ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Творчыя заняткі “Паўлін”
"Человек, как звезда рождается…": юбілейны вечар Мікалая Чаргінца

Радзіма славутага беларускага класіка

Радзіма славутага беларускага класіка
Іншыя Навіны

30 кастрычніка 2022 года спаўняецца 40 гадоў з часу адкрыцця мемарыяльнай сядзібы ў Акінчыцах, якая ўваходзіць у склад філіяла “Мікалаеўшчына” Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

Пры шляху шырокім,
Дзе стаіць камора,
Я на свет радзіўся
Пад глухі шум бору…
Якуб Колас. На раздарожжы

Акінчыцы – месца нараджэння Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча (сапраўднае імя Якуба Коласа). Спачатку Акінчыцы з’яўляліся засценкам (такога роду селішчы былі раней шырока распаўсюджаны, асабліва ў лясістых маланаселеных месцах, гэта 3–4 хаты з гаспадарчымі пабудовамі), затым вёскай Мінскага павета, з 1977 года знаходзяцца ў межах г. Стоўбцы.

Вялізную тэрыторыю каля Стоўбцаў займае Акінчыцкі лес, у якім шмат раслін, занесеных у Чырвоную кнігу. Назва Акінчыцы паходзіць ад імя збяднелага шляхціца Акінчыца, якому князь Радзівіл наказаў быць ахоўнікам гэтых лясных багаццяў. Так на стыку ХVIII і ХIХ стст. была пабудавана  камора (кантрольна-прапускны пункт), якая месцілася на скрыжаванні старога паштовага гасцінца Мінск – Койданава – Новы Свержань – Нясвіж і гасцінца Стоўбцы – Акінчыцы – Мікалаеўшчына. У абавязкі лесніка-каморніка ўваходзіла праверка дакументаў на лесаматэрыялы, якія вывозіліся з лесу. Ад іншых сялянскіх хат камора адрознівалася тым, што ўздоўж дзвюх сцен (яны выходзілі на дарогу) рабіліся адкрытыя пляцоўкі з паветкамі для зручнасці праверак дакументаў у час дрэннага надвор’я. Над уязнымі варотамі быў надпіс: “Акінчыцкая лясная застава”.

Akinchycy-1.jpg

Бацька Якуба Коласа ўсё жыццё працаваў лесніком. У Акінчыцах, самым першым месцы службы Міхаіла (Міхала) Міцкевіча, яго сям’я жыла роўна два гады (з красавіка 1881 да красавіка 1883 года). 3 лістапада 1882-га ў Акінчыцкім доме Міцкевічаў і нарадзіўся сын Кастусь. Хлопчыку не споўнілася і пяці месяцаў, калі бацька вымушаны быў перабірацца ў іншае месца, у Мікалаеўскую лясную камору. Але куды б ні вялі сцежкі-пуцявіны Якуба Коласа, ён зноў вяртаўся да сваёй роднай зямлі. Акінчыцы, як і іншыя мясціны на Стаўбцоўшчыне, у народнага песняра выклікалі самыя светлыя пачуцці. Ён не забываў месца свайго маленства: “Прыехаўшы да хаты, паеду ў Акінчыцы, дзе я радзіўся – там многа расце баравікоў. Хачу пабачыць і свой «родны кут». Той хаты, у якой радзіўся, няма. На яе месцы пабудавалі кропля ў кроплю такую ж самую, як і тая, дзе я нарадзіўся…”.

У 1956 годзе, праз тры дні пасля велізарнай страты, смерці беларускага песняра, была прынята пастанова ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР “Аб увекавечанні памяці народнага паэта БССР Якуба Коласа”. У адным з пунктаў гэтага дакумента, які сведчыў аб паважлівым стаўленні да аднаго з найвыдатнейшых пісьменнікаў беларускай літаратуры, гаварылася аб неабходнасці стварэння ў Мінску Літаратурнага музея Якуба Коласа і філіяла гэтага музея ў Стаўбцоўскім раёне – на радзіме песняра.

Akinchycy-2.jpg

Першых наведвальнікаў Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа прыняў 4 снежня 1959 года. Пазней былі адкрыты чатыры філіялы музея: Смольня, Акінчыцы, Альбуць, Ласток. Гэта стала магчыма дзякуючы намаганням старэйшага сына Якуба Коласа, стваральніка і першага дырэктара музея вялікага песняра, Д.К. Міцкевіча, яго наступнікаў – Г.А. Ткацэвіча, З.М. Камароўскай і інш. Афіцыйнае адкрыццё першага філіяла – Смольні – адбылося 8 чэрвеня 1967 года. На хутары Смольня з 1910-га жылі маці пісьменніка Ганна Юр’еўна, яго дзядзька Антось, сёстры Міхаліна, Алена, Марыя, браты Уладзя, Міхась і Юзік. Канстанцін Міхайлавіч упершыню наведаўся ў Смольню 19 верасня 1911 года. Потым неаднаразова прыязджаў сюды (з 1911 па 1914 год), тут напісаў шмат апавяданняў, працаваў над паэмамі “Новая зямля” і “Сымон-музыка”. Менавіта на хутары Смольня ў жніўні 1912-га Якуб Колас упершыню сустрэўся з Янкам Купалам

Знамянальным стаў 1972 год, калі была прынята чарговая пастанова ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР, згодна з якой на Стаўбцоўшчыне ствараўся Коласаўскі заказнік агульнай плошчай 269 гектараў. Ён аб’яднаў мемарыяльныя мясціны Стаўбцоўскага краю, звязаныя з імем паэта, уключаў у сябе тэрыторыю, прылеглую да Смольні, каля Мікалаеўшчыны, Альбуці, Ластка, ва ўрочышчы Бервянец.

Адначасова з’явілася перакананне, што неабходна ствараць мемарыяльны філіял музея і ў Акінчыцах. Ідэя яго стварэння і мастацкая канцэпцыя належыць былому начальніку аддзела культуры Стаўбцоўскага райвыканкама А. Грэкаву і былому дырэктару Коласавага музея З. Камароўскай. На жаль, не ўсё з задуманага ажыццёўлена. Так, напрыклад, была прапанова закласці ў Акінчыцах парк, але пасля таго, як пачалі рассяляць людзей з забруджаных Чарнобылем тэрыторый, тут узвялі пабудовы для перасяленцаў.

Akinchycy-3.jpg

Сядзіба лесніка у Акінчыцах была адноўлена ў 1982 годзе, адкрыта для наведвальнікаў 30 кастрычніка – да 100-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа. На ёй усталявана мемарыяльная дошка з надпісам: “Тут 3 лістапада 1882 г. нарадзіўся народны паэт Беларусі Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч)”. Інтэр’ер яе ўзнавілі па ўспамінах родных песняра, старажылаў Акінчыц. Таму ў хаце ўсё выглядае так, як і ў тыя часы, калі тут жылі малазямельныя сяляне Міхаіл і Ганна Міцкевічы: стол, засланы абрусам, лава, печ, гаршкі, розныя іншыя рэчы руплівай гаспадыні і рукадзельніцы. Вісіць калыска, што люляла маленькага Кастуся. На тэрыторыі сядзібы размясціліся гумно, склеп, калодзеж.

Akinchycy-4.jpg

Калісьці каля Акінчыцкай каморы пачынаўся Кацярынінскі тракт, цяпер ад яе бярэ пачатак “Коласаўскі шлях”. Менавіта Акінчыцы сталі зыходным пунктам падарожжа па Коласавых мясцінах. Іх наведванне дапамагае больш яскрава адчуць і зразумець творчасць паэта і пісьменніка. Паміж майстрам слова і Стаўбцоўшчынай, мясціны якой ён апаэтызаваў у шматлікіх творах, непарыўная вечная сувязь. Родная зямля заўсёды была для яго невычэрпнай крыніцай натхнення. І хоць па волі лёсу Якуб Колас не меў магчымасці часта бываць на радзіме, але думкі аб ёй ніколі не пакідалі яго.

Ужо стала добрай традыцыяй у дзень нараджэння беларускага песняра (3 лістапада) праводзіць маштабнае свята – канферэнцыю “Каласавіны”. Мерапрыемства, як правіла, уключае не толькі навуковы форум, але і шэраг культурных  акцый. Так, абавязковым у праграме з’яўляецца наведванне мемарыяльных сядзіб, памятных мясцін, звязаных з лёсам пісьменніка. Кожны раз літаратары, мовазнаўцы, музейныя супрацоўнікі, навукоўцы, гісторыкі выяўляюць новыя факты жыцця і творчасці беларускага класіка. І заўсёды цікава, чым будуць здзіўляць даследчыкі на чарговай канферэнцыі. Таксама сталі традыцыйнымі літаратурныя святы Стаўбцоўшчыны “Слова пра Коласа”, фестываль юных музыкантаў “Сымон-музыка”, фестывалі спевакоў, танцораў, аматараў тэатра “Казкі жыцця”, майстроў, пленэр юных мастакоў “Дзе льецца Нёман срэбраводны” і шэраг іншых.

Інфармацыю аб філіяле Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа ў Акінчыцах можна знайсці таксама ў электронным каталогу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Віртуальны праект “Класікі сусветнай літаратуры Янка Купала і Якуб Колас”.

Навіны

“На сцежках светлай вясны” Паўлюка Труса

21 Май 2024

16 мая ўдзельнікі праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі Уздзенскую цэнтральную раённую бібліятэку імя Паўлюка Труса, дзе ўзялі ўдзел у літаратурна-музычным свяце “На сцежках светлай вясны…”, прымеркаваным да 120-годдзя з дня нараджэння выдатнага паэта, удзельніка літаб’ядання “Маладняк”, ураджэнца Уздзеншчыны Паўлюка Труса (1904–1929).

Да 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"

Пошук патэнтных дакументаў у сетцы Інтэрнэт

20 Май 2024

17 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў рамках адукацыйнага семінара “Пошук патэнтных дакументаў у сетцы Інтэрнэт” прайшоў практычны трэнінг па правядзенні патэнтнага пошуку.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

20–26 мая 1944 г. 15 тыдняў да Вызвалення

21 Май 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Бібліятэкарам