ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Дадзены Парадак распрацаваны ў адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб культуры, Законам Рэспублікі Беларусь ад 17.05.2011 № 262–3 «Аб аўтарскім праве і сумежных правах», СТБ 7.31–2000 «Міжбібліятэчны абанемент», Палажэннем аб сістэме міжбібліятэчнага абанемента і дастаўкі дакументаў дзяржаў – удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў, зацверджаным Рашэннем Эканамічнага савета ад 14.06.2018, Правіламі функцыянавання Сістэмы МБА і ДД дзяржаў – удзельніц СНД, Правіламі карыстання Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Інструкцыяй па ўліку і захаванасці фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Правіламі капіравання інфармацыі дзяржаўнай установы «Нацыянальная бібліятэка Беларусі» і вызначае ўмовы абслугоўвання карыстальнікаў міжбібліятэчнага абанемента і дастаўкі дакументаў (далей – МБА і ДД).
2. МБА і ДД функцыянуе ў інтарэсах развіцця навуковага, тэхнічнага і культурнага патэнцыялу карыстальнікаў з мэтай забеспячэння іх праў на свабодны доступ да інфармацыйных рэсурсаў айчынных і замежных бібліятэк.
3. Паслугамі МБА і ДД маюць права карыстацца:
3.1. Калектыўныя карыстальнікі. Бібліятэкі і іншыя ўстановы Рэспублікі Беларусь, якія маюць у сваім складзе бібліятэку або ў штаце асобу, якая адказвае за інфармацыйнае забеспячэнне навуковай, адукацыйнай, прафесійнай і іншай дзейнасці;
3.2. індывідуальныя карыстальнікі дзяржаўнай установы «Нацыянальная бібліятэка Беларусі» (далей – Бібліятэка).
4. У межах МБА і ДД выконваюцца паслугі па прадстаўленні арыгіналаў дакументаў з фондаў Бібліятэкі ў часовае карыстанне (толькі калектыўным абанентам), друкаваных і лічбавых копій у пастаяннае карыстанне ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Об авторском праве и смежных правах».
5. Аказанне паслуг па МБА і ДД ажыццяўляецца згодна Прэйскуранту платных паслуг, якія аказвае дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бібліятэка Беларусі».
6. Абслугоўванне карыстальнікаў сродкамі МБА і ДД ажыццяўляе аддзел бібліятэчнага абслугоўвання.
ГЛАВА 2
АБСЛУГОЎВАННЕ КАЛЕКТЫЎНЫХ КАРЫСТАЛЬНІКАЎ
7. Абслугоўванне калектыўных карыстальнікаў ажыццяўляецца на доўгатэрміновай аснове і па разавых запытах.
8. Доўгатэрміновае абслугоўванне ажыццяўляецца на падставе дагавора1 ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
8.1. Пасля заключэння дагавора калектыўным карыстальнікам выдаецца або высылаецца інфармацыя з указаннем нумара абанемента і пароля для заказу дакументаў у электронным каталозе праз інтэрнэт-партал Бібліятэкі.
9. Разавы запыт выконваецца на аснове гарантыйнага ліста, падпісанага кіраўніком ўстановы, якая звяртаецца за паслугай.
10. Асновай для выканання запыту з’яўляецца заказ.
11. Заказы могуць быць накіраваны сродкамі традыцыйнай ці электроннай пошты або аформлены самастойна праз інтэрнэт-партал Бібліятэкі.
12. Заказ калектыўнага карыстальніка павінен змяшчаць наступныя звесткі:
12.1. назва ўстановы;
12.2. нумар абанемента, дата і нумар заказу, прозвішча адказнай асобы;
12.3. бібліяграфічныя звесткі аб дакуменце на мове арыгінала (прозвішча і ініцыялы аўтара, назва, месца і год выдання – для кніг; назва выдання, год, том, нумар, прозвішча і ініцыялы аўтара, загаловак артыкула – для перыядычных выданняў).
ГЛАВА 3
АБСЛУГОЎВАННЕ ІНДЫВІДУАЛЬНЫХ КАРЫСТАЛЬНІКАЎ
13. Індывідуальныя карыстальнікі абслугоўваюцца сродкамі МБА і ДД толькі пры наяўнасці чытацкага білета Бібліятэк, акрамя карыстальнікаў, якія ажыццяўляюць заказы электроннай дастаўкі дакументаў праз інтэрнэт-партал Бібліятэкі.
14. Пры адсутнасці дакумента ў фондах Бібліятэкі індывідуальны карыстальнік мае права аформіць заказ па міжнародным абанеменце (далей – ММБА) на пошук і атрыманне дакумента з замежных бібліятэк.
15. Пры афармленні заказу індывідуальнаму карыстальніку неабходна прадставіць наступныя звесткі:
15.1. нумар чытацкага білета;
15.2. прозвішча, імя, імя па бацьку;
15.3. паштовы і электронны адрас, нумар тэлефона;
15.4. бібліяграфічныя звесткі аб дакуменце на мове арыгінала (прозвішча і ініцыялы аўтара, назва, месца і год выдання – для кніг; назва выдання, год, том, нумар, прозвішча і ініцыялы аўтара, загаловак артыкула – для перыядычных выданняў).
ГЛАВА 4
ВЫКАНАННЕ ЗАКАЗАЎ
16. Каштоўныя і рэдкія дакументы, артыкулы з газет і часопісаў, выданні даведачнага характару, выданні, якія знаходзяцца ў фондзе Бібліятэкі ў адзіным экзэмпляры, картаграфічныя і ілюстрацыйныя матэрыялы, аўдыя-, відэадакументы, дакументы, год выдання якіх да 1945 г., выдаюцца толькі ў выглядзе копій.
17. Тэрмін выканання заказаў па МБА і ДД – ад 1 да 3 працоўных дзён без уліку часу на перасылку.
18. Тэрмін выканання заказаў па ММБА залежыць ад іх складанасці і магчымасцей бібліятэкі-выканаўцы.
19. Тэрмін карыстання арыгіналамі дакументаў, якія атрыманы па МБА, складае 30 дзён.
20. У выпадку адсутнасці заказанага дакумента ў фондах Бібліятэкі ці немагчымасці яго выдачы за межы Бібліятэкі, карыстальнік інфармуецца аб адмове.
ГЛАВА 5
ПРАВЫ КАРЫСТАЛЬНІКАЎ
21. Карыстальнікі маюць права:
21.1. афармляць заказы па МБА і ДД, па ММБА;
21.2. выбіраць форму выканання заказаў з улікам п. 5 дадзенага Парадку;
21.3. вызначаць тэрмін актуальнасці заказаў;
21.4. атрымліваць даныя бібліяграфічнай дапрацоўкі заказаў.
ГЛАВА 6
АБАВЯЗКІ КАРЫСТАЛЬНІКАЎ
22. Карыстальнікі абавязаны:
22.1. карыстацца арыгіналамі дакументаў, якія атрыманы па МБА і ДД, ММБА, толькі ў чытальнай зале бібліятэкі-заказчыцы;
22.2. захоўваць арыгіналы атрыманых дакументаў асобна ад фондаў бібліятэкі-заказчыцы;
22.3. забяспечваць захаванасць дакументаў і іх своечасовы зварот;
22.4. замяніць арыгіналы дакументаў ў выпадку іх пашкоджання або страты ідэнтычнымі або раўнацэннымі экзэмплярамі.
22.5. выкарыстоўваць дакументы, якія атрыманы сродкамі МБА і ДД, толькі ў адукацыйных і даследчых мэтах.
ГЛАВА 7
ПРАВЫ І АБАВЯЗКІ БІБЛІЯТЭКІ
23. Бібліятэка мае права:
23.1. уносіць змены ў дадзены Парадак;
23.2. уводзіць абмежаванні па тэрмінах карыстання дакументамі, выдачы арыгіналаў і капіраванні дакументаў ў мэтах забеспячэння захаванасці фондаў;
23.3. спыняць абслугоўванне карыстальніка пры наяўнасці запазычанасці;
23.4. адмаўляць у выкананні заказу па прычынах, незалежных ад Бібліятэкі.
24. Бібліятэка абавязана:
24.1. прымаць да разгляду ўсе заказы, якія паступаюць па МБА і ДД, ММБА;
24.2. ажыццяўляць бібліяграфічную дапрацоўку заказаў;
24.3. выконваць заказы ў тэрміны, азначаныя ў пп. 17 і 18 дадзенага Парадку;
24.4. інфармаваць абанентаў аб выкананні заказаў або адмове.
Пытанні па абслугоўванні карыстальнікаў, не ўрэгуляваныя гэтым Парадкам, вырашаюцца індывідуальна шляхам звароту карыстальніка да загадчыка аддзела бібліятэчнага абслугоўвання і намесніка генеральнага дырэктара – дырэктара па інфармацыйных рэсурсах і абслугоўванні карыстальнікаў.
1 Бібліятэка пакідае за сабой права ў асобных выпадках не патрабаваць заключэнне дагавора.