Тэматычная кніжная выстаўка “Новы год пад новым месяцам”, падрыхтаваная да традыцыйнага кітайскага свята Новага года, адкрыта ў Кітайскім цэнтры кнігі (пам. 207g) з 9 студзеня па 6 лютага. Экспазіцыя налічвае каля 30 выданняў на кітайскай, англійскай і рускай мовах: кнігі, перыядычныя і выяўленчыя выданні.
У даслоўным перакладзе кітайскі Новы год – “Свята вясны” (кіт. трад. 春節, спр. 春节, chūnjié, Чуньцзэ). З даўніх часоў ён з’яўляецца галоўным і самым працяглым святам не толькі ў Кітаі, але і ў іншых краінах Усходняй Азіі. Пастаяннай даты пачатку Новага года няма – яна прыпадае на другі маладзік пасля зімовага сонцастаяння. Такім чынам, чарговы год па кітайскім календары наступіць 29 студзеня 2025 года і яго святкаванне працягнецца да 12 лютага. Дарэчы, у Кітаі будуць сустракаць не 2025-ты год, як гэта зусім нядаўна рабілі мы, а 4722-гі. Скончыцца ж год па кітайскім календары 16 лютага 2026 года.
Кожны год ва ўсходнім календары сімвалізуецца камбінацыяй, якая паўтараецца толькі раз у 60 гадоў. Гэтая камбінацыя ўяўляе адно з 12 задыякальных жывёл пэўнага колеру, адпаведнага адной з пяці стыхій (вадзе, зямлі, металу, агню і дрэву). 2025-ты будзе сімвалізаваць жывёла Змяя і стыхія Дрэва, а асноўным колерам стане зялёны.
Самая значная падзея свята – сямейная вячэра напярэдадні Новага года, калі ўся сям’я збіраецца за сталом, каб правесці час разам, падзяліцца радасцю. Першы дзень Новага года пачынаюць з жартаў і запуску феерверкаў, а таксама спальвання духмяных рэчываў. Феерверкі павінны адпудзіць злых духаў і прыцягнуць у сям’ю дух прымірэння і шчасця. Прынята дарыць чырвоныя канверты з грашыма, якія сімвалізуюць поспех, дабрабыт.
Прадстаўленая экспазіцыя прапануе чытачу пагрузіцца ў атмасферу ўсходняй казкі і даведацца шмат новага і цікавага не толькі аб навагодніх традыцыях, але і ў цэлым аб гісторыі і нацыянальных святах і абрадах Кітая.
Мноства навагодніх абрадаў – у маляўнічых ілюстраваных альбомах “Chinese New Year pictures”, “Chinese New Year paintings”, “Chinese New Year” і “Chinese spring festival”. Паданням і міфам, звязаным з надыходам Новага года, прысвечаны выданні “Мифы и легенды Китая” і “Chinese myths & legends”. У іх распавядаецца пра пачвару Нянь, якая прыходзіць у першы дзень Новага года на Зямлю, каб паабедаць людзьмі, і пра тое, які кітайцы прыдумалі спосаб адпужвання монстра.
Пра асаблівасці святкавання Новага года ў Кітаі, Карэі і Японіі можна даведацца з манаграфій “Календарные обычаи и обряды народов Восточной Азии. Годовой цикл” і “Календарные обычаи и обряды народов Восточной Азии. Новый год”.
Аб узнікненні, эвалюцыі, змесце і адрозненнях у абрадах розных рэгіёнаў Кітая раскажуць ілюстраваныя альбомы “Традиционные праздники Китая в иллюстрациях”, “Китайские праздники в поисках радости”, “История китайских праздников”.
Выстаўка прызначана для чытачоў, якія цікавяцца гісторыяй, культурай і традыцыямі Кітая, а таксама для кітайскіх студэнтаў, якія навучаюцца ў ВНУ Беларусі.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 34.
Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі.