ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Запрашаем на заняткі “Рукапісная кніга”
Асоба. Прафесіянал. Чалавек

«Чорны замак Альшанскі» – па-грузінску

«Чорны замак Альшанскі» – па-грузінску
Іншыя навіны

Хто можа сумнявацца ў неабходнасці эканамічных сувязей паміж асобнымі народамі і дзяржавамі? Але не менш важныя і сувязі культурныя.


Урэшце, нярэдка цесныя эканамічныя сувязі прадвызначаюцца менавіта культурнымі, суправаджаюцца імі, і наадварот: эканамічныя праторваюць надзейныя сцяжыны для культурных.

Не буду гадаць, што было першасным – эканоміка ці культура – у даволі цесных і прадказальных беларуска-грузінскіх узаемаадносінах, але, несумненна, культура знаходзіцца тут не на апошнім месцы. Варта прыгадаць не такую ўжо і далёкую гісторыю савецкага часу з гастролямі тэатральных, танцавальных і іншых грузінскіх калектываў у Беларусі і беларускіх – у Грузіі, сустрэчы беларускіх і грузінскіх пісьменнікаў падчас абменных дэкад літаратуры і мастацтва, у дамах творчасці (у Гаграх, на Піцундзе, у «Іслачы» і інш.), сумеснае навучанне маладых грузінскіх і беларускіх літаратараў (напрыклад, Ота Іаселіяні і Уладзіміра Караткевіча) на маскоўскіх літаратурных курсах, вучобу ў Літаратурным інстытуце імя Максіма Горкага і г. д.

На шчасце, не парываюцца гэтыя сувязі і сёння. І калі падчас нядаўняга візіту прэзідэнта Грузіі Георгія Маргвелашвілі ў Мінск афіцыйна канстатаваўся рост беларуска-грузінскіх эканамічных сувязей, то, зусім верагодна, спрыянне гэтаму аказалі і нашы культурныя сувязі. Менавіта яны дапамагаюць азаніраваць тую грамадскую атмасферу, якой дыхаюць нашы народы, ствараць належны мікраклімат нашых узаемаадносін.

Якраз у гэтыя дні я атрымаў жаданы падарунак з Тбілісі. Колішні выхаванец філфака БДУ Вахтанг Салія перадаў пры аказіі дзве кніжкі, перакладзеныя ім на грузінскую мову непасрэдна з беларускай, – творы Уладзіміра Караткевіча: аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» і раман «Чорны замак Альшанскі». Калі аповесць вытрымала ўжо два выданні (2012, 2014), то раман пабачыў свет у сталіцы Грузіі ў самым канцы 2016 года і выклікаў, як паведаміў Вахтанг, вялікую чытацкую цікавасць.

Вахтанг Салія, а таксама Нана Гапрындашвілі займаліся ў маім семінары па гісторыі і тэорыі літаратурных узаемасувязей у 1977–1980 гг. Яны прыехалі ў БДУ па студэнцкім абмене спецыяльна для вывучэння беларускай мовы. Дарэчы, тады ж у адказ мы накіравалі ў Тбіліскі дзяржаўны ўніверсітэт для авалодання грузінскай культурай і мовай вядомага цяпер беларускага пісьменніка і выдаўца Уладзіміра Сіўчыкава. Ён, бадай, пакуль што адзіны з нашых літаратараў, хто грунтоўна ведае грузінскую мову і пры нагодзе перакладае з гэтай мовы на беларускую. Што да Вахтанга, то ў 1987 г. ён бліскуча абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Беларуска-грузінскія літаратурныя ўзаемаадносіны (1920–1980 гг.)» і цяпер, побач з асноўнай працай намесніка генеральнага дырэктара Грузінскага грамадскага тэлебачання, плённа перакладае Уладзіміра Караткевіча, з якім я калісьці яго пазнаёміў асабіста, творы якога ён любіць і чытае ў арыгінале. Што да Наны, то яна звязала свой лёс з навуковай і выкладчыцкай працай. І яе дысертацыі, кандыдацкая і доктарская, таксама звязаны непасрэдна з вывучэннем літаратурных узаемасувязей, мастацкім перакладам, у тым ліку грузінска-беларускім. Не пакінула яна займацца гэтымі праблемамі і цяпер, працуючы прафесарам Тбіліскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Вось такія асацыяцыі выклікаў у мяне атрыманы кніжны падарунак. А разам з асацыяцыямі – і ўпэўненасць у неабходнасці далейшага мацавання нашых культурных узаемін.

Аўтар публікацыі: Вячаслаў РАГОЙША.

Крыніца: газета "Звязда"

Навіны

Памятаем і шануем!

8 Май 2024

Напярэдадні 9 Мая і ў год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прадстаўнікі бібліятэкі правялі рэстаўрацыю і ўборку пахаванняў супрацоўнікаў, якія работалі ва ўстанове ў даваенны і пасляваенны перыяды.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

ЮНЕСКА і Беларусь: 70 гадоў паспяховага супрацоўніцтва

8 Май 2024

З 8 мая па 18 чэрвеня ў аддзеле абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі (пам. 207) адкрыта тэматычная кніжная выстава “ЮНЕСКА і Беларусь: 70 гадоў паспяховага супрацоўніцтва”, прысвечаная 70-годдзю ўступлення Рэспублікі Беларусь у ЮНЕСКА.

Кніжныя выстаўкі

Аб ролі СМІ ў папулярызацыі культурных каштоўнасцей – адкрыты дыялог з міністрам культуры

6 Май 2024

6 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася традыцыйная сустрэча міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатоля Маркевіча з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, прысвечаная Дню друку і Дню работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам