ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Нацыянальная бібліятэка – на Дошцы гонару Першамайскага раёна
Пасяджэнне тэхналагічнага камітэта сістэмы карпаратыўнай каталагізацыі бібліятэк Беларусі

Круглы стол “Аляксей Сапуноў: спадчына збіральніка віцебскай даўніны” (+відэа)

Круглы стол “Аляксей Сапуноў: спадчына збіральніка віцебскай даўніны” (+відэа)
Іншыя Навіны

17 сакавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся круглы стол “Аляксей Сапуноў: спадчына збіральніка віцебскай даўніны”, прымеркаваны да 170-годдзя з дня нараджэння гісторыка, археографа, краязнаўца Аляксея Парфёнавіча Сапунова.

Праграма навуковага мерапрыемства ўключала даклады экспертаў у галіне спадчыны выдатнага навукоўца. У пасяджэнні прынялі ўдзел вучоныя, спецыялісты бібліятэк, музеяў і архіваў.

Мадэратарам мерапрыемства выступіў Аляксандр Аляксандравіч Суша, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, які нагадаў пра папярэднія праекты па даследаванні спадчыны Аляксея Сапунова, у тым ліку пра зборнік матэрыялаў навукова-практычнай канферэнцыі “Книжное наследие А.П. Сапунова”, выдадзены Нацыянальнай бібліятэкай.

Sapunou-KS-0.jpg

Аляксандр Суша запрасіў наведаць выставу “Руплівец беларускай даўніны” ў музеі кнігі, прымеркаваную да 170-годдзя з дня нараджэння Аляксея Сапунова і 100-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Выступоўца акцэнтаваў увагу на экспанаце, якога няма на выставе. Гэта знакаміты “згублены” Статут ВКЛ 1588 г. са збораў Аляксея Сапунова. У 1920-х гг. ён трапіў у зборы Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі (сёння Нацыянальная бібліятэка Беларусі). Аляксей Сапуноў прапанаваў дырэктару бібліятэкі Іосіфу Сіманоўскаму набыць Статут і іншыя каштоўныя кнігі са свайго кнігазбору, што пасля пэўных выпрабаванняў і адбылося. У часе Другой сусветнай вайны Статут знік. Праз пэўны час ён трапіў у Беларускую бібліятэку і музей імя Францыска Скарыны ў Лондане. Дакладчык звярнуў увагу на цікавыя правененцыі асобніка.

Таццяна Мікалаеўна Захарава, загадчыца сектара музейнай дзейнасці навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі выступіла з дакладам “Кнігазбор А.П. Сапунова ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі”.

Sapunou-KS-1.jpg

На падставе архіўных крыніц былі адлюстраваны падзеі, звязаныя з набыццём прыватнага кнігазбору віцебскага даследчыка ў фонд Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі. Закупка была праведзена ў 1923 г. пры непасрэдным удзеле першага дырэктара бібліятэкі І.Б. Сіманоўскага. У дакладзе прасочаны далейшы лёс кнігазбору А.П. Сапунова ў фондзе бібліятэкі і агучаны перспектывы яго выяўлення і рэканструкцыі. Т.М. Захарава  паведаміла аб запланаванай навукова-даследчай рабоце (НДР) “Прыватныя бібліятэкі Віцебшчыны ХІХ ст.: кніжная спадчына А.П. Сапунова ў фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі”, якая будзе ажыццёўлена НДА кнігазнаўства ў 2021 г.

Надзея Пятроўна Варламава, загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела Віцебскага абласнога краязнаўчага музея прадставіла даклад “Архіў А.П. Сапунова ў фондах Віцебскага абласнога краязнаўчага музея”.

Sapunou-KS-2.jpg

У дакладзе асноўная ўвага была нададзена асабістаму альбому А.П. Сапунова, які ўтрымлівае 142 дакументы да біяграфіі гісторыка з 1883 па 1924 г. Усе дакументы ў альбоме адабраны і закампанаваны самім Аляксеем Парфёнавічам у перыяд з 1907 па 1924 г. і адлюстроўваюць асноўныя этапы жыццёвага і навукова-даследчага шляху гісторыка. Сярод найбольш цікавых комплексаў можна вылучыць дакументы аб яго ўдзеле ў дзейнасці Дзяржаўнай Думы трэцяга склікання; пасведчанне дэпартамента Герольдыі Сената аб прызнанні А.П. Сапунова ў нашчадкавым дваранстве; віншаванні з нагоды 25-годдзя выкладчыцкай і навуковай дзейнасці; дакументы, якія тычацца пераносу мошчаў Еўфрасінні Полацкай з Кіева ў Полацк у 1910 г.; пасведчанні аб прысваенні вучонаму Увараўскай прэміі; дыпломы аб абранні яго членам Маскоўскага археалагічнага інстытута, сапраўдным членам Імператарскага рускага геаграфічнага таварыства, Рускага археалагічнага таварыства і інш. Сярод дакументаў змешчаны лісты А. Семянтоўскага, Б. Эпімах-Шыпілы, Д. Даўгялы, П. Шэйна, а таксама ліст ад І. Рэпіна з падзякай за падараваныя асобнікі кніг “Віцебская даўніна”.

Святлана Мікалаеўна Мясаедава, вядучы архівіст Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці выступіла з дакладам “Дакументы Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці аб жыцці, дзейнасці і спадчыне Аляксея Парфёнавіча Сапунова”.

Sapunou-KS-3.jpg

Даклад прысвечаны апошнім гадам жыцця прафесара А.П. Сапунова. Пасля 1917 г. гісторык працаваў у савецкіх установах. У Віцебскім губернскім статыстычным бюро ён узначальваў секцыю дэмаграфічнай статыстыкі (1918–1919), спрабаваў сабраць разам і зберагчы метрычныя кнігі цэркваў, касцёлаў. У Віцебскім губернскім архіўным фондзе (1919–1922) кіраваў так званым “другім аддзелам”, займаўся абследаваннем ліквідаваных архіваў дырэкцый вучэбных, навуковых, фінансавых, гандлёвых, гарадскіх устаноў, паштова-тэлеграфных кантор. 67-гадовы прафесар наведваў такія месцы, куды цяжка было дабрацца ў той неспакойны час. Ехаў па магчымасці цягніком, а часцей за ўсё – на конях, хворых і галодных. Адначасова Аляксей Парфёнавіч працаваў і як інструктар Камісіі па ахове помнікаў даўніны і мастацтва (1920–1921), дапамагаў арганізоўваць музейныя ячэйкі ў Суражскім, Сенненскім, Полацкім паветах. Матэрыяльная становішча навукоўца было вельмі дрэнным. Ён з’ехаў са сваёй сядзібы ў вёсцы Бернікі Каралёўскай воласці ў Віцебск “для разбору архіўных дакументаў”, валасны выканкам аддаў дом Аляксея Парфёнавіча, адзіную яго маёмасць, “нейкім чырвонаармейцам”, якія хутка разабралі і перавезлі яго у суседнюю вёску. Да канца жыцця вучоны жыў на кватэры, якую здымаў.

Ірына Уладзіміраўна Градоўкіна, загадчыца навукова-даследчага аддзела бібліяграфіі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прадставіла даклад “А.П. Сапуноў у гісторыі Віцебскай вучонай архіўнай камісіі”.

Sapunou-KS-4.jpg

Дакладчыца грунтоўна разгледзела ўдзел А.П. Сапунова ў стварэнні і дзейнасці Віцебскай вучонай архіўнай камісіі (1909–1919). Гэта арганізацыя, нягледзячы на кароткі перыяд існавання, стала своеасаблівым навуковым, адукацыйным, культурным цэнтрам, які кансалідаваў мясцовую інтэлігенцыю ў справе аховы гістарычных помнікаў, даследавання і папулярызацыі гісторыі, этнаграфіі, геаграфіі, археалогіі роднага краю, збірання прадметаў даўніны, выяўлення старажытных дакументаў. Дзейнасць вучонага паказана праз дакументы і матэрыялы, прадстаўленыя ў мультымедыйным выданні “Деятельность Витебской ученой архивной комиссии (1909‒1919)”. Выданне падрыхтавана ў 2017 г. Нацыянальнай бібліятэкай у супрацоўніцтве з Віцебскай абласной бібліятэкай, Віцебскім абласным краязнаўчым музеем, гістарычным факультэтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі ў межах прыкладной НДР “Віртуальная рэканструкцыя дакументаў і матэрыялаў па рэгіянальнай гісторыі Беларусі” (2015‒2020).

Людміла Уладзіміраўна Хмяльніцкая, гісторык, рэдактар гістарычнага навукова-пакулярнага альманаха “Віцебскі сшытак”, прадставіла даклад “Прафесар А.П. Сапуноў: ушанаванне памяці. 1924–2021”.

Sapunou-KS-5.jpg

У дакладзе прагучала інфармацыя аб ушанаванні памяці віцебскага гісторыка і краязнаўца. Першае мерапрыемства ў гонар яго адбылося праз 13 дзён пасля смерці Аляксея Парфёнавіча яшчэ ў 1924 г. Аднак шанаванне яго памяці прыпынілася з-за агульных ідэалагічных тэндэнцый у савецкай дзяржаве, якая лічыла Сапунова “буржуазным гісторыкам”. Аднаўленне цікавасці да прац і спадчыны вучонага пачалося з 1957 г. намаганнямі Н. Дарафеенка, затым у 1960-я і 1970-я гг. – А. Падліпскага. Аднак 1000-годдзе Віцебска было адсвяткавана без згадак імя Сапунова, тым не менш з 1980-х гг. імя славутага віцябляніна дзякуючы выхаду цэлага шэрагу краязнаўчых прац па гісторыі нашага краю пачало вяртацца ў беларускую навуку. У 1987 г. імем А.П. Сапунова была названа адна з вулачак Віцебска.

Сапраўднае аднаўленне памяці пра гісторыка пачалося з 1990-х, калі ў Віцебску пачалі праводзіць чытанні імя А.П. Сапунова, круглыя сталы, адзначаць яго юбілеі, пачало дзейнічаць грамадскае аб’яднанне “Віцебскі краязнаўчы фонд імя А.П. Сапунова”, а таксама выходзіць прысвечаныя яму кнігі (аўтарства А. Падліпскага, Л. Хмяльніцкай, Д. Газіна) і ўрэшце быў пастаўлены памятны знак у гонар славутага віцябляніна на месцы фальварка Кахоўка, які належаў раней Сапуновым. За апошнія два дзесяцігоддзі выйшаў шэраг артыкулаў па матэрыялах гісторыка аўтарства В. Шышанава, Н. Шаркоўскай, В. Давідоўскай, Н. Варламавай.

Сённяшняе мерапрыемства, як і выстава ў гонар 170-годдзя з дня нараджэння А.П. Сапунова, – яшчэ адно звяно ў ланцужку ўшанавання памяці, а таксама ўвагі да навуковых прац выбітнага гісторыка і краязнаўцы, сапраўднага рупліўца даўніны з Віцебска.

Круглы стол адбыўся ў жывым эфіры з трансляцыяй у Ютубе. Запіс можна паглядзець тут:

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.

Навіны

“На сцежках светлай вясны” Паўлюка Труса

21 Май 2024

16 мая ўдзельнікі праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі Уздзенскую цэнтральную раённую бібліятэку імя Паўлюка Труса, дзе ўзялі ўдзел у літаратурна-музычным свяце “На сцежках светлай вясны…”, прымеркаваным да 120-годдзя з дня нараджэння выдатнага паэта, удзельніка літаб’ядання “Маладняк”, ураджэнца Уздзеншчыны Паўлюка Труса (1904–1929).

Да 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"

Пошук патэнтных дакументаў у сетцы Інтэрнэт

20 Май 2024

17 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў рамках адукацыйнага семінара “Пошук патэнтных дакументаў у сетцы Інтэрнэт” прайшоў практычны трэнінг па правядзенні патэнтнага пошуку.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

20–26 мая 1944 г. 15 тыдняў да Вызвалення

21 Май 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Бібліятэкарам