ГалоўнаяМерапрыемствыВыстаўка Фёдара Ястраба “Жыццё як час сарванай ружы”
Музыканты-аматары запрашаюць
Запрашаем на музейныя заняткі “У краіне мар…”

Выстаўка Фёдара Ястраба “Жыццё як час сарванай ружы”

Выстаўка Фёдара Ястраба “Жыццё як час сарванай ружы”
Іншыя мерапрыемствы
6 лютага – 9 красавіка
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
галерэя "Атрыум" (3-ці паверх)
Месца правядзення

Да 70-годдзя з дня нараджэння мастака і паэта Фёдара Ястраба ў галерэі “Атрыум” (3-ці паверх) працуе выстаўка “Жыццё як час сарванай ружы”.

Галерыст, педагог, мастацтвазнаўца Фёдар Адамавіч Ястраб (1953–2014) быў аўтарам і куратарам безлічы выставак і дзясяткаў маштабных выставачных праектаў: міжнароднага фестывалю лічбавага мастацтва “Terra Nova”, міжнароднай біенале сучаснага жывапісу “Colorfest”, міжнароднай выстаўкі графікі “Арт-лінія”, штогадовых выставак “Арт-крок”, “Кветкавы рай” і інш. Удзельнік шэрагу міжнародных і рэспубліканскіх мастацкіх выставак і імпрэз, таленавіты паэт, Фёдар Ястраб з’яўляўся членам Беларускага саюза мастакоў, старшынёй Міжнароднай гільдыі жывапісцаў, дацэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, а таксама заснавальнікам і першым загадчыкам аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

У экспазіцыі – яркі, харáктарны аўтарскі жывапіс. Выкананыя ў акварэлі эксперыменты майстра знаёмяць з яго ранняй творчасцю і мастацкім почыркам у перыяд пошуку, станаўлення свайго стылю і манеры. Прадстаўлены таксама створаныя цягам апошніх гадоў жыцця малафарматныя жывапісныя работы, напоўненыя задуменным настроем, напружаныя, стрыманыя, эмацыянальныя. Выстаўка дае ўнікальную магчымасць зазірнуць у майстэрню мастака, адчуць атмасферу працы, выбару, навучання, эксперыменту, разважання, творчай весялосці, тугі і пошуку. Значная частка работ дагэтуль ніколі не экспанавалася. Прадстаўлены на выстаўцы і дзве жывапісныя работы, падараваныя аўтарам у калекцыю бібліятэкі ў 2010 годзе – “Кінутыя лодкі” (2006) і “Сустрэча з аднарогам” (2005).

Жывапісна-паэтычная спадчына Фёдара Ястраба насычана палітрай сэнсавых адценняў і філасофскіх высноў. Работы ўражваюць метафарычнасцю, паэтычнасцю, гарманічнай кампазіцыяй, каларыстычным багаццем. Маляўнічыя жывапісныя аповесці, яркія акварэльныя эсэ, невялікія жывапісныя замалёўкі-санеты кранаюць настроем, вобразнасцю, непасрэднасцю. “Сон рыбака”, “Сустрэча з аднарогам”, “Памяць пра дом”, “Чаканне”, “Вецер падарожжаў” – аўтар марыць і ўзгадвае, наталяе жыццёвую прастору адметнай фантазіяй, пераасэнсоўвае, пражывае… Маляўнічы дзівасвет мастака вылучаецца яркім індывідуальным стылем, манументальнасцю, дэкаратыўнасцю, яму ўласцівы палёт і ўтульная камернасць кампазіцый, непрадказальнасць пластычнай мовы і яе выразнасць.

У апошнія гады жыцця мастака жывапіс саступіў паэзіі прастору самавыяўлення і самапазнання. Сродкам перадаць пачуцці і падзяліцца думкамі стала слова. Каля тысячы санетаў Фёдара Ястраба сабраны ў прадстаўленых на выстаўцы скарбонках-зборніках “Абяцанне сноў”, “Вясёлкавы след”, “Жыццё як час сарванай ружы”, “Таўро”, “Маленне агню і ветру”. Экспануюцца таксама часопісы, матэрыялы навуковых канферэнцый, аўтарскія мастацтвазнаўчыя артыкулы і артыкулы аб жыцці мастака, яго дзейнасці і творчасці, альбомы, каталогі выставак і праектаў. Сярод іх каталог “I Міжнародны фестываль пейзажа”, які стаў пераможцам Нацыянальнай прэміі “Мастацтва кнігі” (2008) у намінацыі “Выдавецкі дэбют”. Майстра нярэдка працаваў над праектамі на базе фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Назва выстаўкі – “Жыццё як час сарванай ружы” – радок з санета Фёдара Ястраба, які адкрывае аднайменны паэтычны зборнік-скарбонку майстра. Верш глыбокі і кранальны, нібыта не напісаны, а намаляваны вобразамі, якія адно за адным паўстаюць перад чытачом, быццам колер за колерам вершаванае жывапіснае палатно. Дзве іпастасі аўтара, энергічная, моцная, яркая душа, адметны мастацкі густ і манера, прафесіяналізм і добразычлівасць раскрываюцца праз жывапіс, акварэль, паэзію Фёдара Ястраба. Заўчасна сарваная ружа яго жыцця квітнее сёння здзейсненым, творчай спадчынай...


Запрашаем наведаць выстаўку з 6 лютага да 9 красавіка 2023 года.
Дата яе заканчэння можа быць зменена.

Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 29 80.

Матэрыял пададзены аддзелам галерэйна-выставачнай дзейнасці.

Мерапрыемствы

Музеі – захавальнікі часу

10.05.2024

З 10 мая па 5 чэрвеня ў чытальнай зале міжбібліятэчнага і індывідуальнага абанемента (пам. 164) будзе экспанавацца выстава “Музеі – захавальнікі часу”, прымеркаваная да Міжнароднага дня музеяў.

Шлях міласэрнасці

07.05.2024

Выстава “Шлях міласэрнасці” прымеркавана да 60-годдзя з дня заснавання Беларускага Чырвонага Крыжа і прысвечана яго дзейнасці.



Бібліятэкарам