Глава 1.
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Парадак абслугоўвання карыстальнікаў у зале прававой інфармацыі (далей – Парадак) распрацаваны ў адпаведнасці з Правіламі карыстання Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Правіламі карыстання інфармацыйнымі рэсурсамі Інтэрнэту ў чытальных залах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Правіламі капіравання інфармацыі, Парадкам абслугоўвання дакументамі на электронных носьбітах і вызначае ўмовы абслугоўвання карыстальнікаў у зале прававой інфармацыі (далей – Зала).
2. У Зале абслугоўваюцца ўсе катэгорыі карыстальнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (далей – Бібліятэка).
3. Абслугоўванне ажыццяўляецца шляхам выдачы дакументаў з падсобнага фонду Залы і праз доступ да электронных рэсурсаў, а таксама шляхам выканання дадатковых (платных) паслуг.
4. Перад пачаткам работы з інфармацыйнымі рэсурсамі Залы карыстальнік павінен прад’явіць білет чытача бібліёграфу-кансультанту.
5. Уся інфармацыя аб карыстальніку і Інтэрнэт-рэсурсах, якія ён наведвае, захоўваецца ў спецыяльным файлавым сховішчы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт” ад 01.02.2010 г. № 60 (з далейшымі змяненнямі і дапаўненнямі)
6. Рэжым работы Залы адпавядае рэжыму работы Бібліятэкі.
Глава 2.
АБСЛУГОЎВАННЕ ДАКУМЕНТАМІ ПАДСОБНАГА ФОНДУ ЗАЛЫ
7. Дакументамі падсобнага фонду, якія знаходзяцца ў адкрытым доступе, дазваляецца карыстацца самастойна, не парушаючы сістэму расстаноўкі на паліцах. Патрэбныя для работы дакументы карыстальнік рэгіструе ў бібліёграфа-кансультанта.
8. Дакументы пасля прагляду неабходна пакінуць на спецыяльных сталах побач са стэлажамі.
9. Дакументы з падсобнага фонду Залы не падлягаюць браніраванню.
10. Забараняецца выносіць дакументы падсобнага фонду з памяшкання Залы без дазволу дзяжурнага бібліёграфа.
11. Заказ дакументаў з фондасховішча на Залу не ажыццяўляецца.
Глава 3.
ЗАБЕСПЯЧЭННЕ ДОСТУПУ ДА ЭЛЕКТРОННЫХ РЭСУРСАЎ
12. Працаваць з электроннымі рэсурсамі Бібліятэкі можна на любым аўтаматызаваным месцы карыстальніка.
13. Доступ да знешніх баз даных і інфармацыйных рэсурсаў Інтэрнэту ажыццяўляецца з вызначаных Бібліятэкай аўтаматызаваных рабочых месцаў карыстальнікаў і даецца выключна ў навуковых і адукацыйных мэтах.
14. Кансультацыю па выкарыстанні электронных рэсурсаў карыстальнік атрымлівае ў бібліёграфа-кансультанта.
15. Для апрацоўкі інфармацыі карыстальнікі маюць магчымасць выкарыстоўваць тэкставыя рэдактары WordPad і “Блакнот”. Каб пазбегнуць страты інфармацыі пры рабоце з тэкставым дакументам, рэкамендуецца выконваць прамежкавае захаванне файла..
16. Карыстальнікі маюць права захоўваць інфармацыю, атрыманую з электронных рэсурсаў Бібліятэкі і праз Інтэрнэт, на рабочым стале камп’ютара ў папцы “Партфель” на працягу дня.
17. Пры рабоце з электроннымі рэсурсамі недапушчальна выконваць сістэмныя аперацыі ў камп’ютарнай сетцы, пераўстанаўліваць праграмныя сродкі.
18. Працаваць з інфармацыяй, якая знаходзіцца на электронным носьбіце карыстальніка, у Зале забараняецца. Для работы з асабістымі электроннымі носьбітамі карыстальнік мае магчымасць выкарыстаць абсталяваныя персанальнымі камп’ютарамі індывідуальныя кабіны, якія размешчаны ў зале беларускай літаратуры, зале выяўленчых і відэадакументаў.
19. Чытачы Залы маюць магчымасць карыстацца тэлевізарам (да 30 хвілін у дзень) для прагляду перадач навуковага і адукацыйнага характару. Гукавы сігнал рэгулюецца бібліёграфам з улікам стварэння ўмоў для працы іншым карыстальнікам.
Глава 4.
ВЫКАНАННЕ ДАДАТКОВЫХ ПАСЛУГ
20. Карыстальнікам аказваюцца дадатковыя (платныя) паслугі па ксеракапіраванні фрагментаў дакументаў з фондаў Залы, экспарце электроннай інфармацыі на розныя віды носьбітаў згодна з Прэйскурантам платных паслуг, якія аказвае дзяржаўная ўстанова “Нацыянальная бібліятэка Беларусі” фізічным асобам, і Правіламі капіравання інфармацыі.
21. Агульны аб’ём заказу на аднаго карыстальніка не павінен перавышаць 40 старонак дакументаў. Ксеракопія звыш гэтых нормаў ажыццяўляецца ў пунктах капіравання інфармацыі на 1-м і 2-м паверхах атрыума.
22. Для выканання запыту на ксеракапіраванне дакументаў карыстальнік павінен пісьмова вызначыць нумары старонак, якія падлягаюць капіраванню.
23. Захаванне і капіраванне электроннай інфармацыі на розныя віды носьбітаў выконваецца толькі праз папку “Партфель” з аўтаматызаванага рабочага месца карыстальніка ў адпаведнасці з Інструкцыяй па захаванні электроннай інфармацыі.
24. Для выканання запыту на капіраванне інфармацыі з папкі “Партфель” карыстальнік павінен паведаміць дзяжурнаму бібліёграфу нумар аўтаматызаванага рабочага месца і імя створанага файла.
25. Для капіравання электроннай інфармацыі рэкамендуецца мець у наяўнасці чысты электронны носьбіт. Экспарт інфармацыі ажыццяўляецца толькі пасля праверкі носьбіта на наяўнасць шкодных праграм, пры выяўленні іх капіраванне электроннай інфармацыі не выконваецца.
26. Платныя паслугі выконваюцца пасля іх аплаты карыстальнікам у пунктах прыёму аплаты за паслугі і прад’яўленні касавага чэка.
27. Выкананне платных паслуг спыняецца за 30 хвілін да закрыцця Бібліятэкі.
28. Пытанні абслугоўвання карыстальнікаў, якія не ўрэгуляваны гэтым Парадкам, вырашаюцца індывідуальна шляхам звароту карыстальніка да загадчыка аддзела абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі і першага намесніка дырэктара па абслугоўванні карыстальнікаў і ідэалогіі.