ГалоўнаяПаслугiВіртуальныя сервісыВіртуальны цэнтр па дзейнасці міжнародных арганізацыйКiтайскi цэнтр кнiгiГэта цікаваХуа Хуа - пухнатая суперзорка з свету пандаў!

Хуа Хуа – пушыстая суперзорка са свету панд!

У самым сэрцы зялёных бамбукавых лясоў Чэнду цёплым летнім днём нарадзілася маленькае цуда. Пазнаёмцеся з Хэ Хуа (у перакладзе – кветка лотаса чароўнай вялікай пандай з радаводам № 1 237. За мілую знешнасць і рахманыя паводзіны Хэ Хуа, ласкава названая Хуа Хуа, хутка праславілася і стала інтэрнэт-сенсацыяй.

Сярод родзічаў Хуа Хуа вылучаецца выключнай пацешнасцю. Яе пухлае і круглае цела надае ёй прывабны і абдымальны выгляд, ад якога растаюць сэрцы мільёнаў прыхільнікаў ва ўсім свеце. Але гэта не ўсё – яе ўнікальныя кругі пад вачыма, якія маюць форму перакуленай кроплі, падкрэсліваюць яе прывабнасць. Яшчэ ад іншых вялікіх панд, футра якіх часцей бэжавае, яе адрознівае беласнежны колер. Яе мыска, злёгку завостраная як у лісіцы, дала ёй мянушку “маленькая лісіная кветка”. Калі Хуа Хуа бяжыць, то нагадвае вялікі рухомы рысавы шарык.

Чэн Гун, маці Хуа Хуа, празвалі “Прынцэсай чысціні” за каралеўскую аўру і яе звычкі бездакорна даглядаць сябе. Мэй Лань, бацька Хуа Хуа, дадае нязмушаную абаяльнасць сям’і. А яе старэйшы брат Гун Цзай праславіўся авантурным духам і натхніў аніматараў на стварэнне ў франшызе “Кунг-фу Панда” галоўнага героя – нязграбнай, але энергічнай панды По. Сям’я гэтых панд робіць радавод Хехуа незвычайным і незабыўным.

Хуа Хуа і яе сястра-блізнятка Хэ Йе нарадзіліся 4 ліпеня 2020 года. Чэн Гун было 20 гадоў (што роўна 80 чалавечым), таму іх выхоўвалі іншыя панды разам з уласнымі дзіцянятамі. Спачатку Хуа Хуа была буйнейшай і мацнейшай за сястрычку. Яна важыла 200 грам пры нараджэнні (вага Хэ Йе –167 г) і была другім па вазе медзведзянём сярод з’явіўшыхся на свет у 2020 годзе.

Аднак Хуа Хуа ўнаследавала некаторыя адхіленні ў развіцці, якія перашкаджаюць ёй расці і развівацца нароўні з аднагодкамі. У яе занадта кароткія лапкі (а правая задняя – яшчэ і крыху скрыўлена) і два рада зубоў, якія перашкаджаюць ёй нармальна есцi. Таму Хуа Хуа выглядае значна менш за іншых панд-аднагодкаў. Калі яны ўжо лазілі па дрэвах, яна магла толькі хадзіць па зямлі. Тым не менш Хуа Хуа не здавалася, працягвала спрабаваць і, нарэшце, ускараскалася на вяршыню дрэва. Ёй вельмі цяжка забірацца на дрэвы – яна лезе вельмі павольна і часам адчувае цяжкасці спускаючыся. Мільёны прыхільнікаў захапляюцца яе нязломным духам і ўпартасцю ў пераадоленні перашкод. Калі іншыя панды натыкаюцца на яе, Хуа Хуа проста кладзецца і працягвае есці. Нават калі ў яе адбіраюць толькі што ачышчаныя парасткі бамбука, яна спакойна бярэ іншы і пачынае яго чысціць. Лёгкасць, з якой яна саступае іншым пандам, выклікае замілаванне і сімпатыю да пушыстай зоркі.

Хуа Хуа ўварвалася ў сацыяльныя сеткі, як віхура мілаты! Яе абаяльнасць захапіла сэрцы як аматараў панд, так і выпадковых назіральнікаў, а яе пацешныя выбрыкі нікога не пакідаюць абыякавым. Вірусныя відэаролікі, дзе паказаны яе гульні з парасткамі бамбука і ўзаемадзеянне з сястрычкай Хэ Йе, распаўсюджваюць хвалі радасці і замілавання па ўсім віртуальным свеце.

Хуа Хуа – камячок радасці з такім жа цёплым сэрцам, як яе футра! Дзякуючы лагоднаму і ласкаваму характару яна без намаганняў зачароўвае ўсіх – ад прыхільнікаў да клапатлівых наглядчыкаў. Дабрадушная натура Хуа Хуа робіць яе любiмай знакамітасцю з усіх панд, пушыстым шарыкам шчасця, які нагадвае, што трэба знаходзіць радасць у простых цудах жыцця.

Гісторыі з жыцця панды распаўсюджваюць цяпло і ўсмешкі па ўсім інтэрнэце з хуткасцю ветра. Яе смешныя паводзіны – ці то цікаўнае набліжэнне да наведвальнікаў, ці то вясёлае гушканне на галінках бамбука – здабылі ёй славу.

Слава Хуа Хуа – не проста хайп. Гэта рухаючая сіла, вынікам якой з’яўляюцца станоўчыя змены ў справе захавання панд. Як сусветны пасол дасведчанасці аб дзікай прыродзе Хуа Хуа натхняе людзей па ўсім свеце падтрымліваць намаганні па яе захаванні. Яе вядомасць прывяла да росту турызму ў Кітаі, узнікнення тэматычных тураў, звязаных з пандамі, а таксама да распаўсюджвання інфармацыі аб важнасці захавання гэтых пяшчотных гігантаў і іх натуральнага асяроддзя пражывання. Пацешнасць Хуа Хуа стварыла глыбокую сувязь паміж людзьмі і пандамі, выклікаўшы хвалю любвi і падтрымкі для іх абароны.

У 2023 годзе вялікая панда Хуа Хуа і яе наглядчык Тань Цзіньтаа (вядомы як “дзядуля Тань”) пакарылі сэрцы многіх людзей адданасцю адзін аднаму. Нягледзячы на даўжэзныя чэргі, дзе можна прастаяць не адну гадзіну, натоўпы наведвальнікаў бясконца збіраюцца на Чэндускай даследчай базе па развядзенні вялікіх панд (Чэнду – сталіца правінцыі Сычуань на паўднёвым захадзе Кітая), імкнучыся хоць адным вокам убачыць Хуа Хуа.

Расслабленыя і спакойныя паводзіны Хуа Хуа супакойваюць многіх людзей. Турысты заўважылі, што дзядуля Тань і Хуа Хуа сталі больш падобныя па тэмпераменце. Тань клапоціцца аб Хуа Хуа ўжо два гады. Яму 51 год, працуе на базе з 1999 года, дзе адказвае за догляд панд ва ўзросце ад 2 да 3 гадоў. Паколькі многія панды выраслі і сталі бацькамі, Тань ператварыўся з “татачкі-няні” ў “дзядулю”.

Штодзённы графік Таня круціцца вакол яго абавязкаў на базе. Ён прачынаецца ў 6 гадзін раніцы, каб праверыць вальеры, прыносіць бамбук і ваду. Пакуль панды атрымліваюць асалоду ад заняткаў на свежым паветры, ён хутка прыбірае вальеры. Часам дадае бамбук для гадаванцаў на ноч.

Паколькі Хуа Хуа есць менш бамбука, чым іншыя, каб яна атрымлівала добрае харчаванне, Тань рыхтуе для яе асаблівую дыету, якая ўключае здробнены бамбукавы парашок. Днём Тань індывідуальна трэніруе Хуа Хуа, выкарыстоўваючы садавіну і іншыя ласункі, каб заахвоціць яе ўстаць і ўмацаваць заднія лапкі. Перад кожным прыёмам ежы Тань падзывае Хуа Хуа энергічным “Го лай! Го лай!” (фраза на сычуаньскім дыялекце, якая азначае “ідзі сюды”). Пачуўшы вядомы кліч, вочкі панды пачынаюць ззяць ад прадчування смачняшак.

Тань кажа, што яго праца дае яму пачуццё шчасця, але таксама патрабуе вялікага цярпення і ўважлівасці. Напрыклад, падчас гатавання малака для панд, перш чым дадаваць сумесь у дакладных прапорцыях, трэба сачыць, каб кіпячая вада дастаткова астыла, бо яе тэмпература павінна адпавядаць тэмпературы іх цела. Ён выконвае строгую гігіену, мые і дэзінфіцыруе рукі перад кармленнем і ўвесь час назірае за звычкамі харчавання і ўзроўнем актыўнасці панд.

Для Таня панды – яго ўласная сям’я. “Клопат аб пандах – як клопат аб уласных дзецях. Назіраць, як яны павольна растуць, дае мне велізарнае пачуццё выкананага абавязку”.

Папулярнасць Хуа Хуа закранула і дзядулю Таня. На базе панд значна павялічылася колькасць наведвальнікаў, і многія прыходзяць спецыяльна, каб сфатаграфавацца з Таням.

Няцяжка апісаць, наколькі знакамітая вялікая панда Хуа Хуа. Наведвальнікі стаяць у чарзе да трох гадзін, больш за тысячу з іх чакаюць каля брамы яшчэ да адкрыцця (у 7:30), каб толькі зірнуць на яе. Фактычна, зорнасць Хуа Хуа дала турыстычнай індустрыі ў Чэнду такі штуршок, што база, дзе яна жыве, стала другім па папулярнасці турыстычным напрамкам ва ўсёй краіне падчас свята Дня працы ў 2023 годзе. Панда стала сімвалам турызму Чэнду, і гарадскі ўрад афіцыйна прызначыў яе ганаровым кіраўніком турыстычнага бюро горада Чэнду. На кітайскай сацыяльнай медыя-платформе выйшла навіна аб гэтай падзеі. У відэа ёсць фотаздымак галавы трохгадовай Хэ Хуа з дамаляваным тулавам у гарнітуры, на якім яна нібы трымае сертыфікат аб прызначэнні і ўводзіны да яе рэзюмэ.

Відэа выклікала бурныя абмеркаванні ў каментарах. Прыхільнікі віншавалі Хуа Хуа з ганаровай пасадай і новай працай. “Цяпер яна – начальнік Хуа”, – напісана ў адным з каментароў. Бюро спадзяецца, што гэты крок яшчэ больш падніме турыстычную індустрыю.

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты