ГалоўнаяПаслугiВіртуальныя сервісыВіртуальны цэнтр па дзейнасці міжнародных арганізацыйКiтайскi цэнтр кнiгiКніжныя выстаўкіТэматычныя кніжныя выстаўкі2024Паднябесная імперыя: Кітай учора і сёння

Паднябесная імперыя: Кітай учора і сёння


1 кастрычніка Кітайская Народная Рэспубліка адзначыць юбілейную дату – 75 гадоў з дня ўтварэння краіны. Да гэтай знамянальнай падзеі ў Кітайскім цэнтры кнігі (пам. 207g) з 1 кастрычніка па 28 лістапада экспануецца тэматычная кніжная выстава “Паднябесная імперыя: Кітай учора і сёння”.

Выстава налічвае каля 50 выданняў пра Кітай на кітайскай, англійскай і рускай мовах як найноўшых, якія толькі што паступілі ў фонды бібліятэкі, так і выдадзеных раней.

У іх – гісторыя развіцця рэспублікі, яе цярністы шлях да звання другой па велічыні эканомікі свету і статусу аднаго з цэнтраў прамысловай вытворчасці і інавацый.

Прапанаваныя дакументы пазнаёмяць чытача са старажытнай і сучаснай гісторыяй Паднябеснай, з філасофіяй і літаратурай гэтай краіны, раскажуць пра выдатных кітайцаў, пра архітэктуру і жывапіс, навуку і рэлігію, кухню і чайную цырымонію, спорт і медыцыну. Для многіх беларускіх чытачоў выстава стане своеасаблівым даведнікам па Кітаі.


Экспазіцыя ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:

  • 75 гадоў КНР: гісторыя сучаснай кітайскай дзяржавы і яе дасягненняў
  • Адкрыты Кітай – маяк сусветнай эканомікі
  • Кітайская цывілізацыя: гісторыя і культура
  • Кітайская мудрасць: філасофія і рэлігія
  • Мастацтва Паднябеснай
  • Кітайская медыцына: як захаваць здароўе
  • Сакрэты кітайскай кухні

Выстава прызначана для чытачоў, што цікавяцца гісторыяй, культурай і традыцыямі Кітая, а таксама для кітайскіх студэнтаў, якія вучацца ў ВНУ Рэспублікі Беларусь.

Дзень утварэння Кітайскай Народнай Рэспублікі (КНР) – галоўнае дзяржаўнае свята Кітая. Адна з асноўных традыцый свята – урачыстае ўзняцце кітайскага флага на галоўнай плошчы краіны Цяньаньмэнь. Менавіта на гэтай плошчы ў 1949-м годзе і было абвешчана аб стварэнні КНР лідарам Камуністычнай партыі Кітая Мао Цзэдунам.

Па-кітайску ўрачыстасць называецца 庆节 (Guóqìng jié) – нацыянальнае свята. Гэта важны дзень для кожнага сучаснага кітайца. На час святкавання аблічча ўсіх гарадоў Кітая мяняецца – вуліцы ўпрыгожваюцца чырвонымі флагамі, кітайскімі ліхтарамі і гіганцкімі кампазіцыямі з жывых кветак, праходзяць масавыя народныя гулянні пад акампанемент урачыстай музыкі і выбухі феерверкаў.

З гэтага дня ў Кітаі пачынаецца адзін з двух “Залатых тыдняў”, калі святочныя дні (1–3 кастрычніка) аб’ядноўваюцца з выходнымі і ўтвараюць разам непрацоўны тыдзень, так было ўстаноўлена ў 1999 годзе для стымулявання падарожжаў. Гэтая мера аказалася эфектыўнай, і турызм у гэты дзень стаў традыцыяй у кітайцаў, а свята – адным з самых любімых для іх.


Час работы выставы адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 34.

Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі.

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты