ГалоўнаяПаслугiВіртуальныя сервісыВіртуальны цэнтр па дзейнасці міжнародных арганізацыйКніжныя выстаўкіВіртуальныя выстаўкі і праектыІнтэлектуальная ўласнасць: прававая ахова і кіраванне

Інтэлектуальная ўласнасць: прававая ахова і кіраванне

З 22 красавіка Віртуальны цэнтр па дзейнасці міжнародных арганізацый адкрывае на партале НББ віртуальную кніжную выстаўку “Інтэлектуальная ўласнасць: прававая ахова і кіраванне”, прысвечаную Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Гэта міжнароднае свята акцэнтуе ўвагу грамадскасці на значэнні творчасці і інавацый у паўсядзённым жыцці чалавека, эканамічным і культурным развіцці грамадства. Дзень заснаваны генеральнай асамблеяй Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці (САІУ) у верасні 2000 года. Дата 26 красавіка абрана не выпадкова. Менавіта ў гэты дзень у 1970 годзе ўступіла ў сілу міжнародная канвенцыя, паводле якой была заснавана Сусветная арганізацыя інтэлектуальнай уласнасці (САІУ).

САІУ – гэта спецыялізаваная ўстанова Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, якая займаецца пытаннямі палітыкі, умацавання супрацоўніцтва, прадастаўлення паслуг і інфармацыі ў галіне інтэлектуальнай уласнасці. Сёння членамі арганізацыі з’яўляюцца 189 дзяржаў.

САІУ і яе дзяржавы-члены штогод адзначаюць Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці, праводзячы прымеркаваныя да гэтай даты сустрэчы, мерапрыемствы і кампаніі. Іх мэта – дамагчыся лепшага разумення шырокімі пластамі насельніцтва таго, што ўяўляе сабой інтэлектуальная ўласнасць, паказаць, якім чынам сістэма яе абароны спрыяе развіццю шматлікіх напрамкаў прагрэсу – ад мастацтва да інавацыйных тэхналогій.

Штогод Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці прысвячаецца пэўнай тэме. У 2020 годзе гэта ключавая роля інавацый (і інтэлектуальнай уласнасці як іх падмурка) у забеспячэнні “зялёнага” будучага. У рамках гэтай кампаніі будзе паказана, якім чынам моцная і збалансаваная сістэма інтэлектуальнай уласнасці можа заахвочваць развіццё “зялёнай” эканомікі, здольнай іграць на баку сістэм жыццезабеспячэння на планеце, а не супраць іх. Рашэнні, якія прымаюцца сёння, вызначаюць наша жыццё заўтра. Гэта яшчэ раз падкрэслівае неабходнасць падвоіць намаганні, накіраваныя на стварэнне ўстойлівых нацыянальных інавацыйных сістэм і забеспячэнне доступу да эфектыўных нацыянальных сістэм інтэлектуальнай уласнасці, якія спрыяюць распрацоўцы і ўкараненню тэхналогій, стварэнню прадуктаў і паслуг, неабходных грамадству на шляху да “зялёнага” будучага.

З лістапада 2010 года Нацыянальная бібліятэка Беларусі стала бібліятэкай – дэпазітарыем дакументаў САІУ. Прапанаваная віртуальная выстаўка пазнаёміць чытачоў бібліятэкі з дзейнасцю арганізацыі і яе дакументамі, сярод якіх матэрыялы па міжнародным заканадаўстве ў сферы інтэлектуальнай уласнасці (канвенцыі, дагаворы, пагадненні), літаратура па аўтарскім праве, патэнтах і таварных знаках, штогадовыя справаздачы і кароткія агляды САІУ.

На віртуальнай выстаўцы прадстаўлена 54 дакументы з фондаў бібліятэкі на рускай і англійскай мовах: кнігі, брашуры, буклеты. Для кожнага дакумента даецца бібліяграфічнае апісанне, анатацыя і pdf-файл са зместам.

Экспазіцыя ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:

  • Інтэлектуальная ўласнасць: роля і месца ў развіцці сучаснага грамадства
  • Міжнародная прававая ахова інтэлектуальнай уласнасці
  • Дзейнасць Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці (САІУ)
  • Прамысловая ўласнасць, патэнтнае права, таварныя знакі
  • Аўтарскае права і сумежныя правы
  • Інтэлектуальная ўласнасць і развіццё інавацый. Інавацыі для “зялёнага” будучага

Выстаўка будзе цікавай студэнтам, аспірантам, выкладчыкам юрыдычных і эканамічных факультэтаў, кіраўнікам прадпрыемстваў, супрацоўнікам навукова-даследчых і прыкладных інстытутаў, юрысконсультам і ўсім, хто цікавіцца праблемамі інтэлектуальнай уласнасці.

Для атрымання лічбавых копій фрагментаў дакументаў, прадстаўленых на віртуальнай выстаўцы, прапануем карыстацца паслугамі Службы электроннай дастаўкі дакументаў.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 34.

Віртуальная выстаўка падрыхтавана супрацоўнікамі аддзела абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі.

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты