Хуткасць руху паветра пры гэтай з'яве можа дасягаць 30 м/сек і больш.
Па сваім згубным уздзеянні ўраган можа параўнацца з землетрасеннем. Ураганны вецер разбурае ўстойлівыя будынкі і зносіць, нібы цацкі, лёгкія будынкі, спустошвае палі, абрывае лініі электраперадач і сувязі, вырывае з каранямі і валіць дрэвы, перакрываючы рух на аўтамагістралях, зрывае дахі будынкаў, выбівае шклы і дзверы ў кватэрах, прыгінае святлафоры і апоры вулічнага асвятлення, топіць судны, пашкоджвае транспартныя магістралі і масты, камунальна-энергетычныя сеткі, пакідаючы горад без святла, вады і цяпла.
У ЗША, напрыклад, штармавыя вятры прыносяць больш бед, чым любая іншая прыродная катастрофа.
2 верасня 1935 года ўраган абрынуўся на Фларыду: хуткасць ветра склала 330 км/гадзіну. Вецер з такой сілай узняў за сабой хмары пяску, што яны адшліфавалі лак аўтамабіляў да металу, сярод ахвяр былі выяўлены людзі, у якіх пясчаная бура “сцерла” не толькі адзежу аж да тоўстых скураных рамянёў і чаравікаў, але і скуру.
Самы страшны на памяці чалавецтва ўраган прайшоў у лістападзе 1970 года над астравамі ў Бангладэш. Ён забраў каля мільёна жыццяў.
За некалькі гадзін да набліжэння ўрагану метэаслужба, як правіла, апавяшчае насельніцтва: па радыё перадаецца штармавое папярэджанне. Пачуўшы сігнал небяспекі, трэба неадкладна правесці ахоўныя мерапрыемствы: умацаваць недастаткова трывалыя канструкцыі і пад'ёмныя краны на будоўлях і пагрузачных пляцоўках. У будынках неабходна зачыніць дзверы, паддашкавыя памяшканні. Вялікія вокны і вітрыны закрыць шчытамі. Шклы заляпіць палоскамі паперы або тканіны. З дахаў, балконаў, лоджый, падаконнікаў прыбраць рэчы, якія пры падзенні могуць нанесці траўмы людзям. Трэба адключыць газ, патушыць агонь у печах: падчас буры яны здольны стаць крыніцай пажару.
Вучняў пасля штармавога папярэджання трэба неадкладна адпусціць па хатах. Калі часу мала – дзяцей з вучэбных, дашкольных, спартыўных, культурных устаноў і цэнтраў развіцця не выпускаюць. Трэба забараніць дзецям падыходзіць да вокнаў – асколкі шкла, якое разлятаецца, з’яўляюцца небяспечнымі.
Самымі надзейнымі для сховішча з'яўляюцца скляпы, унутраныя памяшканні першых паверхаў цагляных будынкаў.
Аўтамашыны не варта паркаваць каля дрэў, якія могуць пад націскам ветру паваліцца на машыны, выклікаючы гібель або траўмы людзей, якія знаходзяцца ўнутры аўтамабіля.
У бальніцах абавязкова трэба мець рэзервовыя крыніцы энергазабеспячэння, бо могуць памерці хворыя ў выніку спынення падачы электраэнергіі і спынення апаратаў жыццезабеспячэння, напрыклад, штучнага дыхання і інш.
Калі ўраган заспеў вас на вуліцы, трымайцеся далей ад будынкаў і забудоў, высокіх платоў, слупоў, дрэў, мачтаў апор і правадоў. Небяспечна знаходзіцца на мастах, эстакадах, набліжацца да месцаў захоўвання лёгкаўзгаральных рэчываў і трубаправодаў.
Памятайце: часцей за ўсё ў такіх умовах людзі атрымліваюць траўмы ад асколкаў шкла, шыферу, чарапіцы, ад кавалкаў дахавага жалеза, сарваных дарожных знакаў, ад дэталяў аздаблення фасадаў і карнізаў, ад прадметаў, якія захоўваюцца на балконах і лоджыях.
Калі ўраган або смерч заспеў вас на адкрытай мясцовасці, лепш за ўсё схавацца ў канаве, яме, яры, любой лагчыне: легчы на дно паглыблення і шчыльна прыціснуцца да зямлі. Не заходзьце ў пашкоджаныя будынкі – яны могуць абрушыцца пад напорам ветру. Асабліва сцеражыцеся абарваных правадоў, не бярыцеся за іх, не наступайце – яны могуць быць пад напружаннем.
Калі вецер аціх, не варта адразу ж выходзіць на вуліцу: праз некалькі хвілін шквал можа паўтарыцца. Потым, калі стане ясна, што ўраган скончыўся, выходзячы з дома, спачатку агледзьцеся – ці няма навісаючых прадметаў і частак канструкцыі, абарваных правадоў, ці не адчуваецца пах газу. Агонь нельга запальваць да той пары, пакуль не будзе ўпэўненасці, што ўцечкі газу няма. Нельга таксама карыстацца ліфтамі.