Як прыцягнуць да сябе ўвагу выратавальніка?
Можна падаць сігнал голасам, стукаць абломкам цагліны па пліце, трубе, арматуры. Прыслухоўвайцеся. Як толькі машыны і механізмы спыняць работу, наступіць цішыня. А гэта значыць, што выратавальнікамі аб’яўлена хвіліна маўчання. Менавіта ў гэты час самі выратавальнікі прыслухоўваюцца да крыкаў, стогнаў, грукаў, што даносяцца з глыбіні. Менавіта ў хвіліну маўчання выратавальнікі з дапамогай прыбораў і спецыяльна навучаных сабак вядуць узмоцненую разведку. Жывых людзей можна знайсці па стогне, крыку, сабака чуе дыханне чалавека.
Пры знаходжанні жывых людзей выратавальнікі прабіваюць вузкі калодзеж, праз яго апускаюць медыкаменты, ваду, прадукты, а затым вельмі асцярожна разбіраюць завал.
Часта людзей раздзяляе бетонная пліта. Зняць яе адразу з дапамогай крана небяспечна: могуць зрушыцца і прыдавіць чалавека абломкі. У такім выпадку выратавальнікі падымаюць кранам бетонную пліту на некалькі сантыметраў і ў шчыліну, якая атрымалася, урач перадае чалавеку раствор глюкозы для падтрымання сіл, а затым зноў пачынаецца свідраванне бетону па краях, каб зрушыць пліту як мага акуратней.
Бывае, што становішча ў завале дазваляе нават закурыць. А курыць у такой абстаноўцы заўзятым курыльшчыкам вельмі хочацца! Ад такой задумы трэба катэгарычна адмовіцца: дым знішчае рэшткі кіслароду ў сховішчы, што прыводзіць да немінучай смерці ад удушша.
Пры разборцы завалу трэба дзейнічаць асцярожна, у першую чаргу імкнучыся вызваліць галаву і грудзі пацярпелага.
Пры правядзенні выратавальных работ трэба спяшацца. Сумная статыстыка сцвярджае, што з тысячы чалавек, якія трапілі ў завалы пасля землятрусу, кожную гадзіну памірае 50 чалавек, гэта значыць, практычна кожная хвіліна прамаруджання ўносіць жыццё аднаго з тысячы зажыва пахаваных.