ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Даследчык манускрыптаў Скот Кэрал на занятках “Клуба кніжных прафесараў”
Ад скруткаў Мёртвага мора да цяперашніх дзён

Сёння – 125 гадоў з дня нараджэння Паўліны Мядзёлкі

Сёння – 125 гадоў з дня нараджэння Паўліны Мядзёлкі
Іншыя навіны

24 верасня 1893 г. нарадзілася Паўліна Вікенцьеўна Мядзёлка – дзеяч беларускай культуры, педагог, заслужаны дзеяч культуры Беларусі.

Імя Паўліны Вікенцьеўны Мядзёлкі, жанчыны рамантычнай, незвычайнай і ўзнёслай, знаходзіцца ў сузор’і найлепшых прадстаўнікоў нашай Радзімы. Яна пражыла нялёгкае, насычанае цікавымі падзеямі жыццё.

Нарадзілася Паўліна ў в. Будслаў Вілейскага павета Віленскай губерні у сялянскай сям’і, якая ў 1898 г. пераехала ў Глыбокае. Дзяўчына самастойна навучылася чытаць, у 1903 г. скончыла Глыбоцкае царкоўна-прыходскае вучылішча. У 1909 г. паступіла ў Віленскую прыватную жаночую гімназію К.П. Няздзюравай. Наведвала вечарыны, што адбываліся ў “Беларускай хатцы” і садзейнічалі росту нацыянальнай самасвядомасці. Там бліжэй пазнаёмілася з культурна-грамадскімі дзеячамі і пісьменнікамі А. Бурбісам, Цёткай, З. Бядулем, Ядвігіным Ш і інш.

У 1914 г. у Пецярбургу П. Мядзёлка скончыла Вышэйшыя камерцыйныя курсы. Прымала ўдзел у вечарынах беларускай моладзі, што праходзілі ў кватэры Б. Эпімаха-Шыпілы, аматарскіх тэатральных пастаноўках. Прысутнічала на цікавых сустрэчах з дзеячамі беларускай культуры – Я. Драздовічам, А. Грыневічам, С. Казурам, Ц. Гартным, – дзякуючы якім рана далучылася да культурна-грамадскай дзейнасці. Паўліна Вікенцьеўна працавала ў рэдакцыях, здабывала паперу для друкавання беларускіх падручнікаў, пісала вершы.

Мядзёлка.jpgНа фарміраванне яе асобы вялікі ўплыў аказала творчасць Янкі Купалы і сам паэт, з якім яе звязвала шчырае сяброўства. У гэты час пісьменнік закончыў сваю п’есу “Паўлінка”. Прэм’ера ў пастаноўцы Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў у Пецярбургу адбылася 9 лютага 1913 г. Роля Паўлінкі стала галоўнай тэатральнай удачай П. Мядзёлкі.

Пасля заканчэння курсаў Паўліна пакінула Пецярбург і пераехала ў Вільню. У 1914 г. яна – ўдзельніца Беларускага музычна-драматычнага гуртка. У гады Першай сусветнай вайны была ў эвакуацыі ў Расіі і Украіне. Працавала выхавацелькай у дзіцячым прытулку, адказным сакратаром у Беларускім камітэце дапамогі ахвярам вайны, у аддзеле дапамогі ахвярам вайны ў Саюзе гарадоў па арганізацыі дзіцячых прытулкаў.

У 1917 г. арганізавала беларускую школу ў в. Жорнаўцы Ігуменскага павета. Праз год пераехала ў Мінск. Працавала настаўніцай і выступала на сцэне Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Далей былі два арышты польскімі акупацыйнымі ўладамі (першы – у Гродне ў 1919 г., другі – у Мінску ў 1920 г.). У 1922 г. настаўнічала ў Дзвінскай беларускай гімназіі, дзе разам з іншымі выкладчыкамі была беспадстаўна арыштавана, потым апраўдана, але звольнена з працы.

У 1925-м П. Мядзёлка была накіравана ў Клімавічы, дзе чытала лекцыі па беларускай мове і літаратуры на курсах павышэння кваліфікацыі настаўнікаў. Працавала навуковым супрацоўнікам сектара мастацтва ў Інбелкульце, выкладала родную мову ў сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках.

У 1930 г. у Маскве, куды прыехала на лячэнне, была арыштавана. У сакавіку 1931 г. прыгаворана да пяці гадоў высылкі ў Казань. Праз год ёй дазволілі вярнуцца ў Маскву, дзе жыла з 1932 па 1947 г. Працавала выкладчыцай рускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе. Пасля ссылкі жыццё П. Мядзёлкі ператварылася ў барацьбу за існаванне: абразы, беспадстаўныя абвінавачванні, звальненні з работы.

У 1947-м пераехала ў в. Будслаў, дзе да 1958 г. працавала настаўніцай у мясцовай школе. Арганізавала ў ёй харавы і драматычны гурткі. Вынікам пражытага і перажытага, запаветам, які яна пакінула пасля сябе, сталі мемуары “Сцежкамі жыцця”(1974, ч. 2 надрукавана ў 1993 г.).

У 1966 г. П.В. Мядзёлцы прысвоена званне заслужанага дзеяча культуры Беларусі. Апошнія гады яе жыцця прайшлі ў роднай вёсцы, там у 1974 г. яна памерла і пахавана.

Паўліна Мядзёлка, Ларыса і Янка Геніюшы, Ніна Лойка. Зэльва, 1968.jpgПаўліна Мядзёлка, Ларыса і Янка Геніюшы, Ніна Лойка. Зэльва, 1968

Розныя перыяды і аспекты надзвычай насычанай падзеямі і сустрэчамі біяграфіі Паўліны Вікенцьеўны Мядзёлкі па-ранейшаму натхняюць вучоных і пісьменнікаў на іх даследаванне і пераасэнсаванне. Захаваўся яе асабісты фонд, які складаецца з каштоўных архіўных дакументаў – рукапісаў “Сцежкамі жыцця”, успамінаў, перапіскі з роднымі і знаёмымі, цікавых бібліяграфічных матэрыялаў, фотаздымкаў з дароўнымі надпісамі ад вядомых асоб беларускай гісторыі.

Таксама інфармацыю па тэме можна знайсці ў фактаграфічнай базе даных “Беларусь у асобах і падзеях”.


Навіны

Аб ролі СМІ ў папулярызацыі культурных каштоўнасцей – адкрыты дыялог з міністрам культуры

6 Май 2024

6 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася традыцыйная сустрэча міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатоля Маркевіча з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, прысвечаная Дню друку і Дню работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

29–30 красавіка – 1–5 мая 1944 года. 18 тыдняў да Вызвалення

30 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Мінскае замчышча: раскопкі 2022–2023 гадоў

3 Май 2024

У 2021-м Савет Міністраў зацвердзіў дзяржаўную праграму “Культура Беларусі” на 2021–2025 гады, якая, між іншага, прадугледжвае даследаванне найбольш значных помнікаў гісторыі, у тым ліку мінскае замчышча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам