларускіх мастацкіх выстаўках акварэлі і зборных выставачных праектах.

Прадстаўленыя ў экспазіцыі работы знаёмяць гледача з абстрактнымі кампазіцыямі, беларускімі краявідамі і класічнымі нацюрмортамі. Рыгора Васільевіча натхняюць беларускі вясковы побыт і традыцыі, былыя фальваркі і старыя замкі, адметныя краявіды і прыродныя з’явы. Эксперымент і класіка – два розныя амплуа, у якіх аўтар працуе на працягу жыцця.

Кранальныя, цёплыя беларускія краявіды, камерныя, рамантычныя нацюрморты выкананы з бездакорным майстэрствам і глыбокай павагай да беларускай гісторыі і традыцый. Мастак разважае аб нябёсах і зямлі, часе і пытаннях быцця, яго захапляе прыгажосць родных мясцін, успаміны пра свае карані. Мінулае паўстае як бы застылым у часе, з адценнем настальгіі, асэнсаванасці сённяшняга дня. Вясковы хатні побыт, з пяшчотай прапісаныя дробязі нагадваюць рэтрафотаздымкі. Сярод улюбёных сюжэтаў – куточкі маладзечанскага краю, асабліва звязаныя з Янкам Купалам (пейзажы “Вязынка”, “Яхімоўшчына”) і Максімам Багдановічам (“Ракуцёўшчына”).

Адкрыла выстаўку генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аксана Кніжнікава. Яна павітала гасцей і пажадала аўтару натхнення ў творчасці.

Сваімі ўражаннямі падзялілася першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў, мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч. Павіншавалі аўтара з адкрыццём экспазіцыі яго сябры і калегі – намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Гімназіі-каледжа мастацтваў г. Маладзечна Святлана Цар; мастак, член Беларускага саюза мастакоў, загадчык мастацкага аддзялення гімназіі-каледжа Мікалай Аўчыннікаў і мастак, член Беларускага саюза мастакоў, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Васіль Касцючэнка.

Запрашаем наведвальнікаў адпачыць душой на хвалях аўтарскай інтэрпрэтацыі і фантазіі, атрымаць асалоду ад вытанчанага мастацтва віцебскай акварэльнай школы і выйсці за межы рэальнасці ў прастору мастацкай гармоніі.


Экспазіцыя будзе працаваць да 23 мая 2023 года.
Дата заканчэння яе працы можа быць зменена.

Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.

Тэлефон для даведак: (8 017) 368 37 37.

Матэрыял пададзены аддзелам сувязей з грамадскасцю.

Навіны

“На сцежках светлай вясны” Паўлюка Труса

21 Май 2024

16 мая ўдзельнікі праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі Уздзенскую цэнтральную раённую бібліятэку імя Паўлюка Труса, дзе ўзялі ўдзел у літаратурна-музычным свяце “На сцежках светлай вясны…”, прымеркаваным да 120-годдзя з дня нараджэння выдатнага паэта, удзельніка літаб’ядання “Маладняк”, ураджэнца Уздзеншчыны Паўлюка Труса (1904–1929).

Да 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"

Пошук патэнтных дакументаў у сетцы Інтэрнэт

20 Май 2024

17 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў рамках адукацыйнага семінара “Пошук патэнтных дакументаў у сетцы Інтэрнэт” прайшоў практычны трэнінг па правядзенні патэнтнага пошуку.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

20–26 мая 1944 г. 15 тыдняў да Вызвалення

21 Май 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Бібліятэкарам