ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыЛічбавыя бібліятэкіЗалатая калекцыя ЕўразііВыданні з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў "Залатой калекцыі Еўразіі"Культура

Культура

КУЛЬТУРА

Biadulia.jpg
Назва: Буралом.

Аўтар: Бядуля, Змітрок.

Месца і год выдання: Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925.

Анатацыя: Змітрок Бядуля (сапр. Самуіл Яфімавіч Плаўнік 1886–1941) – беларускі паэт і празаік, мовазнаўца. Зборнік паэзіі “Буралом” выйшаў у паслярэвалюцыйны час у 1925 годзе. Вершы ў зборніку перадаюць адносіны людзей да новага жыцця, прынесенага рэвалюцыяй.

 

Назва: Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік.

Аўтар: Гарэцкі, Максім.

Месца і год выдання: Вільня: Беларускае выдавецкае т-ва "Крыніца", 1919 (Друкарня "Віленскага выдавецтва")

Анатацыя: Гарэцкі Максім Іванавіч (1893–1938) – беларускі пісьменнік, літаратуразнавец, перакладчык і дзеяч беларускага нацыянальнага руху пачатку XX стагоддзя. Працаваў рэдактарам беларускіх газет “Наша думка” і “Беларускія ведамасці”. У 1920 г. ім была напісана і выдадзена першая “Гісторыя беларускае літаратуры”. У далейшым ён напісаў яшчэ некалькі работ на гэтую тэму. Акрамя таго, Максім Гарэцкі склаў некалькі беларуска-рускіх і руска-беларускіх слоўнікаў. Адзін з іх – “Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік”, які быў выдадзены ў 1919 г. у друкарні “Віленскае выдавецтва”.
 

Назва: Жировицкаячудотворная икона Божией Матери и Жировицкая обитель.

Аўтар: Мікалай (Рэдута, Нікадзім).

Месца і год выдання: Вильна : в Типографии О. Блюмовича, 1867.

Анатацыя: У кнізе прыводзяцца гістарычныя звесткі аб засяленні тэрыторыі Гродзенскай губерні і заснаванні мястэчка Жыровічы, дзе з’явіўся абраз Божай Маці (названай Жыровіцкай). Гэты цудадзейны абраз – адна з самых вядомых беларускіх святынь, на месцы яго з’яўлення быў створаны Жыровіцкі манастыр.

Назва: Dudarz białoruski, czyli Wszystkiego po trosze.

Аўтар: Дунін-Марцінкевіч, Вінцэнт.

Месца і год выдання: Mińsk: Nakładem i drukiem J. Dworca, 1857.

Анатацыя: Дунін-Марцінкевіч Вінцэнт (1808–1884) – пісьменнік, драматург, класік беларускай літаратуры. У зборнік “Дудар Беларускі, або Усяго патроху” ўвайшлі прысвечаныя жыццю сялян вершаваныя аповесці і апавяданні. Іх з’яўленне выклікала шырокі рэзананс у польскім і рускім перыядычным друку. Многія сюжэты і вобразы запазычаны з беларускага фальклору, што было характэрна для пісьменнікаў-рамантыкаў.

Назва: Раскіданае гняздо: драма ў 5-ці актах.

Аўтар: Купала, Янка.

Месца і год выдання: Вільня: Выдавецтва Менскага камісарыяту асветы, 1919.

Анатацыя: Купала Янка (1882–1942) – беларускі паэт і перакладчык, драматург, публіцыст. Класік беларускай літаратуры, народны паэт БССР. Драма “Раскіданае гняздо” напісана ў 1913 г. Па сведчанні самога аўтара, створана на аснове жыццёвых фактаў. Упершыню надрукавана асобным выданнем у Вільні ў 1919 г. выдавецтвам Мінскага камісарыята асветы ў друкарні “Прамень”.

Назва: Дудка беларуская; Смык беларускі.

Аўтар: Багушэвіч, Францішак.

Месца і год выдання: Менск [Мінск]: Беларускае кааперацыйна-выдавецкае таварыства «Адраджэнне», 1922.

Анатацыя: Багушэвіч Францішак (1840–1900) – беларускі паэт, заснавальнік крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры. Вытокі творчасці Ф. Багушэвіча цесна звязаны з фальклорам, а таксама з лепшымі эстэтычнымі традыцыямі славянскай паэзіі. Зборнік складаецца з вершаў “Дудка беларуская” і “Смык беларускі”. Творы характарызуюцца выключнай жыццёвай пераканаўчасцю, рэалістычнай глыбінёй і дзейснасцю. Ф. Багушэвіч лічыў нацыянальную мову найважнейшай формай праяўлення духоўнасці народа. Да зборніка была напісана прадмова, у якой аўтар гаварыў пра багатую гісторыю і культуру беларусаў.

Назва: Komedye y tragedye przednio-dowcipnym wynalazkiem wybornym wiersza kształtem, bujnośćią rzeczy, y poważnymi przykładami znamienite.

Аўтар: Radziwiłłowa, Franciszka Urszula.

Месца і год выдання: [Żółkiew : Jakób Pobog Fryczyński], 1754.

Анатацыя: Літаратурная творчасць Францішкі Уршулі Радзівіл (1705–1753) – самабытная з’ява ў шматмоўнай літаратуры Беларусі XVIII ст. У 1740-я гг. яна заснавала знакаміты прыдворны тэатр – Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, на сцэне якога ставіліся яе п’есы на польскай мове або перакладзеныя камедыі і трагедыі французскіх драматургаў. Кніга, якая ўключае 16 п’ес і 17 оперных лібрэта Францішкі Уршулі Радзівіл, цікавая таксама шматлікімі гравюрамі з выявай сцэн са спектакляў, зробленымі па ўласных малюнках Уршулі Радзівіл нясвіжскім гравёрам Міхаілам Жукоўскім.

Назва: [Rosarium et Officium Beatae Mariae Virginis aliaeque Variae Devotiones Combinatae in Honorem SSmae Trinitatis Augustissimaque Regina Caelo in Cultum].

Месца і год выдання: [Wilno: Druk. Akad., 1678–79].

Анатацыя: Сярод выключна рэдкіх беларускіх выданняў XVII ст. асабліва вылучаецца кніга “Rosarium...” (малітвы і службы Багародзіцы Марыі). Унікальнасць дадзенага выдання заключаецца ў мастацкім афармленні кнігі цудоўным майстрам кніжнай графікі, партрэта, геральдычнай і панегірычнай гравюры Аляксандрам Тарасевічам (?–1730), лепшыя творы якога не саступаюць працам заходнееўрапейскіх мастакоў. Ілюстрацыі (іх у кнізе 39) падзяляюцца на дзве групы: каляндарны цыкл і гравюры на евангельскія тэмы. Асабліва выдатныя 12 гравюр каляндарнага цыклу, на якіх прадстаўлена сялянская праца ва ўсе месяцы года.

Назва: Жалейка.

Аўтар: Купала, Янка.

Месца і год выдання: Петербург : Заглянет солнце и в наше оконце (Типография К. Пентковского), 1908.

Анатацыя: Янка Купала (сапраўднае імя Іван Дамінікавіч Луцэвіч; 1882–1942) – класік беларускай літаратуры, адзін з самых шаноўных і чытаемых у Беларусі аўтараў. Паэт прайшоў вялікі жыццёвы шлях: земляроб-араты, хатні настаўнік, прыказчык, пісар, памочнік вінакура, бібліятэкар, журналіст, рэдактар беларускай газеты "Наша ніва", а потым – адзін са стваральнікаў беларускага ўніверсітэта, акадэміі навук, нацыянальнага тэатра. Але перш за ўсё ён – народны паэт. "Жалейка" – першы зборнік яго вершаў, выдадзены ў 1908 г. у Пецярбургу першым беларускім легальным выдавецтвам "Загляне сонца і ў наша аконца". У літаратуры Я. Купала выступіў як выразнік настрояў сялянства. Гэтым абумоўлены мастацкі стыль яго першых вершаў. Горыч ад сузірання навакольнай рэчаіснасці, мары пра светлую будучыню, заклікі да барацьбы, прасякнутыя моцным пачуццём справядлівасці, – такія асноўныя лірычныя матывы "Жалейкі".

Назва: Новая земля.

Аўтар: Колас, Якуб.

Месца і год выдання: Минск: Белорусское кооперативно-издательское общество "Совецкая Беларусь", 1923.

Анатацыя: Якуб Колас (сапраўднае імя Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч; 1882–1956) – класік беларускай літаратуры, разам з Янкам Купалам – заснавальнік сучаснай беларускай літаратуры і беларускай літаратурнай мовы. Эпічная паэма "Новая зямля" была напісана Я. Коласам у перыяд з 1911 па 1923 гг. і стала важным этапам у творчасці пісьменніка і ўсёй нацыянальнай літаратуры. "Новая зямля" – паэтычна-філасофскае асэнсаванне цэлай эпохі ў жыцці беларускага народа. У творы праўдзіва адлюстравана жыццё працоўнага сялянства на мяжы XIX–XX стст., паказана яго жаданне стаць гаспадаром на сваёй зямлі, адвечныя мары пра шчасце і волю. Характары і багацце ўнутранага свету герояў паэмы раскрыты ў рэальным быце, працы, абрадах і звычаях, ва ўзаемаадносінах з іншымі людзьмі. Наватарства паэмы – у эстэтызацыі сялянскага быту, паэтызацыі працы і ўслаўленні духоўнага багацця і прыгажосці простага чалавека. Важную кампазіцыйную ролю выконваюць у паэме карціны прыроды, у з’явах якой аўтар знаходзіў аналогіі з лёсам чалавека і грамадства. Тут прадстаўлена першае выданне паэмы 1923 г.

Назва: Вянок.

Аўтар: Богданович, Максим.

Месца і год выдання: Вильно : Типография Мартина Кухты, 1913.

Анатацыя: Максім Багдановіч (1891–1917) – унікальная асоба ў беларускай літаратуры. Знаходзячыся з пяцігадовага ўзросту за межамі Беларусі, адарваны ад роднага краю тысячамі кіламетраў, ён, між тым, ствараў свае вершы на роднай мове і стаў вялікім беларускім паэтам. Ужо ў юнацкія гады ён праявіў яркі паэтычны талент, здзіўляючы сучаснікаў сваёй сталасцю, бляскам майстэрства і віртуознасцю. Паэт дзівосна высокай культуры, ён пісаў аб прыгажосці мастацтва, прыроды, жанчыны; будучым Беларусі; паэтызаваў мацярынства, захапляўся вобразам Мадонны, гармоніяй архітэктурных форм, старажытнай рукапіснай кнігай. Пясняр беларускага народа, Максім Багдановіч пакутаваў і балюча рэагаваў на паднявольны стан Беларусі ў той час. У яго вершах ёсць тэмы жалю за жыццё простага народу, барацьбы за свабоду, імкнення да лепшага, шчаслівага жыцця. Усяго 10 гадоў працягвалася творчая дзейнасць таленавітага сына беларускай зямлі. М. Багдановіч памёр на 26-м годзе жыцця.
"Вянок" – першая і адзіная прыжыццёвая кніга паэта, выдадзеная ў канцы 1913 г. у Вільні. Яе тыраж складаў 2000 экзэмпляраў. Сёння дакладна невядома, колькі захавалася экзэмпляраў кнігі, але да нядаўняга часу іх было знойдзена ўсяго 24. Прадстаўленае выданне мае аўтограф паэта.

Назва: Чатырохсотлецце беларускага друку = Quadringentennium typorum alboruthenicorum : 1525–1925.

Месца і год выдання: Минск : Институт белорусской культуры (1-я тип. Главлитбел), 1926.

Анатацыя: У верасні 1925 г. адзначалася 400-годдзе з таго памятнага дня, калі беларускі першадрукар, асветнік-гуманіст, доктар філасофіі і медыцыны Францыск Скарына выдаў у заснаванай ім тыпаграфіі ў Вільні "Апостал" – першую кнігу, надрукаваную на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Гэты факт у гісторыі беларускай культуры паслужыў падставай падрыхтоўкі юбілейнага зборніка пра эпоху, у якой жыў Францыск Скарына.
У зборніку – артыкулы, прысвечаныя дзейнасці Ф. Скарыны, гісторыі беларускага друку ў XVI – XVII стст., гістарычнаму развіццю Беларусі, іншых еўрапейскіх краін, Еўропы XVI ст. Асаблівую каштоўнасць мае работа "Гравюры і кніжныя аздобы ў выданнях Францыска Скарыны" М. М. Шчакаціхіна (1896–1940), заснавальніка беларускага мастацтвазнаўства.

Назва: Аристотелевы врата, или Тайная тайных [рукопись белорусского письма].

Месца і год выдання: [канец XV – пачатак XVI в.].

Анатацыя: У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі захоўваецца арыгінальны помнік кніжна-пісьмовай культуры Беларусі XVI ст. – апокрыф "Аристотелевы врата, или Тайная тайных". Гэты рукапіс напісаны на старабеларускай мове, уяўляе сабой зборнік, у склад якога ўваходзіць і шэраг астралагічных сачыненняў. Сукупнасць іх дазваляе гаварыць пра нейкую ўсходнеславянскую "астралагічную бібліятэку" – старажытнейшы корпус беларускай астралагічнай кніжнасці арыгінальнага, перакладнога і кампілятыўнага плана, які аказаў прамое ўздзеянне і на аналагічную рускую кніжнасць. Рукапісны зборнік надзвычай цікавы па сваім складзе. "Аристотелевы врата, или Тайная Тайных" з’яўляецца важнейшай арганічнай часткай рукапіснага зборніка, у якім прадстаўлена шырокая падборка артыкулаў гадальна-прадказальнай літаратуры і можа разглядацца як адзіны трактат, створаны на беларускіх землях Вялікага Княства Літоўскага.
Пісьмо апокрыфа – беларускі рэгулярызаваны паўустаў XVI ст. У яго афармленні выкарыстаны тонкія кінаварныя ініцыялы розных памераў (яны прысутнічаюць ва ўсіх артыкулах), а таксама выявы сімвалаў знакаў задыяка і планет у артыкуле "Сказание о седми звездах…".

Назва: Лексикон славеноросский. Имен толъкование.

Аўтар: Бярында, Памва.

Месца і год выдання: З типографии общежителнаго монастыра Кутеинскаго тщанием тояжде обители иноков типом издася, 1653.

Анатацыя: Бярында Памва (? – 1632) – дзеяч усходнеславянскай культуры, вучоны-лексікограф, друкар, гравёр, пісьменнік. Пісаў вершы, лісты, празаічныя прадмовы i пасляслоўі. Валодаў беларускай, стараславянскай, украінскай, грэчаскай, лацінскай, яўрэйскай i інш. мовамі. Яго слоўнік “Лексикон славеноросский. Имен толъкование” – адна з найлепшых прац усходнеславянскай лексікаграфіі ХVII ст., якая ўключае каля 7 000 артыкулаў і мае рысы тлумачальнага, энцыклапедычнага i этымалагічнага слоўнікаў. У рабоце над “Лексиконом…”, якая працягвалася каля 30 гадоў, аўтар выкарыстоўваў лінгвістычныя працы сваіх папярэднікаў, у т.л. усходнеславянскія азбукоўнікі, глосы з выданняў Ф. Скарыны, “Лексіс” Л. Зізанія (1596) і інш., а таксама ўласныя выбаркі з разнастайных рукапісных і друкаваных крыніц.
“Лексикон…” Памвы Бярынды – гэта не проста тлумачальна-перакладны слоўнік з царкоўнаславянскай мовы на мову жыхароў Вялікага Княства Літоўскага, гэта яшчэ і энцыклапедычны даведнік па самых розных галінах ведаў: матэматыцы, прыродазнаўстве, медыцыне, педагогіцы і г.д., важная крыніца вывучэння слоўнікавага складу беларускай i ўкраінскай моў ХVII ст., з’яўляецца добрым дапаможнікам для чытання беларускіх, украінскіх, рускіх помнікаў, пісаных царкоўнаславянскай мовай. Гэта не толькі помнік старабеларускай лексікаграфіі, але і папярэднік беларускай лексікалогіі.

Назва: Оттиски видов храмов, священных предметов, городов Северо-Западного края, народных типов Витебской губернии и предметов древности. По клише Витебского губернского статистического комитета.

Месца і год выдання: Витебск : Губернская типография, 1891.

Анатацыя: Віцебская губерня – адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Расійскай імперыі ў 1802–1924 гг.; разам з Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай губернямі стварала Паўночна-Заходні край. Губернскі горад – Віцебск. Найбуйнейшы горад – Дзвінск. Губерня створана па указе Сената ад 11 сакавіка 1802 г. з падзелам Беларускай губерні на Магілёўскую і Віцебскую.
У выданні матэрыял размешчаны ў пяці раздзелах: у 1-м прыведзены адбіткі храмаў, агульныя віды манастыроў у Віцебску і Полацку; у 2-м – віды свяшчэнных прадметаў: выява Крыжа св. Еўфрасінні Полацкай (1161 г.) і надпісы на ім, Крыжа св. Параскевы (ХV в.), інш. прадметаў рэлігійнага культу, царкоўных рэчаў, мэблі, якія захоўваліся ў полацкай Сафійскай царкве; у 3-м раздзеле прыведзены віды гарадоў Паўночна-Заходняга краю – Віцебска, Магілёва, Мінска, Вільні, Коўна, Гродна, планы гарадоў, планы і віды замкаў; у 4-м раздзеле – выявы прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей, якія пражывалі на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю: беларусаў, велікарусаў, палякаў, латышоў; у 5-м раздзеле можна ўбачыць выявы Барысавых камянёў, прылады каменнага веку, гербаў і пячатак.

Назва: Песні-жальбы.

Аўтар: Колас, Якуб.

Месца і год выдання: Вільня : Віленская друкарня, 1910.

Анатацыя: “Песні-жальбы” – першы зборнік вершаў класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа (1882–1956), у якім адлюстраваны вобраз роднага краю і рэаліі тагачаснага жыцця. Аўтар паэтызуе вобраз беларускага мужыка, які, знаходзячыся ў цяжкіх сацыяльных умовах, застаецца аптымістам і верыць у адраджэнне радзімы.

Назва: Паўлінка: сцэны з шляхецкага жыцця ў 2 актах.

Аўтар: Купала, Янка.

Месца і год выдання: Вільня, 1927.

Анатацыя: Камедыя “Паўлінка” беларускага народнага паэта Янкі Купалы (1882–1942) – класіка нацыянальнай літаратуры і візітная картка беларускай драматургіі. У аснову твора лёг канфлікт паміж рэакцыйнымі, кансерватыўнымі сіламі грамадства і той часткай насельніцтва, што імкнулася да абнаўлення жыцця. У творы таксама ўзнімаюцца праблемы агульначалавечага характару.

Назва: Сымон-музыка.

Аўтар: Колас, Якуб.

Месца і год выдання: Менск [Мінск]: Дзяржвыд Беларусі, 1925.

Анатацыя: Галоўныя матывы паэмы Якуба Коласа (1882–1956) – мастак і мастацтва, народныя вытокі мастацтва, грамадскі абавязак мастака, у больш шырокім плане – духоўнае адраджэнне народа. Сродкамі рамантычнай вобразнасці паказаны складаны лёс таленавітага вясковага музыкі Сымона, пошукі ім праўды і сэнсу жыцця. Уведзеныя ў твор казкі, легенды, прытчы надаюць паэме адмысловы каларыт, робяць яе маляўнічай і блізкай да народных вытокаў.

Назва: Словарь белорусского наречия.

Аўтар: Носович, Иван.

Месца і год выдання: Санкт-Петербург: издание Отделения русского языка и словесности Императорской академии наук, 1870.

Анатацыя: Праца І. Насовіча (1788–1877) – першы фундаментальны слоўнік беларускай мовы, у якім падаецца больш за 30 тыс. слоў, запісаных аўтарам у Магілёўскай, Мінскай і Гродзенскай губернях, выбраных з беларускага фальклору, старабеларускіх пісьмовых помнікаў і філалагічных зборнікаў. “Слоўнік…” палажыў пачатак нармалізацыі (кадыфікацыі) слоўнікавага складу беларускай літаратурнай мовы і з’яўляецца першым беларускім нацыянальным слоўнікам.

Назва: Дополнение к Белорусскому словарю И. И. Носовича: Слова, извлеч. из составл. им рукописного собрания белорусских песен и сказок.

Аўтар: Носович, Иван.

Месца і год выдання: СПб.: Тип. Императорской академии наук, 1881.

Анатацыя: Праз 11 гадоў пасля выхаду “Слоўніка беларускай мовы” быў выдадзены дадатак да слоўніка на 1 тыс. слоў. “Слоўнік” беларускага мовазнаўца, этнографа, фалькларыста І. Насовіча (1788–1877) аказаў вялікі ўплыў на развіццё ўсёй усходнеславянскай лексікаграфіі.

Назва: Беларуская архітэктура.

Аўтар: Каспяровіч, Мікалай.

Месца і год выдання: Віцебск: [б. в.], 1925.

Анатацыя: Беларускі краязнавец, мастацтвазнавец і літаратуразнавец М. Каспяровіч (1900–1937) вывучаў гісторыю выяўленчага мастацтва, архітэктуру, графіку. “Беларуская архітэктура” – першая спроба папулярызацыі гістарычных звестак пра беларускае мастацтва, пачынаючы ад старажытнай беларускай архітэктуры да пабудоў 2-й пал. ХІХ ст.

Назва: Тарас на Парнасе: [паэма].

Месца і год выдання: Вільня: выданне «Нашай хаты» № 2, 1909 (Друкарня М. Кухты).

Анатацыя: Паэма “Тарас на Парнасе” напісана ў 1850-я гг. і спачатку лічылася ананімнай. Паводле даследаванняў аўтарам паэмы з’яўляецца К. Вераніцын (1834–1904). Паэма – твор парадыйна-сатырычны, адзін з самых жыццярадасных і камічных твораў ва ўсёй беларускай літаратуры, у якім высмейваюцца каноны класіцызму. Мова твора жывая, вобразная, багатая эпітэтамі, метафарамі, параўнаннямі, трапнымі выслоўямі.

Назва: Белорусская свадьба и свадебные песни.

Аўтар: Довнар-Запольский, Митрофан Викторович.

Месца і год выдання: Киев: Типография А. Давиденко, 1888.

Анатацыя: Адна з першых сур’ёзных этнаграфічных прац беларускага гісторыка, этнографа, фалькларыста і эканаміста М. Доўнар-Запольскага (1867–1934) “Беларускае вяселле і вясельныя песні. Этнаграфічны эцюд” прысвечана апісанню вясельных абрадаў і публікацыі вясельных песень, што бытавалі на тэрыторыі Рэчыцкага і Мазырскага ўездаў Мінскай губерні. Кніга дагэтуль з’яўляецца каштоўнай крыніцай для даследчыкаў.

Назва: Букварь языка славенскаго: чтения и писания учитися хотящим, в полезное руковождение.

Месца і год выдання: Вилна: Типография Е. К. В., 1767.

Анатацыя: Беларусь – радзіма “буквара”. Менавіта тут з’явілася першая кніга з такой назвай. “Букварь” 1767 г. – захавальнік духу эпохі, ён адлюстроўвае спецыфіку асветы свайго часу і паказвае метадалогію, падыходы да навучання і выхавання дзяцей, уключае не толькі комплекс тэкстаў павучальнага характару: настаўленні, малітвы, павучанні і гімны, але і практыкаванні па вывучэнні замежных моў – польскай і нямецкай.

Назва: Полоцкий Софийский собор.

Аўтар: Сапунов, Алексей Парфенович.

Месца і год выдання: Витебск (в Типографии Губернского правления), 1888.

Анатацыя: Полацкі Сафійскі сабор – адметны помнік манументальнай беларускай архітэктуры ХІ–XVIII стст. Вядомы беларускі гісторык, краязнавец А.П. Сапуноў (1851–1924) сваю працу прысвяціў гісторыі г. Полацка і гісторыі Сафійскага храма. Гістарычны манументальны будынак з’яўляецца найкаштоўнейшым помнікам архітэктуры і адным з сімвалаў нацыянальнай культуры.

Назва: Древние иконы Божией Матери в Полоцкой епархии.

Аўтар: Сапунов, Алексей Парфенович.

Месца і год выдання: Витебск: в Типографии Губернского правления, 1888.

Анатацыя: Вядомы беларускі гісторык, краязнавец А.П. Сапуноў (1851–1924) адносіўся да творчай эліты Беларусі канца XIX – пачатку XX ст., якую характарызавалі шырыня светапогляду, энцыклапедычная дасведчанасць у пытаннях гісторыі Беларусі. Яго праца прысвечана святыням Полацкай епархіі – іконе Казанскай Божай Маці ў Свята-Троіцкім Маркавым манастыры і іконе Іверскай Божай Маці ў полацкім Багаяўленскім манастыры.

Назва: Двинские, или Борисовы камни.

Аўтар: Сапунов, Алексей Парфенович.

Месца і год выдання: Витебск: издание Витебского губернского статистического комитета, 1890 (Типография Витебского губернского правления).

Анатацыя: Дзвінскія або Барысавы камяні з’яўляюцца манументальнымі помнікамі эпіграфікі, старажытным сведчаннем распаўсюджвання хрысціянства на беларускай зямлі, самымі старажытнымі паклоннымі крыжамі. Віцебскі гісторык А.П. Сапуноў (1851–1924) прывёў падрабязнае апісанне чатырох Барысавых камянёў (іх дакладныя памеры, парода камня, месцазнаходжанне, тэксты), якія захаваліся. Дадаткова апісаў некалькі культавых камянёў.

Назва: Белорусский сборник: [в 9 вып.]. Вып. 1–2: Песни, пословицы, загадки.

Аўтар: Романов, Евдоким Романович.

Месца і год выдання: Киев: Типография С. В. Кульженко, 1885.

Анатацыя: У дадзеным выпуску апублікавана 910 песень і 300 прыпеваў, сабраных вядомым беларускім этнографам, фалькларыстам і археолагам Е. Раманавым (1855–1922). Кніга з’яўляецца найбуйнейшым зборам беларускіх народных мелодый. Асаблівасць збору песень – амаль усе публікацыі новыя ці з’яўляюцца варыянтамі, якія маюць самастойны сэнс.

Назва: Белорусский сборник: [в 9 вып.]. Вып. 6: Сказки.

Аўтар: Романов, Евдоким Романович.

Месца і год выдання: Могилёв: Типография Губернского правления, 1901.

Анатацыя: У зборнік уключаны 60 казак і іх варыянтаў, запісаныя вядомым даследчыкам матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў Е. Раманавым (1855–1822). Казкі з’яўляюцца каштоўнай крыніцай інфармацыі для вывучэння беларускіх традыцый і фальклору, духоўнага аблічча беларускага народа, яго поглядаў на прыроду, грамадскія з’явы. Выданне мае вялікую навуковую каштоўнасць для фалькларыстаў, гісторыкаў і лінгвістаў.

Назва: Белорусский сборник: [в 9 вып.]. Вып. 7: Белорусские народные мелодии. Песни сезонные, обрядовые, игровые, танцы, духовные стихи.

Аўтар: Романов, Евдоким Романович.

Месца і год выдання: Вильна: Типография “Русский почин”, 1910.

Анатацыя: У зборнік беларускага этнографа, фалькларыста і археолага Е. Раманава (1855–1822) разам з нотамі ўвайшлі вясеннія, велікодныя, троіцкія, бяседныя, купальскія, калядныя, вясельныя, хрэсьбінныя, калыханкавыя, карагодныя песні, а таксама прыпевы да беларускіх танцаў, якія сведчаць аб глыбокай старажытнасці беларускай народнай паэзіі і служаць доказам моцы беларусаў, не згубіўшых сваё этнаграфічнае аблічча.

Назва: Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.

Аўтар: Ластоўскі, Вацлаў.

Месца і год выдання: Коўна, 1926.

Анатацыя: Вацлаў Ластоўскі (1883–1938) – вядомы дзеяч беларускай культуры, вучоны, пісьменнік, выдавец, актыўны ўдзельнік грамадскага і палітычнага руху. Яго капітальная праца “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі” стала першым выданнем, якое даволі поўна і шматбакова разгледзела гісторыю кніжнай культуры Беларусі ад старажытнасці да XVIII ст., прапанавала багацейшы рэпертуар нацыянальнай кнігі, у суправаджэнні каментарыяў, тэкставых фрагментаў з арыгіналаў і якасных ілюстрацый.

Назва: Суд : п’еса ў 1 акце.

Аўтар: Галубок, Уладзіслаў.

Месца і год выдання: Вільня : Беларускае выдавецкае таварыства, 1925 (Друкарня Я. Левіна).

Анатацыя: Уладзіслаў Галубок (1882–1937) – драматург, празаік, рэжысёр, акцёр, мастак, які ўнёс вялікі ўклад у развіццё беларускага нацыянальнага сцэнічнага мастацтва. Першы народны артыст Беларусі (1928). У сваёй аднаактнай п’есе “Суд” (1920) аўтар высмейваў прадстаўнікоў царскай валасной улады і бюракратычнага чыноўніцтва.

Назва: Пісаравы імяніны : камедыя ў 1 акце.

Аўтар: Галубок, Уладзіслаў.

Месца і год выдання: Менск [Мінск] : выданне ЦБ "Маладняка", 1927.

Анатацыя: Уладзіслаў Галубок (1882–1937) – вядомы беларускі пісьменнік, акцёр, рэжысёр, арганізатар тэатра, мастак. Ён з’яўляецца аўтарам каля 40 п’ес. Да нас дайшлі толькі 13 з іх (тэксты астатніх згубіліся). Камедыя “Пісаравы імяніны” была надзвычай папулярнай у 1920-я гг. і ставіліся рознымі тэатральнымі трупамі. Аб’ектам высмейвання ў п’есе сталі прадстаўнікі валасной улады і мясцовай “інтэлігенцыі”.

Назва: Апошняе спатканне : драма ў 4 актах.

Аўтар: Галубок, Уладзіслаў.

Месца і год выдання: Вільня : Выдавецтва Менскага народнага камісарыяту асветы, 1919 (Друкарня "Прамень").

Анатацыя: Шматгранная дзейнасць у галіне мастацтва характарызуе Уладзіслава Галубка (1882–1937) – драматурга, празаіка, рэжысёра, акцёра, мастака, аднаго з найбуйнейшых дзеячаў сцэны, які чэрпаў сюжэты для сваіх твораў з гісторыі беларускага народа, фальклору. Лепшым драматычным творам Галубка ўласцівы глыбокі псіхалагізм, вастрыня канфлікту, разнастайнасць характараў. П‘еса “Апошняе спатканне” распачала меладраматычную лінію ў драматургіі У. Галубка.

Назва: Пабрацімцы і Вялікая шышка.

Аўтар: Драздовіч, Язэп.

Месца і год выдання: Вільня : Віленскае выдавецтва Б. А. Клецкіна, 1923.

Анатацыя: Язэп Драздовіч (1888–1954) – незвычайная фігура ў гісторыі беларускай культуры. Ён з’яўляецца прыкладам творчай асобы адраджэнскага тыпу – Homo universalus (Чалавека ўніверсальнага): выдатнага мастака, этнографа, пісьменніка, філосафа і педагога.
Выданне “Пабрацімцы і Вялікая шышка” – першая частка аповесці “Вар’ят без вар‘яцтва”, якую аўтар выдаў пад псеўданімам Язэп Нарцызаў і сам намаляваў да яго сюжэтную вокладку. На авантытуле выдання – дарчы аўтограф аўтара.

Назва: Вера, паншчына і воля ў беларускіх народных казках і песнях.

Аўтар: Бядуля, Змитрок.

Месца і год выдання: Беларускае кааперацыйна-выдавецкае таварыства «Савецкая Беларусь», 1924.

Анатацыя: Змітрок Бядуля (1886–1941) сваёй мастацкай творчасцю – паэзіяй, публіцыстыкай, прозай − унёс значны ўклад у развіццё і ўзбагачэнне літаратуры і грамадскай свядомасці беларускага народа. Яго даследаванне прысвечана беларускаму фальклору, казкам і песням, у якіх адлюстроўваецца беларуская рэчаіснасць.

Назва: Матчын дар : думы і песнi 1907–1914 гг.

Аўтар: Гарун, Алесь.

Месца і год выдання: Менск : коштам Народнага сэкрэтарыяту Беларусі, 1918 (Друкарня Я. Грынблята).

Анатацыя: Зборнік Алеся Гаруна (1887–1920) “Матчын дар” з’яўляецца паэтычным дасягненнем ХХ ст. і кнігай лёсу паэта, як і “Вянок” Максіма Багдановіча. Ён напоўнены болем за незайздросны лёс Бацькаўшчыны. Творчасць паэта вылучаецца адметнасцю праблематыкі, вялікай сканцэнтраванасцю думак і пачуццяў, арыгінальнасцю паэтычнага мыслення і вобразнай сістэмы.

Назва: Поездки по Полесью 1911 и 1912 года.

Аўтар: Сербов, Исаак Абрамович.

Месца і год выдання: Вильна : издание Северо-Западного отдела Императорского Русского географического общества (Типография И. Завадзкого), 1914.

Анатацыя: У сваёй рабоце “Поездки по Полесью 1911 и 1912 гг.” беларускі этнограф, фалькларыст і археолаг Ісаак Абрамавіч Сербаў (1871–1941) абагульніў звесткі пра быт, матэрыяльную культуру, вусную паэтычную творчасць жыхароў розных куткоў Палесся, тыпы іх адзення, жыллё, гаспадарчыя пабудовы, вырабы рамяства і г.д.

Назва: Белорусские древности: сведения о памятниках старины. Вып. 1: с 106-ю изображениями разных предметов древностей в тексте и литографическим приложением.

Аўтар: Сементовский, Александр Максимович.

Месца і год выдання: Санкт-Петербург: (Типолитография Н. Стефанова), 1890.

Анатацыя: У кнізе, прысвечанай помнікам беларускай даўніны Віцебскай губерні, вядомы археолаг, этнограф і фалькларыст А.М. Семянтоўскі (1821–1893), сабраў і сістэматызаваў вялікую колькасць звестак пра Віцебскі край, прадставіў 106 выяў розных прадметаў старажытнасці ў тэксце і літаграфічны дадатак.

Назва: Пинчуки: этнографический сборник: песни, загадки, пословицы, обряды, приметы, предрассудки, поверья, суеверия и местный словарь.

Аўтар: Булгаковский, Дмитрий Гаврилович.

Месца і год выдання: Санкт-Петербург : в Типографии В. Безобразова и К°, 1890.

Анатацыя: Зборнік беларускага этнографа, фалькларыста, краязнаўца Д.Г. Булгакоўскага (1845 – каля 1918) у свой час аказаўся самай вялікай працай па этнаграфіі Пінскага Палесся. У 1888 г. за сваю працу аўтар быў удастоены залатога медаля Імператарскага рускага геаграфічнага таварыства.

Назва: Вялікодная пісанка, 1914 год : [зборнік].

Месца і год выдання: Вільня : Друкарня М. Кухты, [1914?].

Анатацыя: “Вялікодная пісанка” – зборнік твораў беларускіх аўтараў, якія былі ўключаны ў працэс нацыянальнага адраджэння. Змешчанае эсэ беларускага пісьменніка, публіцыста, крытыка і літаратуразнаўцы Максіма Гарэцкага (1893–1938) “Развагі і думкі” з’яўляецца ўзорам беларускай пісьменніцкай крытыкі.

Назва: Курганная кветка: [зборнік].

Аўтар: Буйло, Канстанцыя Антонаўна.

Месца і год выдання: Вільня : Беларускае выдавецкае таварыства, 1914 (Друкарня Марціна Кухты).

Анатацыя: “Курганная кветка” – дэбютны зборнік вершаў Канстанцыі Буйло (1893–1986) – беларускай паэтэсы-лірыка, імя якой ўжо на пачатку ХХ ст. стаяла побач з імёнамі Янкі Купалы і Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і Змітрака Бядулі. Яе творы перапоўнены любоўю да роднага краю, простага сялянскага люду, з глыбінь якога выйшла сама.

Бібліятэкарам