ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
Фестываль-лекторый “Лічбавая гісторыя”
Дзяржаўная бібліятэка ў люстэрку часу

Да 95-годдзя таленавітага бібліёграфа Зоі Антонаўны Сядой

Да 95-годдзя таленавітага бібліёграфа Зоі Антонаўны Сядой
Іншыя Навіны

Я вельмі любіла сваю працу.
Можа, гэта неяк зацёрта,
але я ішла на працу, як на свята.
З.А. Сядая
Са зборніка ўспамінаў “С любовью о библиотеке”

Зоя Антонаўна нарадзілася ў г. Нова-Барысаў Мінскай вобласці ў сям'і ваеннаслужачага. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны яна скончыла пачатковую школу і разам з бацькамі эвакуіравалася ў сяло Аторма Зяметчынскага раёна Пензенскай вобласці.

У 1945 годзе сям’я вярнулася ў БССР, спачатку ў Оршу, а пазней – у родны Нова-Барысаў, дзе ў 1947 годзе Зоя завяршыла школьнае навучанне. З выбарам прафесіі яна вызначылася адразу – у 1955 годзе скончыла бібліятэчны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага (цяпер – Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка) і атрымала кваліфікацыю бібліятэказнаўца.

Маладым спецыялістам З.А. Сядая прыйшла ў Дзяржаўную бібліятэку БССР імя У.І. Леніна (цяпер – Нацыянальная бібліятэка Беларусі) на пасаду бібліятэкара даведачна-бібліяграфічнага аддзела. Шчырая любоў да прафесіі, выключная працаздольнасць, надзвычай паважлівае стаўленне да чытачоў і калег – усё гэта Зоя Антонаўна пранесла праз саракагадовы працоўны шлях ва ўстанове.

Шмат сіл і ўвагі надавала яна фармаванню даведачна-пошукавага апарата бібліятэкі: вяла прадметны каталог, а таксама частку сістэматычнай картатэкі артыкулаў. Выдатна ведаючы спецыфіку і праблематыку інфармацыйнага і даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання чытачоў, імкнулася да яго высокай аператыўнасці і якасці, а таму бібліяграфічныя даведкі, выкананыя ёю, заўсёды адрозніваліся вычарпальнай паўнатой і дакладнасцю.

У 1958 годзе З.А. Сядая была пераведзена на пасаду старшага бібліятэкара, яшчэ праз чатыры гады – узначаліла працу сектара даведачна-бібліяграфічнай працы.

Siadoj-2.jpgУ адпаведнасці з распараджэннем Міністэрства культуры БССР у лістападзе 1968 года сектар даведачна-бібліяграфічнай работы навукова-бібліяграфічнага аддзела быў пераўтвораны ў аддзел даведачна-бібліяграфічнай і інфармацыйнай работы, які ўзначаліла Зоя Антонаўна.

Работнік творчы, ініцыятыўны, выключна працавіты і адказны. Прыродныя здольнасці, давер і павага да людзей, кампетэнтнасць у вытворчых пытаннях дазваляюць ёй умела кіраваць аддзелам. Метадычныя і бібліяграфічныя работы, падрыхтаваныя ёю, адрозніваюцца глыбінёй зместу і атрымалі высокую ацэнку спецыялістаў-практыкаў. Свой вялікі вопыт яна з любоўю перадае моладзі, надаючы пастаянную ўвагу павышэнню кваліфікацыі бібліятэчных работнікаў рэспублікі. Актыўна выступае з лекцыямі, дакладамі на семінарах і нарадах”, – сведчаць матэрыялы асабістай справы.

У сувязі з пагаршэннем стану здароўя З.А. Сядую па асабістай просьбе ў жніўні 1969 года перавялі на пасаду галоўнага бібліёграфа. Аднак у 1983 годзе яна на два гады вярнулася да кіраўніцтва аддзелам.

Siadoj-3.jpg
Сустрэча з пісьменнікам А. Адамовічам у 1984 годзе,
Зоя Антонаўна другая злева

З.А. Сядая – аўтар немалой колькасці бібліяграфічных дапаможнікаў: “Библиографические пособия Белорусской ССР, 1962–1973” (1978), “Труд и заработная плата в БССР 1981–1985 гг.” (1983, 1987), “Беларуская ССР у Вялікай Айчыннай вайне Савецкага Саюза (1941–1945 гг.)” (1990), “Издания Государственной библиотеки БССР им. В.И. Ленина 1986–1990” (1991), “Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 1922–1992: да 70-годдзя з дня заснавання і 100-годдзя з дня нараджэння першага дырэктара І.Б. Сіманоўскага” (1992), “Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне (1941–1945)” (1995) і інш.

Siadoj-4.jpg

Siadoj-5.jpgЗоя Антонаўна стала складальнікам першага даведніка “Библиотеки Белоруссии” (1973), а таксама адным з аўтараў першай “Инструкции о пользовании справочно-библиографическим аппаратом Государственной библиотеки БССР имени В.И. Ленина” (1967) і інш.

Апроч гэтага, яна выступала рэдактарам шэрагу бібліяграфічных паказальнікаў і аўтарам штогадовых аглядаў бібліяграфічнай працы абласных бібліятэк.

Будучы бібліёграфам па прызванні, яна не страціла любві да прафесіі нават праз многія гады і з настальгіяй успамінала: “Праца ў даведачным аддзеле цікавая. Пытанні бываюць незвычайна складаныя, і, калі знаходзіш на іх адказ, шчыра кажучы, атрымліваеш задавальненне. І кнігі люблю, і чытачоў. І ніколі не стамлялася. Божа, а колькі было ўсяго цікавага!”.

Актыўная прафесійная дзейнасць не перашкаджала З.А. Сядой весці грамадскую працу: яна была дэпутатам Ленінскага раённага савета народных дэпутатаў г. Мінска, членам прафсаюзнага камітэта, членам камісіі па сацыяльным страхаванні.

Бліскучы спецыяліст бібліятэчнай справы, нястомны працаўнік Зоя Антонаўна адзначана Ганаровай граматай Міністэрства культуры БССР і Беларускага рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў культуры (1967, 1979), значком “За выдатную працу” (1968), юбілейным медалём “За доблесную працу” (1970), Граматай Вярхоўнага савета БССР за актыўную працу ў галіне бібліяграфіі (1972) і знакам “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва 1973 года” (1974).

У 1995 годзе яна пайшла на заслужаны адпачынак.

Калегі з цяплом успамінаюць аб працы з ёй: “Бібліёграф у самым высокім значэнні гэтага слова, увесь час заняты, бясконца запатрабаваны супрацоўнік, на якой бы пасадзе не працавала, яна заўсёды была бясспрэчным аўтарытэтам ва ўсім, што тычылася даведачна-бібліяграфічнай працы. Як бы яна не была загружана працай, калі ёй задавалі пытанне, яна пакідала ўсе свае справы і самым падрабязным чынам усё тлумачыла. Зоя Антонаўна не назойліва, але настойліва і з любоўю перадавала свае фундаментальныя веды маладым супрацоўнікам бібліятэкі, заражаючы іх не толькі сваёй адданасцю справе, але і імкненнем да пастаяннага папаўнення ведаў”.

У 2019 годзе Зоя Антонаўна скончыла свой жыццёвы шлях.

Матэрыял падрыхтаваны галоўным бібліятэкарам навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Ірынай Кукетай.

Пра ветэранаў і супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі чытайце ў рубрыцы “Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах”.

Навіны

Вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

31 Май 2024

23 мая 2024 года загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 100 зацверджаны вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

“Разумнейшыя за ўсіх на свеце!”: прапануем праграму дзіцячага МЕГАсвята

1 Чэр 2024

1 чэрвеня з 12.00 да 15.00 Нацыянальная бібліятэка Беларусі запрашае дзяцей і іх бацькоў на дзіцячае МЕГАсвята “Разумнейшы за ўсіх на свеце!”, прымеркаванае да Дня абароны дзяцей.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Шчасце бачыць

1 Чэр 2024

Фотавыстаўка “Шчасце бачыць” арганізавана сумесна з Беларускім дзіцячым фондам і прымеркавана да Міжнароднага дня аховы дзяцей.

Мастацкія выстаўкі

Бібліятэкарам