ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
У полымі народжанае хараство
Сусветная арганізацыя аховы здароўя: здароўе для ўсіх!

Віншуем з 85-гадовым юбілеем аўтарытэтнага бібліятэказнаўцу, прафесара, кандыдата педагагічных навук Лілію Адамаўну Дзямешка

Віншуем з 85-гадовым юбілеем аўтарытэтнага бібліятэказнаўцу, прафесара, кандыдата педагагічных навук Лілію Адамаўну Дзямешка
Іншыя Навіны

Яшчэ палаюць чабары,
Яшчэ не здрадзілі сябры,
Яшчэ завуць у госці,
Яшчэ хвалюе штосьці.
Яшчэ чакае бацькаў дом,
Яшчэ тым даражу гняздом,
Яшчэ мне верыцца ў сустрэчы,
Яшчэ… яшчэ не вечар…
(Л.А. Дзямешка “Яшчэ…”)

Высокі прафесіяналізм, шырокая эрудыцыя і актыўная жыццёвая пазіцыя Ліліі Адамаўны выклікаюць заслужаную павагу і з’яўляюцца прыкладам для ўсіх, хто працаваў з ёй доўгія гады, і ўсіх, хто ведае яе. Вядомы вучоны, бібліятэказнаўца, яна прайшла шлях ад выкладчыка да прафесара і заслужыла павагу і аўтарытэт не толькі сярод айчыннай бібліятэчнай супольнасці, але і шырока за яе межамі.

Лілія Адамаўна Дзямешка нарадзілася ў 1938 годзе ў вёсцы Замошша Салігорскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. Скончыўшы Уздзенскую сярэднюю школу і правучыўшыся год у Смілавіцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме (цяпер – Смілавіцкі дзяржаўны аграрны каледж), паступіла на бібліятэчны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага (цяпер – Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка), які скончыла ў 1961 годзе. Працавала інспектарам па бібліятэчнай рабоце ў Мінскім абласным упраўленні культуры, метадыстам у Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна, галоўным бібліятэкарам навукова-метадычнага аддзела Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя В.І. Леніна (цяпер – Нацыянальная бібліятэка Беларусі).

Dziamieshka-2.jpg
Лілія Адамаўна – крайняя злева, з калегамі каля старога будынка Нацыянальнай бібліятэкі

У 1972 годзе, атрымаўшы пэўны практычны вопыт падчас дванаццацігадовага стажу бібліятэчнай работы, паступіла ў аспірантуру пры педагагічным інстытуце. Пасля яе заканчэння з 1976 года працавала выкладчыкам на бібліятэчным факультэце (цяпер – факультэт інфармацыйна-дакументных камунікацый) Мінскага інстытута культуры (цяпер – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, БДУКМ). У 1979 годзе паспяхова абараніла кандыдацкую дысертацыю і атрымала вучоную ступень кандыдата педагагічных навук, а ў 1984-м – вучонае званне дацэнта. З 1994 года працавала на пасадзе прафесара кафедры бібліятэказнаўства (цяпер – кафедра інфармацыйна-аналітычнай дзейнасці).

Цяжка пераацаніць асабісты ўнёсак Ліліі Адамаўны як вучонага, эксперта і аналітыка, аўтара каля 400 навуковых прац у беларускім і замежным друку, вучэбных і навукова-практычных дапаможнікаў па пытаннях сутнасці бібліятэчнай прафесіі, сацыяльнай ролі бібліятэкі ў грамадстве, кнігі і чытання ў розных этнічных групах, выхавання і адукацыі карыстальнікаў бібліятэк, інавацыйных і традыцыйных тэхналогій у выкарыстанні інфармацыйных рэсурсаў бібліятэк і доступу да іх, рэкламавання бібліятэчнай прадукцыі, бібліятэчнай тэрміналогіі.

Dziamieshka-3.jpg
Лілія Адамаўна на навукова-практычнай канферэнцыі ў БДУКМ

Адзін з напрамкаў даследаванняў Ліліі Адамаўны – тэрміналогія ў галіне бібліятэчнай справы, бібліятэказнаўства і кнігазнаўства. Упершыню ў Беларусі ёю ў суаўтарстве былі распрацаваны і выдадзены “Русско-белорусский словарь библиотечных и библиографических терминов” (1992), “Тлумачальны слоўнік бібліятэчных і бібліяграфічных тэрмінаў” (2000).

Шмат намаганняў вучонага аддадзены даследаванню гісторыі развіцця бібліятэк Беларусі. Менавіта праз прызму дзейнасці бібліятэк Лілія Адамаўна паказала доўгі, складаны, цяжкі, часам трагічны шлях народа да грамадства ведаў.

Аналіз вывучэння чытача і чытання на працягу стагоддзяў прадставіў Л.А. Дзямешка багаты матэрыял аб змесце чытання, тэматыцы, чытацкіх запытах, даў магчымасць прасачыць эвалюцыю развіцця інфармацыйна-бібліятэчнага абслугоўвання карыстальнікаў, удасканаленне яго форм і зместу, укараненне і выкарыстанне камп’ютарных і сацыяльных тэхналогій.

Педагагічным праблемам – ролі бібліятэкі ў выхаванні асобы дзіцяці, яго візуальнай і чытацкай культуры, праблеме сямейнага чытання прысвечана мноства артыкулаў, апублікаваных Ліліяй Адамаўнай у часопісах: “Адукацыя і выхаванне”, “Веснік адукацыі”, “Бібліятэка прапануе”, “Праблемы выхавання”, “Сацыяльна-педагагічная работа”. У артыкулах прапанаваны цікавыя методыкі, навейшыя тэхналогіі, знаходкі ў практычнай дзейнасці бібліятэк.

Дастаткова паслядоўна вывучана Л.А. Дзямешка гісторыя развіцця і станаўлення вышэйшай бібліятэчнай адукацыі ў Беларусі. Прыцягваў ўвагу даследчыка і змест прафесіі бібліятэкара.

На працягу 36 гадоў Л.А. Дзямешка ажыццяўляла выкладчыцкую дзейнасць у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў і на працягу 25 гадоў была кіраўніком навукова-даследчай работы кафедры. За гэты час яна распрацавала кірункі і методыку пяці буйных кафедральных комплексных даследаванняў, у якіх сама прыняла актыўны ўдзел.

Ліліі Адамаўне ўдавалася гарманічна спалучаць плённую выкладчыцкую дзейнасць з кіраўніцтвам кандыдацкіх і магістарскіх дысертацый. Дзякуючы гэтаму маладыя аспіранты мелі ўнікальную магчымасць мець зносіны з ёй, убіраць глыбокія веды і багаты вопыт, якімі яна без астатку дзялілася. Пад яе навуковым кіраўніцтвам абаронены адна кандыдацкая і сямнаццаць магістарскіх дысертацый па бібліятэказнаўстве.

Dziamieshka-4.jpg
Віншаванне Ліліі Адамаўны з 80-гадовым юбілеем педагагічным складам факультэта інфармацыйна-дакументных камунікацый БДУКМ

Творчая натура Ліліі Адамаўны праяўляецца ва ўсім. Яна пісала вершы яшчэ ў студэнцкія гады, якія прысвячала сваім сябрам. Піша і цяпер. Вершы яе – лірычныя, прасякнутыя любоўю да маці, роднай зямлі, беларускай мовы, сяброў і калег – выходзяць на старонках перыядычнага друку, размешчаны ў зборніку БДУКМ “Мелодии” (1996), выпусках творчага аб’яднання ўніверсітэта “Букет” – “Завіруха кропель” (2004), “Каліва” (2005), “Кветка ў мегаполісе” (2006), “Дар зямны” (2007), “Весніцы” (2008). Лепшым падарункам да 75-гадовага юбілею Л.А. Дзямешкі стаў зборнік вершаў “Мне жыццё ўяўляецца полем” (2012), у які ўключаны яе лепшыя вершы, прысвечаныя Радзіме, сябрам, калегам.

Dziamieshka-5.jpg
Лілія Адамаўна ў першым радзе крайняя злева сярод педагагічнага складу і выпускнікоў факультэта інфармацыйна-дакументных БДУКМ

Уклад Л.А. Дзямешкі ў развіццё бібліятэчнай справы краіны, работа па захаванні культурнай і гістарычнай спадчыны атрымалі высокую ацэнку дзяржавы. Сведчанне таму – ўручаныя ёй узнагароды: медаль да 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна “За трудовую доблесть” (1970), Ганаровая грамата Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь “За шматгадовую плённую навукова-педагагічную дзейнасць” (1995).

Высокі прафесіяналізм Ліліі Адамаўны адзначаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За значныя дасягненні ў навукова-даследчай, вучэбна-метадычнай дзейнасці” (1998), Дыпломам Міністэрства народнай адукацыі “За научное руководство студенческими работами, отмеченными наградами на республиканских конкурсах” (1990), Дыпломам Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь “За якаснае кіраўніцтва навуковымі даследаваннямі студэнтаў” (1997).

У 2008 годзе Л.А. Дзямешка па выніках прафесійнага конкурсу прысвоена званне “Лепшы вучоны факультэта інфармацыйна-дакументных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў» у намінацыі “Вучоны года”, а ў 2009 годзе – “Лепшы выкладчык кафедры менеджменту інфармацыйна-дакументнай сферы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў” у намінацыі “Выкладчык года”.

Ад усяго калектыву Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Ліліі Адамаўне – самыя цёплыя віншаванні з юбілеем і пажаданні добрага здароўя, невычэрпнай энергіі і сіл на доўгія гады, творчага натхнення, дабрабыту і адчування шчасця ў кожным дні!

Матэрыял падрыхтаваны галоўным бібліятэкарам
навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Вольгай Какшынскай.

Пра ветэранаў і супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі чытайце ў рубрыцы “Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах”.

Навіны

У бібліятэцы ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу “Знайдзі скарбы”

3 Чэр 2024

3 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся фінал культурна-асветніцкай акцыі “Знайдзі скарбы”, ініцыяванай прадстаўніцтвам Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

3–9 чэрвеня 1944 года. 13 тыдняў да Вызвалення

4 Чэр 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Беларусь няскораная

3 Чэр 2024

З 6 мая па 5 ліпеня ў зале даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання (пам. 257) праходзіць кніжная выстава “Беларусь няскораная”, прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Кніжныя выстаўкі

Вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

31 Май 2024

23 мая 2024 года загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 100 зацверджаны вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам