Глава 1.
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Дадзены Парадак распрацаваны ў адпаведнасці з Правіламі карыстання Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Правіламі карыстання інфармацыйнымі рэсурсамі Інтэрнэту ў чытальных залах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Правіламі капіравання інфармацыі, Парадкам абслугоўвання дакументамі на электронных носьбітах і вызначае ўмовы абслугоўвання карыстальнікаў у чытальнай зале дактароў навук (далей – зала).
2. У Зале абслугоўваюцца спецыялісты, якія маюць вучоную ступень доктара навук.
3. Абслугоўванне ажыццяўляецца шляхам кансультавання выдачы заказаных з фондасховішча дакументаў, забеспячэння доступу да электронных рэсурсаў і дакументаў падсобнага фонду залы, а таксама шляхам выканання дадатковых (платных) паслуг.
4. Зала мае агульную з навуковай чытальнай залай кафедру выдачы заказаных з фондасховішча дакументаў, якая размешчана ў памяшканні 206а (далей – кафедра выдачы).
5. Рэжым работы залы адпавядае рэжыму работы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (далей – Бібліятэка).
Глава 2.
КАНСУЛЬТАВАННЕ
6. Інфармацыя пра рэсурсы і паслугі Бібліятэкі, сістэму чытальных залаў, правілы і парадкі абслугоўвання, алгарытмы работы з электроннымі рэсурсамі прадастаўляецца па запыце карыстальніка дзяжурным бібліятэкарам на кафедры выдачы.
Глава 3.
АБСЛУГОЎВАННЕ ДАКУМЕНТАМІ, ЗАКАЗАНЫМІ З ФОНДАСХОВІШЧА
7. Заказ дакументаў ажыццяўляецца па электронным каталозе Бібліятэкі (далей – ЭК) з любога аўтаматызаванага рабочага месца карыстальніка або праз інтэрнэт-партал Бібліятэкі. Выключэнне складаюць дакументы, не адлюстраваныя ў ЭК, заказ якіх выконваецца па бланку заказу.
8. Бланк заказу карыстальнік запаўняе самастойна і перадае яго дзяжурнаму бібліятэкару на кафедры выдачы.
9. Ліміт заказу складае: 30 дакументаў ў аўтаматызаваным рэжыме, 3 – па бланку заказу.
10. Прыём заказаў на бягучы дзень спыняецца за гадзіну да закрыцця Бібліятэкі. Заказы, прынятыя пазней за азначаны час, выконваюцца ў дзень, выбраны карыстальнікам пры афармленні заказу.
11. Час выканання заказу, як правіла, складае 30 хвілін.
12. Заказаныя з фондасховішча дакументы карыстальнік атрымлівае на кафедры выдачы пры прад’яўленні чытацкага білета. Асобныя віды дакументаў: рукапісы, рэдкія кнігі і старадрукі, дысертацыі, ноты, электронныя, аўдыявізуальныя, выяўленчыя дакументы, газеты і інш. – выдаюцца ў чытальных залах адпаведнага профілю.
13. Пры атрыманні дакументаў, заказаных па бланку заказу, карыстальнік пакідае чытацкі білет дзяжурнаму бібліятэкару.
14. З дакументаў, забраніраваных за іншымі карыстальнікамі, па запыце чытача можа быць выдадзены 1 экзэмпляр. Тэрмін карыстання – не больш за 1 гадзіну.
15. Лісток заказу, укладзены ў дакумент, належыць захоўваць на працягу ўсяго тэрміну карыстання.
16. Выдача дакументаў спыняецца за 15 хвілін да закрыцця Бібліятэкі.
17. Зварот дакументаў ажыццяўляецца на кафедры выдачы. Карыстальнік павінен паведаміць дзяжурнаму бібліятэкару пра неабходнасць забраніраваць дакументы, прадоўжыць тэрмін браніравання, вярнуць дакументы ў фондасховішча.
18. Тэрмін браніравання дакументаў – 30 дзён з дня заказу. У выпадку неабходнасці і пры адсутнасці запытаў ад іншых карыстальнікаў тэрмін браніравання можа быць прадоўжаны. Агульны тэрмін браніравання не можа перавышаць 90 дзён.
19. Колькасць дакументаў, забраніраваных за карыстальнікам, не можа перавышаць 60 адзінак.
20. Карыстальнік нясе адказнасць за ўсе дакументы, атрыманыя ім у карыстанне. Пры атрыманні дакументы належыць прагледзець і ў выпадку выяўлення дэфектаў паведаміць пра іх дзяжурнаму бібліятэкару.
Глава 4.
АБСЛУГОЎВАННЕ ДАКУМЕНТАМІ ПАДСОБНАГА ФОНДУ
21. Працаваць з дакументамі падсобнага фонду залы могуць усе карыстальнікі Бібліятэкі.
22. Дакументамі падсобнага фонду дазваляецца карыстацца самастойна, не парушаючы сістэму расстаноўкі. Пасля прагляду дакументы неабходна пакінуць у спецыяльных цялежках побач са стэлажамі.
23. Дакументы падсобнага фонду браніраванню не падлягаюць.
24. Забараняецца выносіць дакументы падсобнага фонду з памяшкання чытальнай залы без дазволу дзяжурнага бібліятэкара.
Глава 5.
ЗАБЕСПЯЧЭННЕ ДОСТУПУ ДА ЭЛЕКТРОННЫХ РЭСУРСАЎ
25. Лакальныя электронныя інфармацыйныя рэсурсы Бібліятэкі даступныя з любога аўтаматызаванага рабочага месца карыстальніка.
26. Рэсурсы інтэрнэт-доступу прадастаўляюцца выключна ў навуковых і адукацыйных мэтах з аўтаматызаваных рабочых месцаў карыстальніка, вызначаных Бібліятэкай, пэўная частка якіх адводзіцца толькі для бібліяграфічнага пошуку.
27. Права доступу да інтэрнэт-рэсурсаў дае чытацкі білет, які карыстальнік абавязаны перадаць дзяжурнаму бібліятэкару на кафедры выдачы да пачатку работы ў Інтэрнэце.
28. Пры рабоце з электроннымі рэсурсамі недапушчальна выконваць сістэмныя працэдуры ў камп’ютарнай сетцы, пераўстанаўліваць праграмныя сродкі.
29. Для апрацоўкі інфармацыі карыстальнік мае магчымасць працаваць з тэкставымі рэдактарамі Wordpad і Блакнот. Каб пазбегнуць страты інфармацыі пры рабоце з тэкставым дакументам, рэкамендуецца выконваць прамежкавае захаванне файла.
30. Захаванне электроннай інфармацыі дазваляецца выконваць толькі праз папку Партфель аўтаматызаванага рабочага месца карыстальніка (далей — папка Партфель) у адпаведнасці з Інструкцыяй па захаванні электроннай інфармацыі. Экспарт захаванай інфармацыі на розныя віды носьбітаў ажыццяўляецца дзяжурным бібліятэкарам па запыце карыстальніка.
31. Для работы з асабістымі электроннымі носьбітамі прадугледжаны абсталяваныя персанальнымі камп’ютарамі індывідуальныя кабіны, якія размешчаны ў агульнай чытальнай зале, навуковай чытальнай зале, зале беларускай літаратуры, зале дысертацый і прадастаўляюцца на платнай аснове.
Глава 6.
ВЫКАНАННЕ ДАДАТКОВЫХ ПАСЛУГ
32. Карыстальнікам залы прадастаўляюцца дадатковыя (платныя) паслугі па ксеракапіраванні і сканіраванні фрагментаў дакументаў з фондаў Бібліятэкі, экспарце электроннай інфармацыі на розныя віды носьбітаў згодна з Прэйскурантам платных паслуг, якія аказвае дзяржаўная ўстанова “Нацыянальная бібліятэка Беларусі” фізічным асобам (далей – Прэйскурант).
33. Ксеракапіраванне да 40 старонак з дакументаў Бібліятэкі выконвае дзяжурны бібліятэкар на кафедры выдачы. Ксеракопія звыш вызначанага аб’ёму выконваецца ў пунктах капіравання.
34. Сканіраванне да 40 старонак з дакументаў Бібліятэкі выконваецца дзяжурным бібліятэкарам чытальнай залы або аператарам пункта капіравання ў прысутнасці карыстальніка. Сканіраванне звыш вызначанага аб’ёму ажыццяўляецца па папярэднім заказе, тэрмін выканання якога складае, як правіла, 2 сутак (без уліку суботы, нядзелі і святочных дзён).
35. Для выканання запыту на ксеракапіраванне дакументаў карыстальнік павінен пісьмова вызначыць нумары старонак, якія падлягаюць капіраванню.
36. Папярэдні заказ на сканіраванне афармляецца на кафедры выдачы ў дзяжурнага бібліятэкара. Карыстальнік павінен запоўніць спецыяльны бланк, аплаціць заказ, прадаставіць чысты электронны носьбіт (CD, DVD).
37. Для выканання запыту на капіраванне або раздрукоўку інфармацыі з папкі Партфель карыстальнік павінен паведаміць дзяжурнаму бібліятэкару на кафедры выдачы нумар аўтаматызаванага рабочага месца і імя створанага ім файла.
38. Для капіравання электроннай інфармацыі рэкамендуецца прадастаўляць чысты электронны носьбіт. Экспарт інфармацыі ажыццяўляецца толькі пасля праверкі носьбіта на наяўнасць шкодных праграм (падчас праверкі файлы, якія ўтрымліваюць шкодны код, могуць быць аўтаматычна выдалены сістэмай). На носьбіты, якія немагчыма ачысціць ад шкодных праграм, капіраванне электроннай інфармацыі не выконваецца.
39. Аплата паслуг праводзіцца карыстальнікам у пунктах прыёму аплаты за паслугі згодна з Прэйскурантам.
40. Выкананне платных паслуг спыняецца за 15 хвілін да закрыцця Бібліятэкі.
Пытанні абслугоўвання карыстальнікаў, не ўрэгуляваныя гэтым Парадкам, вырашаюцца індывідуальна шляхам звароту карыстальніка да загадчыка аддзела бібліятэчнага абслугоўвання і намесніка дырэктара па інфармацыйна-бібліятэчным абслугоўванні.