ГалоўнаяПаслугiВіртуальныя сервісыВіртуальны цэнтр па дзейнасці міжнародных арганізацыйКiтайскi цэнтр кнiгiГэта цікаваЧатыры вялікія шэдэўры кітайскай класічнай мастацкай літаратуры

Чатыры вялікія шэдэўры кітайскай класічнай мастацкай літаратуры

Кітайская літаратура па праву з'яўляецца адной з самых старажытных літаратур у свеце. Зыходзячы з пісьмовых помнікаў, якія захаваліся да нашых дзён, можна зрабіць выснову, што гісторыя кітайскай літаратуры налічвае каля 3000 гадоў.

У культурнай традыцыі Кітая мастацкія тэксты да XIX стагоддзя займалі другараднае месца адносна літаратуры гістарыяграфічнай і этыка-філасофскай накіраванасці. Да XVIII стагоддзя ў кітайскай літаратуры склаўся канон з чатырох найбольш вядомых раманаў, якія называюць «чатыры вялікія творы» або «чатыры класічныя раманы». Гэта раманы "Трохцарства" (XIV ст.),  "Рачныя затокі" (XIV ст.), "Падарожжа на захад" (XVI ст.) і "Сон у Чырвоным цераме" (XVIII ст.).

Амаль усе класічныя раманы з'явіліся ў адну эпоху-у часы праўлення дынастыі Мін. Акрамя аднаго, які напісалі пазней, у эпоху валадарання Цын – «Сну ў Чырвоным цераме». Раней яго месца займала іншая кніга,"Кветкі слівы ў залатой вазе". Але яе з гэтага спісу прыбралі, палічыўшы занадта распуснай.

Гэта адны з самых складаных і доўгіх раманаў у свеце, напісаныя няпростай класічнай кітайскай мовай. Раманы апісваюць важныя гістарычныя падзеі, сацыяльныя асаблівасці, побыт і культуру Старажытнага Кітая, распавядаюць кітайскія легенды і міфы. Напрыклад, аўтар "Трохцарства" нават прыводзіць тэкст дзяржаўных дакументаў, якія згадвае ў рамане.

У кожным творы не менш за 100 раздзелаў. Стагоддзямі гэтыя раманы лічацца скарбніцай кітайскай культуры і прадстаўлены ў мастацтве: кіно, драме, літаратуры і многіх іншых формах. Ад прыгод чароўнага цара малпаў да гераічных эпізодаў з "Затокаў" – у Кітаі гэтыя гісторыі добра вядомыя ўсім ад малога да вялікага. Іх персанажы прытрымліваюцца будысцкіх і даоскіх вучэнняў, а таксама кітайскіх маральна-філасофскіх каштоўнасцей, дапамагаючы чытачу зразумець традыцыйны спосаб мыслення кітайцаў.

«Трохцарства»

«Трохцарства» (三国演义 sānguó yǎnyì) – гістарычны раман XIV стагоддзя. Лічыцца, што яго аўтарам З'яўляецца Ло Гуаньчжун. Раман апісвае складаны час барацьбы за ўладу трох царстваў – Вэй, У і Шу, якая доўжылася з 220 па 280 гады ў Старажытным Кітаі. Падзенне дынастыі Хань прывяло да ўсобіц, смуты, спробаў усталяваць новую кіруючую дынастыю. Вядома, гэта была не адзіная эпоха міжусобных войнаў у Кітаі, аднак дзякуючы «Трохцарству» менавіта гэты перыяд стаў такім знакамітым.

Хоць раман і лічыцца гістарычным, але там ёсць і мноства легенд, прыхарошаных гісторый і міфаў, што ўласціва менавіта мастацкай літаратуры. "Трохцарства" ахоплівае практычна 100 гадоў хітрых інтрыг, ваенных бітваў, змоў і жорсткай барацьбы за ўладу.

Раман складаецца са 120 раздзелаў. Першы знаёміць чытача з перыядам Сямі ваюючых царстваў, які доўжыцца да падзення дынастыі Хань. У раздзелах 2–79 можна пазнаёміцца з падрабязнай гісторыяй гэтага падзення. І толькі раздзелы 80–120 распавядаюць пра сам перыяд Трохцарства, калі тры наймацнейшыя царствы – Вэй, У і Шу – пачалі барацьбу за ўсталяванне ўласных дынастый.

Агулам ў рамане больш за тысячу персанажаў, але самымі яркімі і папулярнымі сярод кітайцаў з'яўляюцца вялікі палкаводзец Лю Бэй, яго верныя сябры Гуан Юй і Чжан Фэй, ваенны геній Чжугэ Лян і Цао Цао, які, хоць і лічыцца хітруном і злыднем, несумненна вельмі запамінальная фігура.

Пасля публікацыі "Трохцарства" з'явіліся паслядоўнікі Ло Гуаньчжуна, якія таксама вырашылі ствараць гістарычныя сачыненні. Гэта, у сваю чаргу, паспрыяла папулярызацыі гэтага напрамку ў літаратуры Кітая, што яшчэ раз паказвае, наколькі моцны быў уплыў гэтага рамана не толькі на грамадства, але і на культуру Кітая ў цэлым.

Некаторыя сюжэты рамана сталі асновай для тэатральных пастановак, а затым і сцэнарамі для серыялаў, фільмаў і відэагульняў. Некаторыя яго радкі сталі крылатымі выразамі і асновай для філасофскіх думак у літаратуры.

Калі вы прыхільнік гістарычнай драмы, ваенных баталій і палацавых інтрыг, то раман "Трохцарства" прыйдзецца вам даспадобы!

«Рачныя затокі»

«Рачныя затокі» (水浒传shuǐhǔzhuàn) – класічны кітайскі раман XV стагоддзя, вакол аўтарства якога да гэтага часу вядуцца спрэчкі. Існуе цэлых тры версіі рамана, якія складаюцца з 70 раздзелаў аўтарства Шы Найаня, з 100 раздзелаў аўтарства Го Сюня і з 120 раздзелаў – Ян Дынцзяня і Юань Уя. Існуе таксама меркаванне, што раман быў напісаны паэтапна некалькімі аўтарамі. Аднак, гэты факт зусім не ўплывае на важную ролю рамана ў кітайскай і сусветнай літаратуры.

Сюжэт рамана звязаны з гістарычнымі падзеямі, якія адносяцца да канца дынастыі Паўночная Сун (XI–XII стст.). Сунскі перыяд у гісторыі Кітая лічыцца часам росквіту ў сферы эканомікі, культуры і адміністрацыі, але таксама характарызуецца пастаяннымі набегамі паўночных качавых плямёнаў і бесперапыннай барацьбой сунскай імперыі з іх націскам.

"Рачныя затокі" – гэта першы раман, напісаны ў прыгодніцкім жанры фэнтэзі, дзе ўпор робіцца на дэманстрацыю мастацтва ўсходніх адзінаборстваў (жанр "уся" (武侠 Wǔxiá). Сучаснікі адносілі твор да сяошо – нізкага народнага жанру непатрабавальнай прозы, які супрацьпастаўлялі кананічным канфуцыянскім творам. З часам аўтарытэт кнігі ўзрастаў. Даследчыкі характарызуюць яго як авантурна-гістарычны, адзначаюць яго выдатныя літаратурныя асаблівасці.

У аснову "Рачных затокаў" леглі легенды пра 108 высакародных разбойнікаў і іх правадыра Сун Цзяна, якія заключылі саюз на гары Ляншанбо і пакляліся змагацца з несправядлівасцю. З вялікай стараннасцю аўтар падышоў да апісання кожнага з герояў. Выдатна апісаная знешнасць герояў, аж да адзення, іх паходжанне, сямейнае становішча, побыт, рамяство.

Першая частка рамана вельмі сумбурная па форме, складаецца з асобных падзей і сюжэтаў. Але ўжо да другой часткі гісторыя становіцца больш структураванай, выбудоўваецца адзіная лінія. Але вось чаго ў "Рачных затоках" сапраўды шмат, дык гэта захапляльных баявых сцэн. Тут і апісанне саміх баявых тэхнік, і зброі, і нават магіі.

Раман Шы Найаня "Рачныя затокі" безумоўна з'яўляецца ўзорам кітайскай мастацкай класічнай літаратуры і па праве займае адно з цэнтральных месцаў у багатай культурнай спадчыне кітайскага народа.

Калі вы любіце баявыя мастацтвы і гісторыі пра высакародных разбойнікаў, то гэты раман вам спадабаецца!

"Падарожжа на захад"

"Падарожжа на захад" (西游记xīyóujì) – гэты, бадай, самы вядомы раман з чатырох вялікіх шэдэўраў, быў напісаны ў XVI стагоддзі паэтам У Чэн'энем.

Гэты фантастыка-сатырычны раман у 100 раздзелах апавядае пра падарожжа манаха Сюаньцзана па Шаўковым шляху ў Індыю за будыйскімі сутрамі. Сюаньцзан адпраўляецца ў падарожжа ў сёмым стагоддзі, калі свет поўны небяспекі, таму з ім ідуць памочнікі. Яго вучні-кампаньёны: цар малпаў Сунь Укун, камічны паўчалавек-паўсвіння Чжу Бацзе, былы Нябесны палкаводзец Ша Сэн і белы конь-цмок, які ў мінулым быў прынцам.

Былы жыхар неба – чалавек-свіння Чжу Бацзе – калісьці быў нябесным маршалам, але таксама славіўся як п'яніца, пражора і падлюга, за што і быў сасланы на зямлю. Дэман-людаед Ша Сэн таксама калісьці быў генералам і жыхаром неба, але быў выгнаны з нябёсаў Нефрытавым імператарам за тое, што разбіў яго любімую вазу.

Ну і, зразумела, самым вядомым, папулярным і любімым героем «Падарожжа на захад» з'яўляецца Кароль малпаў Сунь Укун, хоць гэты тытул ён даў сабе сам. Сунь Укун моцны, бясстрашны, вельмі хітры, гарэзлівы і нават нахабны герой. Ён не баіцца пакаранняў, учыняе перапалохі і творыць, што падабаецца. Пра яго прыгоды ходзяць легенды. Сунь Укун мае пры сабе чароўны посах і валодае здольнасцю да 72 ператварэнняў, і менавіта ён часцей за ўсё ратуе сваіх сяброў у складаным падарожжы. Хоць намінальна галоўны герой – гэта манах Сюаньцзан, Сунь Укун адыгрывае больш важную ролю і вельмі папулярны ў кітайскіх дзяцей. Яго вобраз лёг у аснову многіх фільмаў і кніг.

Раман падзелены на 4 часткі. Першая частка цалкам прысвечана каралю малпаў, яго станаўленню, выхадкам і пакаранню ў пяцьсот гадоў. Другая частка знаёміць чытача з манахам Сюаньцзанам. З трэцяй часткі можна даведацца, як менавіта перасекліся шляхі галоўных чатырох персанажаў. І чацвёртая частка распавядае пра захапляльныя прыгоды падарожнікаў за сутрамі.

Раман складаны са стылістычнага пункту гледжання: гістарычная аснова абрастае тут самымі фантастычнымі прыгодамі, фальклорны апавядальны пачатак спалучаецца з аўтарскім, народныя выразы — з высокай літаратурнай мовай, проза перамяжоўваецца шматлікімі вершаванымі ўстаўкамі.

Калі вам падабаюцца міфы і легенды, яркія персанажы і сатыра, то абавязкова варта паспрабаваць прачытаць «Падарожжа на захад»!

"Сон у Чырвоным цераме"

"Сон у Чырвоным цераме" (红楼梦hónglóumèng) – раман XVIII стагоддзя, самы позні з чатырох вялікіх твораў.

Першыя 80 раздзелаў належаць Цао Сюэціню і выйшлі ў свет пад назвай «Запіскі аб камяні» незадоўга да смерці аўтара ў 1763 годзе. У 1791 годзе пісьменнік і выдавец Гао Э разам са сваім памочнікам апублікаваў яшчэ сорак раздзелаў, завяршыўшы сюжэтную лінію рамана і даўшы яму цяперашнюю назву. Даследчыкі рамана дагэтуль спрачаюцца аб тым, наколькі гэтая заключная частка адлюстроўвае аўтарскую задуму Цао.

"Сон у Чырвоным цераме" — шматпланавае апавяданне пра заняпад двух галін сямейства Цзя, на фоне якога, акрамя трох пакаленняў сямейства, праходзіць незлічонае мноства іх сваякоў і дамачадцаў. У адрозненне ад больш ранніх кітайскіх раманаў, у «Сне» выкарыстоўваецца выразная сюжэтная лінія і стройная кампазіцыя. Гэта першы раман, дзе пісьменнік дэталёва раскрывае перажыванні герояў і змену іх настрояў. Псіхалогія, каханне, інтрыгі, сацыяльная рэальнасць пераплятаюцца са звышнатуральнымі падзеямі. Гэта прыгожы, пачуццёвы раман, які быў шмат разоў нават забаронены ў Кітаі з-за занадта шчырых сцэн, стаў сапраўдным летапісам побыту і нораваў таго часу.

"Сон у Чырвоным цераме" унікальны яшчэ і тым, што быў напісаны побытавай кітайскай мовай, а не класічнай, што зрабіла яго даступным для больш шырокіх мас.

На мяжы 1970-1980-х гадоў у КНР быў створаны інстытут па вывучэнні «Сну ў Чырвоным цераме», першым кіраўніком якога стаў вядомы даследчык рамана Фэн Ціюн. Для вывучэння рамана паўстала адмысловая навуковая дысцыпліна, якая пазначаецца ў кітайскай мове словам "хунсюэ", што можна перакласці як «чырваназнаўства» або «чырваналогія».

Калі вы прыхільнік любоўных трыкутнікаў, хітрых інтрыг і высакародных дамоў, то «Сон у Чырвоным цераме» прыцягне Вашу ўвагу!

"Чатыры раманы" з'яўляюцца важным этапам у гісторыі кітайскай літаратуры, яны і дагэтуль працягваюць і ўплываюць на сучасны літаратурны працэс у Кітаі. І хоць да цяперашняга часу створана велізарная колькасць навукова-даследчых работ па дадзеных творах, раманы ўсё роўна лічацца не вывучанымі да канца.


Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты