ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Як Нацыянальная бібліятэка Беларусі дапамагае чытачам з інваліднасцю па зроку
Да ўвагі аўтараў, навуковых работнікаў, выдаўцоў!

Да 80-годдзя Вялікай Перамогі: Беларусь цябе памятае, Мамадалі!

Да 80-годдзя Вялікай Перамогі: Беларусь цябе памятае, Мамадалі!
Іншыя Навіны

Ураджэнец Рыштанскага раёна Ферганскай вобласці, камандзір разведвальнага аддзялення 5-га атрада партызанскай брыгады “Чэкіст” Мамадалі Тапвалдыеў (1919–1969) – Герой Савецкага Саюза “...За асаблівыя заслугі ў развіцці партызанскага руху ў Беларусі” з’яўляецца памятным сувязным звяном Беларусі і Узбекістана.

20 лютага на базе Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася XV Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Бібліятэка ў XXI стагоддзі: дзейнасць, ініцыятывы і вынікі”. У рамках рэалізацыі праграмы патрыятычнага выхавання насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2022–2025 гады, галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева ў сістэме патрыятычнага выхавання Рэспублікі Беларусь”.

Бібліяграфічная і біяграфічная інфармацыя аб гераічным мінулым была прадстаўлена як фундаментальны кампанент у фарміраванні патрыятычных пачуццяў, усведамленні неабходнасці захавання памяці аб гістарычных подзвігах абаронцаў Айчыны, павышэнні ўзроўню адказнасці за сучаснасць і будучыню нашай Радзімы ва ўсіх узроставых груп насельніцтва.

Бібліяграфічны партрэт Мамадалі Тапвалдыева прадстаўлены нарысамі і артыкуламі на старонках біяграфічных даведнікаў, зборнікаў, энцыклапедый, часопісаў (“Звезда Востока”, “Коммунист Белоруссии”, “Нёман”, “Общественные науки в Узбекистане”, “Советский экран”) і газет (“Белорусская нива”, “Вечерний Минск”, “Витебский рабочий”, “Во Славу Родины”, “Звезда”, “Знамя юности”, “Комсомольская правда”, “Могилёвская правда”, “Советская Белоруссия”). Інтэрнэт-партал Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта, міжнародны патрыятычны інтэрнэт-праект “Героі краіны”, спецпраект Выдавецкага дома “Беларусь сёння” і Нацыянальнага архіва Беларусі “Партызаны Беларусі” змяшчаюць біяграфічныя звесткі і адсканаваныя арыгіналы дакументаў прадстаўлення да ўзнагароды.

Біяграфія Мамадалі Тапвалдыева можа заняць ганаровае месца ў такіх бібліятэчных мерапрыемствах, прымеркаваных да 80-годдзя Вялікай Перамогі, як перасоўныя выставы і цыклы бібліяграфічных партрэтаў для воінскіх частак, бібліяграфічныя майстар-класы па працы з даведачнымі выданнямі і матэрыяламі сістэматычнай картатэкі артыкулаў, комплексныя бібліяграфічныя ўрокі, інфармацыйныя гадзіны і практыкумы, міжнародныя бібліятэчныя конкурсы літаратурных (сторытэлінг, эсэ, паэзія, драматургія) і мастацкіх (карціны ў тэхніцы алей і акварэль, графіка, інсталяцыі, малюнкі, скульптура) работ. Пры падвядзенні вынікаў работы канферэнцыі, арганізатарамі было прапанавана Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прыняць удзел з прэзентаваным цыклам бібліяграфічных урокаў у праекце “Школа актыўнага грамадзяніна” Першамайскага раённага выканаўчага камітэта, прымеркаванага да 80-годдзя Вялікай Перамогі.

Пагалоска пра адвагу першынца Тапібалдзі акі і Мелібуві грымела на ўсю Беларусь. Малады хлопец падрываў нямецкія казармы і эшалоны, узяў у палон 76 нацыстаў і аднаго генерала. Камандзір разведгрупы “Чэкіст” Мамадалі Тапвалдыеў, выразаючы кінжалам на дрэвах сваю партызанскую мянушку “Казбек”, пакідаў след і трымаў немцаў у страху. Адольф Гітлер абяцаў за яго галаву 50 000 рэйхсмарак.

Мамадалі ўзначальваў атрад, які дзейнічаў у Рацэўскіх лясах на Магілёўшчыне. На рахунку яго падраздзялення: мініраванне мастоў і дарог, знішчэнне варожых груповак, вызваленне ваеннапалонных з ускраін акупаванага Барысава і цэнтра Талачынскага раёна, удзел у вырашальных аперацыях “Штурмавой групы”, дастаўка важных данясенняў Вярхоўнаму Галоўнакамандуючаму.

Кожны раз яму ўдавалася пазбегнуць расправы. Збегшы ад паліцаяў сяла Круглае, аб’яднаў на барацьбу мужчын з бліжэйшых вёсак – Дудаковічы і Аглоблі. Будучы адзін у Варанцэвічах і Лукішках, з адлегласці трапнага стрэлу, адкрыў агонь па надыходзячым гітлераўцам. У ліпені 1944 г. быў прызначаны кіраўніком Аршанскай камендатуры 2-га Беларускага фронту.

Topvaldyev_Mamadali.jpg

У гонар Мамадалі Тапвалдыева ў пгт. Круглае і Рыштане ўстаноўлены помнікі, названы школы і вуліцы, в. Пасерава была перайменавана ў Тапвалдыеўку, у Круглянскім раёне былі заснаваны прызавыя месцы для лепшых аператараў збожжатокаў і экіпажаў збожжаўборачных камбайнаў, зняты фільм “Незабытая песня” (1974), выйшла кніга Тулкінжона Західава пра партызана з Рыштана.

У рамках афіцыйнага візіту Прэзідэнта Рэспублікі Узбекістан Шаўката Мірзіёева ў Беларусь у жніўні 2019 г. было падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Круглянскім раённым выканаўчым камітэтам Магілёўскай вобласці і Хакіміятам Рыштанскага раёна Ферганскай вобласці Рэспублікі Узбекістан.

У верасні 2019 г. Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Узбекістан прымала ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных 100-гадоваму юбілею з дня нараджэння абаронцы Беларусі, Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева ў Ташкенце.

У сакавіку 2021 г. на ХІІІ Ташкенцкім міжнародным кінафестывалі “Жамчужына Шаўковага шляху” кінастудыя “Беларусьфільм” і Узбекскае агенцтва кінематаграфіі падпісалі Мемарандум аб супрацоўніцтве і Пагадненне аб намеры зняць поўнаметражны мастацкі фільм з працоўнай назвай “Казбек”.

Эфектыўнае ўздзеянне на свядомасць грамадзян аказвае біяграфічная інфармацыя, якая ўзнаўляе гісторыю жыцця і подзвігу чалавека ў разрэзе падзей яго эпохі. Подзвігі Герояў Савецкага Саюза і вядомых удзельнікаў партызанскага руху з’яўляюцца для падрастаючага пакалення беларусаў найбольш яркімі прыкладамі належнага стаўлення грамадзяніна да Радзімы.

Назаўжды ў гісторыю нашай дзяржавы ўпісаны імёны воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія нароўні з грамадзянамі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі прымалі ўдзел у вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сёння агульная гістарычная памяць, славутая подзвігамі нашых дзядоў і прадзедаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, з’яўляецца асновай міжэтнічных адносін брацкіх народаў.

Беларусь і Узбекістан звязваюць цёплыя сяброўскія і дзелавыя адносіны. Падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі, навукі і тэхнікі, аграпрамысловага комплексу, створаны сумесны Беларуска-Узбекскі міжгаліновы інстытут прыкладных тэхнічных кваліфікацый у горадзе Ташкенце.

На тэрыторыі Узбекістана дзейнічаюць нашы прадпрыемствы па зборцы беларускай тэхнікі, вытворчасці абутку і зварачных электродаў, працягваецца кааперацыйнае супрацоўніцтва акцыянерных таварыстваў “МАЗ” і “KRANTAS GROUP”, падпісаны ўстаноўчыя дакументы беларуска-ўзбекскага сумеснага прадпрыемства па вытворчасці малочнай прадукцыі, рэалізуюцца сумесныя праекты па вытворчасці лекавых сродкаў і г.д.

У мірны час Заслужаны хлебароб з Сярэдняй Азіі быў частым і жаданым госцем у Беларусі. Дзясяткі вагонаў драўніны былі адпраўлены беларусамі па яго просьбе на станцыю Сярова (Фуркат) для будаўніцтва. Нашы землякі прыязджалі ва Узбекістан да свайго аднапалчаніна. Біяграфію Мамадалі Тапвалдыева, якога беларусы ласкава называлі Азіяцкім Львом з Пандыгана, немагчыма даследаваць без слёз і захаплення.

Беларусь Мамадалі называў Айчынай, а галоўнай узнагародай лічыў вёску Тапвалдыеўку (Пасерава). Тут, у пачатку ваеннага ліхалецця, грамадзянка Беларусі выратавала яму жыццё і стала маці. Жанчына схавала салдата ў склепе, за што паплацілася жорсткім збіццём і спаленым жыллём. Пасля сын-узбек пабудаваў новы дом маці Ганне, часта наведваў. Ва ўзросце 82 гадоў, Ганна Васільеўна Рылькова адвезла жменю вызваленай беларускай зямлі на магілу свайго ўзбекскага сына, сустрэлася з яго сям’ёй.

Самаадданасць, з якой змагаўся за Беларусь малады узбек, – яркі прыклад для падрастаючых пакаленняў. Наш Герой трагічна загінуў напярэдадні Дня Перамогі 7 мая 1969 г., але памяць пра яго будзе жыць у стагоддзях. Беларусь цябе памятае, Мамадалі! Пастараемся ж і мы быць годнымі тваёй вялікай перамогі!

Матэрыял падрыхтаваны галоўным бібліёграфам аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольгай Палунчанка.

Навіны

У бібліятэцы ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу “Знайдзі скарбы”

3 Чэр 2024

3 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся фінал культурна-асветніцкай акцыі “Знайдзі скарбы”, ініцыяванай прадстаўніцтвам Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

3–9 чэрвеня 1944 года. 13 тыдняў да Вызвалення

4 Чэр 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Беларусь няскораная

3 Чэр 2024

З 6 мая па 5 ліпеня ў зале даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання (пам. 257) праходзіць кніжная выстава “Беларусь няскораная”, прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Кніжныя выстаўкі

Вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

31 Май 2024

23 мая 2024 года загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 100 зацверджаны вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам