ГалоўнаяМерапрыемствыПаэт, які скарыў планету Зямля
Заняткі “Цікава пачытаць” па кнізе “Моя Беларусь. Атлас для детей”
Пісьменнасць у лічбавым свеце: праблемы, дасягненні, перспектывы

Паэт, які скарыў планету Зямля

Паэт, які скарыў планету Зямля
Іншыя Мерапрыемствы
4 верасня – 4 кастрычніка
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
пам. 164
Месца правядзення

З 4 верасня па 4 кастрычніка ў зале міжбібліятэчнага і індывідуальнага абанемента (пам. 164) пройдзе выстава “Паэт, які скарыў планету Зямля”, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Расула Гамзатава (1923–2003).

Паэт ён велізарны, зрабіў знакамітым і Дагестан, і аварскую мову, і свае горы.
Сэрца яго мудрае, шчодрае, жывое…
Р. Раждзественскі

Расул Гамзатавіч Гамзатаў – народны паэт Дагестана, празаік, публіцыст, перакладчык, грамадскі дзеяч, вядомы далёка за межамі рэспублікі. За выдатныя дасягненні ў галіне літаратуры ён адзначаны шматлікімі ганаровымі званнямі і прэміямі. Герой Сацыялістычнай працы, лаўрэат Ленінскай і Дзяржаўных прэмій СССР і РСФСР, міжнароднай прэміі “Лепшы паэт XX стагоддзя”, прэміі пісьменнікаў Азіі і Афрыкі “Лотас”, прэмій Джавахарлала Неру, Фірдаусі, Хрыста Боцева, а таксама прэмій імя М. Шолахава, М. Лермантава, А. Фадзеева, Батырая, Махмуда, С. Стальскага, Г. Цадасы і інш., правадзейны член Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў Расіі.

Дакументы выставы распавядаюць не толькі аб яркім жыццёвым і творчым шляху паэта, які напісаў першы верш у 11 гадоў, а ў 28 ужо ўзначаліў Саюз пісьменнікаў Дагестана, але і знаёмяць з яго творчасцю – паэтычным маніфестам любві да Радзімы і адзінай кнігай мудрасці і мужнасці, любві і болю, імгненняў і вечнасці.

Творчасць Р. Гамзатава не ведае меж і моўных бар’ераў. Яго творы, напісаныя на роднай аварскай мове, перакладзены на дзясяткі моў свету. Сярод выданняў, прадстаўленых на выставе, вылучаюцца першыя кнігі паэта “Земля моя” і “Песни гор”, перакладзеныя з аварскай мовы на рускую яшчэ ў канцы 40-х гадоў 20 стагоддзя, а таксама паэтычны зборнік “Высокие звезды”, выдадзены на аварскай, беларускай і ўкраінскай мовах.

Заключная частка выставы прысвечана паэзіі Расула Гамзатава ў музыцы. Песні на яго вершы шырока вядомыя, іх выконвалі Ганна Герман, Галіна Вішнеўская, Муслім Магамаеў, Іосіф Кабзон, Людміла Гурчанка, Валерый Лявонцьеў і інш. Песня “Журавли” (пераклад Н. Грэбнева, музыка Я. Фрэнкеля), упершыню выкананая Маркам Бернесам у 1969 годзе, з’яўляецца міжнародным сімвалам памяці пра салдат, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.


Час працы выставы адпавядае часу працы чытальнай залы міжбібліятэчнага і індывідуальнага абанемента.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Прадстаўленыя ў экспазіцыі кнігі можна заказаць праз электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 10.

Матэрыял пададзены аддзелам бібліятэчнага абслугоўвання.



Бібліятэкарам