У народзе грыбы называюць “лясным мясам”, “маннай беднякоў”. Да рэвалюцыі ў лясах іх збіралі да 40 кг за год на душу насельніцтва. Грыбы незвычайна смачныя і вельмі пажыўныя.
У спецыялістаў няма адзінага меркавання адносна ядомасці многіх грыбоў. Катэгарычна неядомым і вельмі небяспечным лічыцца адзін-адзіны – бледная паганка. Паўтара грама яе дастаткова, каб трапіць у бальніцу. Штогод рэгіструюцца некалькі соцень атручванняў грыбамі. Меркаванне пра іншыя грыбы перыядычна мяняецца. У апошнія гады ў лясах трапляецца вельмі шмат грыбоў-мутантаў: падбярозавікі-альбіносы (не з карычневым, а з белым капялюшыкам), чырвоныя масляты. “Навучылася” маскіравацца і бледная паганка. Нават дасведчаныя грыбнікі часам не могуць адрозніць яе ад сыраежкі, апенькі або шампіньёна. Менавіта гэтым тлумачаць медыкі нашумелыя публікацыі пра атручванні нібы традыцыйна ядомымі грыбамі.
Прыкметы атручвання: ваніты, моцныя болі ў жываце, панос, халодны пот, сутаргі, галюцынацыі, упадак сардэчнай дзейнасці. Прыступы паўтараюцца некалькі разоў праз 6-48 гадзін, а смерць можа наступіць праз 5-10 дзён пасля атручвання.
Што рабіць, калі з'явіліся сімптомы атручвання? Неадкладна прамыйце страўнік: выпіце 5-6 шклянак кіпячонай вады або бледна-ружовага раствора марганцоўкі, а затым націсніце пальцамі на корань языка. Ні ў якім разе не піце малако – яно спрыяе ўсмоктванню таксінаў. Адразу жа прыміце 2-5 таблетак актываванага вугалю або іншага сарбенту, вітамін С да аднаго грама і абавязкова антыбіётыкі (неаміцын, леваміцэцін), бо таксіны актывізуюць усе хваробатворныя мікраарганізмы ў кішэчніку.
Адначасова неабходна да прыбыцця “хуткай дапамогі” піць злёгку падсоленую ваду для ўзнаўлення водна-солевага балансу.
Многія лічаць, што пры атручванні дапамагае алкаголь. Гэта небяспечная памылка, бо алкаголь спрыяе найхутчэйшаму распаўсюджванню таксіну ў арганізме. Неабходна заўсёды памятаць галоўнае правіла – не збіраць незнаёмых грыбоў.
Грыбы здольныя назапашваць у сабе спалучэнні цяжкіх металаў, актыўнымі распаўсюджвальнікамі якіх з'яўляюцца выхлапныя газы аўтатранспарту. Таму не збірайце грыбы, якія растуць уздоўж аўтамагістраляў, на прамысловых пустках і былых памыйніцах.
Памятайце, што можна атруціцца і ядомымі грыбамі, калі яны старыя, сапсаваныя.
Любыя грыбы неабходна адварваць у дзвюх водах. Першы адвар зліць праз 10 хвілін пасля закіпання, другі – праз 30-40 хвілін. Толькі пасля гэтага грыбы можна смажыць. Гэтае правіла распаўсюджваецца і на высакародныя грыбы.
Не парушайце традыцый кансервавання грыбоў. Сушыць можна ўсе грыбы, акрамя пласціністых (апенек, лісічак, груздоў і інш.). Соляць грузды і рыжыкі. Марынуюць баравікі, падбярозавікі, чырвонагаловікі. Грыбы, якія маюць млечны сок (грузды, падгрузды, ваўнянкі, чарнушкі і інш.), перад засолам неабходна вымачыць або адварыць.
Ніколі не закрывайце герметычна слоікі з кансерваванымі (марынаванымі, салёнымі) грыбамі. Дэфіцыт кіслароду – ідэальная ўмова для развіцця спор батулінічнага мікроба, які выклікае сур'ёзную (часам са смяротным зыходам) хваробу – батулізм.
Лічыцца, што лепшым спосабам кансервавання грыбоў з'яўляецца іх замарожванне пасля адварвання.