Дата правядзення
Час правядзення
Месца правядзення
З 19 сакавіка па 20 красавіка ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная выстаўка “Назіранне за сусветным навакольным асяроддзем: надвор’е, клімат, водныя рэсурсы”, прысвечаная Сусветнаму метэаралагічнаму дню і 70-годдзю Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі (СМА).
Сусветны метэаралагічны дзень штогод святкуецца 23 сакавіка пачынаючы з 1961 года. Дата абрана не выпадкова – у гэты дзень у 1950 годзе ўступіла ў сілу Канвенцыя, у адпаведнасці з якой была створана Сусветная метэаралагічная арганізацыя (СМА).
Сусветная метэаралагічная арганізацыя бярэ свой пачатак ад Міжнароднай метэаралагічнай арганізацыі, заснаванай у 1873 годзе. У 1951 годзе СМА стала спецыялізаванай установай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у галіне метэаралогіі, аператыўнай гідралогіі і сумежных геафізічных навук.
СМА – аўтарытэтная крыніца інфармацыі па пытаннях стану і паводзін атмасферы Зямлі, яе ўзаемадзеяння з акіянамі, клімату і размеркавання водных рэсурсаў. Членскі склад арганізацыі налічвае 187 краін-членаў і 6 тэрыторый. Штаб-кватэра СМА знаходзіцца ў Жэневе, Швейцарыя.
З моманту свайго стварэння СМА адыгрывае важную ролю ў справе садзейнічання бяспекі і дабрабыту ўсяго чалавецтва. Пад яе кіраўніцтвам і ў рамках праграм СМА нацыянальныя метэаралагічныя і гідралагічныя службы ўносяць істотны ўклад у абарону жыцця і маёмасці ад стыхійных бедстваў, ахову навакольнага асяроддзя і ўмацаванне эканамічнага і сацыяльнага дабрабыту ўсіх слаёў грамадства.
СМА ўмацоўвае ўзаемадзеянне паміж нацыянальнымі метэаралагічнымі і гідралагічнымі службамі сваіх краін-членаў і спрыяе ўжыванню метэаралогіі ў сельскай гаспадарцы, авіяцыі, суднаходстве, а таксама ў ахове навакольнага асяроддзя, водных рэсурсаў і змякчэнні наступстваў стыхійных бедстваў.
Сусветны дзень метэаралогіі адзначаецца як напамін пра важнасць правядзення метэаралагічных даследаванняў і захавання атмасферы і гідрасферы планеты. Ён дэманструе істотны ўклад нацыянальных метэаралагічных і гідралагічных службаў у гарантыю бяспекі і дабрабыту грамадства і адзначаецца мерапрыемствамі па ўсім свеце.
Кожны год СМА святкуе Сусветны метэаралагічны дзень пад пэўным дэвізам, надаючы асаблівую ўвагу канкрэтнай і актуальнай на дадзены момант тэме. У 2020 годзе Сусветны метэаралагічны дзень і Сусветны дзень водных рэсурсаў сумесна выкарыстоўваюць тэму “Клімат і вада”. Дэвіз Дня – “Беражом кожную кроплю – кожная кропля на рахунку!”. Асноўная ўвага сёлета надаецца больш скаардынаванаму і ўстойліваму кіраванню кліматам і воднымі рэсурсамі, паколькі яны непарыўна звязаны паміж сабой. І тое і другое ляжыць у аснове глабальных Мэт устойлівага развіцця, змены клімату і памяншэння небяспекі бедстваў.
На выставе прадстаўлена больш за 70 дакументаў на рускай і англійскай мовах: кнігі, брашуры, мімеаграфаваныя матэрыялы, перыядычныя выданні.
Экспазіцыя складаецца з наступных тэматычных раздзелаў:
- Метэаралогія – навука пра атмасферу Зямлі
- Сучасныя сістэмы назіранняў за надвор’ем
- СМА – 70 гадоў службы ў інтарэсах бяспекі і дабрабыту
- Міжнародныя намаганні па маніторынгу і абароне навакольнага асяроддзя
- Змена клімату і кіраванне воднымі рэсурсамі
Выстаўка прызначана для спецыялістаў у галіне метэаралогіі, гідралогіі, экалогіі, геафізічных навук, студэнтаў і выкладчыкаў, навуковых работнікаў, а таксама ўсіх, хто цікавіцца пытаннямі змены клімату і аховы навакольнага асяроддзя.
Карысныя спасылкі
- Сусветная метэаралагічная арганізацыя
- Сусветны метэаралагічны дзень
- Пасланне ПеттэрыТааласа, генеральнага сакратара СМА
- Сусветная праграма метэаралагічных даследаванняў (СПМД)
- Праграма па гідралогіі і водных рэсурсах (ПГВР)
- Сусветная кліматычная праграма (СКП)
- Касмічная праграма СМА
- Праграма па метэаралагічным абслугоўванні насельніцтва
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 28.
Матэрыял прадастаўлены аддзелам абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі.