ГалоўнаяМерапрыемствыФотавыстаўка “Чырванаборскі край”
“Жыве паміж намі дудар наш…”
Дзіцячы пакой запрашае на заняткі па пластылінаграфіі

Фотавыстаўка “Чырванаборскі край”

Фотавыстаўка “Чырванаборскі край”
Іншыя Мерапрыемствы
31 студзеня – 25 мая
Дата правядзення
12.00–23.00
Час правядзення
галерэя "Панарама" (22-гі паверх)
Месца правядзення

31 студзеня ў галерэі “Панарама” (22-гі паверх) адкрылася фотавыстаўка “Чырванаборскі край”.

Выстаўка – плён работы Чырванаборскай школы фатаграфіі ў турыстычным комплексе “Чырвоны Бор” з 21 па 30 жніўня 2022 года.

У экспазіцыі прадстаўлены здымкі вядомых беларускіх фатографаў – аўтара ідэі фотаэкспедыцыі і куратара праекта Сяргея Плыткевіча, педагогаў Валерыя Вядрэнкі, Ірэны Гудзіеўскай, Віктара Малышчыца, Сяргея Мілюхіна і Наталлі Лакотка, студэнтаў – пераможцаў Рэспубліканскага фотаконкурсу “Маладзёжны погляд” Ганны Беражковай, Івана Веразуба, Ганны Дамінікі Грыб, Марыі Зіганоравай, Міхаіла Лук’янчыка, Валерыі Пратасевіч.

У экспазіцыі – прыродныя ландшафты, лясныя экасістэмы, рэдкія расліны і жывёлы, занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Фатаграфіі захапляюць чароўнымі відамі ледавіковых азёр, рэк і ручаёў, балот, пагоркаў, лясоў і чорнаальшанікаў, адчуваннем вольнай прасторы і спрадвечнасці Чырванаборскага краю. Зорнае неба і возера Ізубрыца, туман над возерам Белае, рака Свольна з вышыні птушынага палёту здзіўляюць веліччу. Заварожваюць натуральнасцю партрэты зуброў, зязюлі, зімародка, даўгахвостай кугакаўкі, дынамічныя фота ласёў, аленяў, ланей і іншых жыхароў пушчы.

Выстаўка пазнаёміць гледачоў не толькі з адным з буйнейшых у Беларусі рэспубліканскім ландшафтным заказнікам “Чырвоны Бор”, але і з архітэктурнай спадчынай, якая захавалася на поўначы Верхнядзвінскага раёна. Здымкі Успенскай царквы ў вёсцы Сар’я, руіны палацаў Гільзенаў і Шадурскіх у Асвеі, рэшткі званіцы царквы Еўфрасінні Полацкай у Росіцы не пакінуць гледачоў абыякавымі.

Фотаработы прадстаўлены ўвазе публікі ўпершыню.


Выстаўка будзе працаваць да 25 мая 2023 года.
Дата яе заканчэння можа быць зменена.

На адкрыццё ўваход вольны, у астатні час наведванне экспазіцыі ўваходзіць у кошт наведвання агляднай пляцоўкі.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы агляднай пляцоўкі.

Тэлефон для даведак: (8 017) 368 37 37.

Матэрыял пададзены аддзелам сувязей з грамадскасцю.



Бібліятэкарам