ГалоўнаяПаслугiІнфармацыйныя паслугіАбслугоўванне невідушчых карыстальнікаў і карыстальнікаў са слабым зрокамРэалізацыя норм Маракешскага дагавора

Рэалізацыя норм Маракешскага дагавора

22 кастрычніка 2020 г. для Рэспублікі Беларусь уступіў у сілу Маракешскі дагавор аб палягчэнні доступу невідушчых і асоб з парушэннямі зроку ці іншымі абмежаванымі здольнасцямі ўспрымаць друкаваную інфармацыю да апублікаваных твораў.

Міжнародная прававая база дагавора дазваляе ўпаўнаважаным органам: бібліятэкам, установам адукацыі і грамадскім аб’яднанням інвалідаў – ствараць і распаўсюджваць экзэмпляры ў фарматах, даступных для бенефіцыяраў: невідушчых, асоб з парушэннямі зроку, не здольных чытаць, якія не маюць магчымасці з прычыны якога-небудзь фізічнага недахопу трымаць кнігу або карыстацца ёй.

Каардынатарам дзейнасці дзяржаўных органаў і іншых арганізацый па рэалізацыі Маракешскага дагавора ў Беларусі з’яўляецца Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях.

Для бібліятэк нашай краіны створана і апублікавана практычнае кіраўніцтва па рэалізацыі Маракешскага дагавора “Прыступаючы да дзеянняў. Рэалізацыя норм Маракешскага дагавора для асоб з абмежаванымі здольнасцямі ўспрымаць друкаваную інфармацыю”. Версію кіраўніцтва падрыхтавалі спецыялісты EIFL, Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Дакумент складзены ў форме пытанняў і адказаў, адлюстроўвае нормы нацыянальнага заканадаўства ў галіне аўтарскага права і змяшчае тлумачэнні па ўжыванні Маракешскага дагавора на практыцы. Дапаможнік карысны супрацоўнікам бібліятэк і іншых упаўнаважаных органаў, якія забяспечваюць доступ да інфармацыйных рэсурсаў для карыстальнікаў з абмежаванымі здольнасцямі ўспрымаць друкаваную інфармацыю.

Рэалізуючы нормы Маракешскага дагавора, Нацыянальная бібліятэка прадстаўляе бенефіцыярам тыфласродкі для працы з інфармацыйнымі рэсурсамі ў чытальнай зале, па заказах невідушчых і слабавідушчых карыстальнікаў, а таксама ў рамках міжбібліятэчнага абанемента па запытах бібліятэк краіны ператварае друкаваныя дакументы сацыягуманітарнай тэматыкі ў даступныя электронныя фарматы і выконвае электронную дастаўку ператвораных экзэмпляраў, абмяжоўваючы да іх доступ асоб, для якіх гэтыя экзэмпляры не прызначаны.

Найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца ператвораныя электронныя экзэмпляры з тэкставым слоем, якія даступны бенефіцыярам для працы з праграмамі экраннага доступу і агучвання тэксту, і экзэмпляры ў аўдыяфармаце.

Друкаванае выданне ператвараецца ў тэкставы электронны дакумент шляхам сканавання, аўтаматычнага распазнавання сімвалаў, ручнога рэдагавання, калі бібліятэкар выпраўляе граматычныя памылкі і тэхнічныя памылкі распазнавання, апісвае важныя для ўспрымання тэксту малюнкі, перакладае ў тэкставы фармат табліцы, графікі, схемы, дыяграмы. Для стварэння экзэмпляра ў аўдыяфармаце атрыманы ў выніку рэдагавання тэкставы дакумент агучваецца з дапамогай электроннага сінтэзатара маўлення.

Нацыянальная бібліятэка адкрыта для абмену вопытам інфармацыйна-бібліятэчнага абслугоўвання бенефіцыяраў шляхам арганізацыі сустрэч, азнаямленчых заняткаў, экскурсій, майстар-класаў і ўдзелу ў мерапрыемствах, прысвечаных праблемам інвалідаў па зроку.

Кансультаванне, афармленне заказу на пераўтварэнне і электронную дастаўку дакументаў ажыццяўляецца:

Па пытаннях абмену вопытам і павышэння кваліфікацыі звяртацца:

Спіс пераўтвораных экзэмпляраў з тэкставым слоем
Спіс пераўтвораных экзэмпляраў у аўдыяфармаце

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты