Дата правядзення
Час правядзення
Месца правядзення
З 23 красавіка па 21 мая зала дакументаў па мастацтве (пам. 306) запрашае наведаць выставу народна-прыкладной творчасці “Святое адвечнае хараство” і пазнаёміцца з работамі Ігара Анатольевіча Фурса.
Ігар Фурс нарадзіўся 26 мая 1965 года ў Мінску. Народнымі промысламі захапіўся яшчэ ў дзяцінстве, наведваючы гурток разьбы па дрэве. У экспазіцыі прадстаўлены работы майстра, выкананыя ў тэхніцы мазаікі па дрэве, стварэнне карцін у якой уключае некалькі найскладанейшых і карпатлівых этапаў – ад выбару і нарыхтоўкі матэрыялу да замацавання твора спецыяльным лакам. Выкарыстоўваючы ў працы розныя пароды драўніны, натуральную ігру колеру і малюнак матэрыялу нават адной пароды, можна дасягнуць вялікай выразнасці выявы.
Работы Ігара Анатольевіча прысвечаны беларускаму культаваму дойлідству. На іх намаляваны цэрквы і касцёлы, якія знаходзяцца не толькі ў добра вывучаных, але і самых патаемных кутках Беларусі: Спаса-Праабражэнская царква ў Заслаўі, касцёл Божага Цела ў Нясвіжы, касцёл Міхаіла Арханёла ў вёсцы Міхалішкі, касцёл Маці Божай Шкаплярнай у вёсцы Ідолта і інш.
Асабліва каштоўнай для аўтара з’яўляецца карціна з выявай Свята-Вазнясенскай царквы ў гарадскім пасёлку Лужасна Віцебскай вобласці, бо да пабудовы гэтага храма велізарныя намаганні прыклаў прадзядуля Ігара Анатольевіча, ураджэнец тых месцаў.
Дадаткова прадстаўлены выданні па народным дойлідстве Беларусі, энцыклапедыі і практычныя дапаможнікі разьбы па дрэве, а таксама фотаальбомы і паштоўкі з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 53.
Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.