ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыЛічбавыя бібліятэкіЗалатая калекцыя ЕўразііВыданні з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў "Залатой калекцыі Еўразіі"Мастацтва

Мастацтва

МАСТАЦТВА

Syrkin.jpg
Назва: Искусство и техника.

Аўтар: Сыркін, Максіміліян Рыгоравіч.

Месца і год выдання: Минск : издание Белорусской секции научных работников, 1928.

Анатацыя: Сыркін Максіміліян Рыгоравіч (1858–1928) – выдавец, мастацтвазнавец, літаратар і рэдактар. Кніга з’яўляецца тэарэтычнай часткай курса ўвядзення ў гістарычнае вывучэнне пластычных мастацтваў. Аўтар працы падзяляе пластыкі: на архітэктуру і мастацка-прамысловае мастацтва; мастацтва скульптуры і жывапісу.

Katalioh-sluckich-pajasou.jpg
Назва: Каталог выстаўкі слуцкіх паясоў.

Месца і год выдання: Менск : выдана коштам Беларускага дзяржаўнага музея, 1927.

Анатацыя: Сярод прадметаў старадаўняга беларускага мастацтва выключнае месца займаюць вядомыя слуцкія паясы. У кніжным выданні змешчаны матэрыял пра выставу слуцкіх паясоў Беларускага дзяржаўнага музея. Кніга знаёміць з гісторыяй іх вырабу, змяшчае кароткія звесткі аб Слуцкай фабрыцы.
 

Назва: Древнерусский город Слуцк и его святыни : исторический очерк, с шестью гравюрами.

Аўтар: Серна-Салаўевіч, Фёдар Фёдаравіч

Месца і год выдання: Вильна, 1896 (Типография А. Г. Сыркина).

Анатацыя: У кнізе апісана гісторыя стварэння горада Слуцка (у старажытнасці – Случеск), які атрымаў назву ад ракі Случы. Першыя ўпамінанні аб Слуцку датуюцца 1086 годам. У кнізе распавядаецца пра станаўленне праваслаўных манастыроў і прыходскіх храмаў. Згадваецца Свята-Троіцкі мужчынскі манастыр, які з’яўляўся цэнтрам праваслаўя на беларуска-літоўскіх землях. Пры ім існавала духоўная школа, дзе вывучаліся багаслоўе, рыторыка, славянская і грэчаская граматыкі.

Назва: Беларускі ткацкі арнамент перабіранай і накладной тэхнікі.

Месца і год выдання: Минск: [б. в.] 1929.

Анатацыя: Арнамент з’яўляецца распаўсюджанай формай выражэння культуры многіх народаў. Яго вывучэнне працягваецца з 19 стагоддзя. У ілюстраваным альбоме прадстаўлены ўзоры беларускага народнага арнаменту, кожны з якіх мае свой пэўны сэнс. Ён можа азначаць, да прыкладу, вечнасць, багацце, жыццё, сонца, ураджай і многае іншае.

Назва: Беларуская архітэктура.

Аўтар: Каспяровіч, Мікалай Іванавіч.

Месца і год выдання: Віцебск: [б. в.], 1925.

Анатацыя: Беларускі вучоны, краязнавец – Мікалай Іванавіч Каспяровіч вывучаў архітэктуру, гісторыю выяўленчага мастацтва, графіку Беларусі. Выданне "Беларуская архітэктура" – першая спроба папулярызацыі гістарычных звестак пра беларускае мастацтва, пачынаючы са старажытнай архітэктуры да пабудоў 2-й пал. XIX ст.

Назва: Мастацтва Савецкай Беларусі.

Месца і год выдання: Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1955.

Анатацыя: Зборнік “Мастацтва Савецкай Беларусі” складаецца з раздзелаў: тэатр, музыка, выяўленчае мастацтва, дзеячы сцэнічнага мастацтва. Мэта кнігі – даць чытачу ўяўленне пра беларускае мастацтва 20 стагоддзя і пазнаёміць з найбольш вядомымі дзеячамі. У кнізе сабраны матэрыял аб гісторыі беларускага тэатра, аб беларускай музыцы, у раздзеле “Изобразительное искусство” прадстаўлены артыкулы аб жывапісе, скульптуры, графіцы, архітэктуры.

Назва: Album widoków gubernij grodzieńskiej, wileńskiej, mińskiej, kowieńskiej, wołyńskiej, podolskiej, kijowskiej, przedstawiający miejsca historycznie z czasów wojen: …, oraz przedhistoryczne … również stare ruiny zamków obronnych i piękne rezydencje świadczące o przeszłości i cywilizacji tego kraju : [Seria 4].

Аўтар: Orda, Napoleon.

Месца і год выдання: Warszawa : Lit. w Zakładzie artystyczno-Litograficznym Maxymiliana Fajansa, [1877].

Анатацыя: Мастацкая творчасць Напалеона Орды (1807–1883) прысвечана архітэктурнаму пейзажу і ўвекавечанню помнікаў гісторыі і культуры славянскіх земляў. У яго малюнках, на якіх адлюстраваны храмы, палацы, замкі, сядзібы, забудова гарадоў, мястэчак, вёсак, спалучаюцца дакладнасць гістарычнага дакумента і вобразнасць паэтычнага твора. Вядомасць Н. Орду прынеслі альбомы літаграфій яго малюнкаў. Серыя-4 уключае 31 літаграфію на асобных лістах, 12 з якіх прадстаўляюць віды беларускіх гарадоў і мястэчак.

Назва: Exlibris’ы А. Тычины.

Аўтар: Шлюбский, Александр Онуфриевич.

Месца і год выдання: Минск, 1931.

Анатацыя: Анатоль Тычына (1897–1986) – адзін са стваральнікаў беларускай кніжнай графікі ХХ стагоддзя, які адыграў вялікую ролю ў станаўленні беларускага нацыянальнага мастацтва. З яго імем звязана развіццё такіх відаў графікі, як кніжная, станковая, газетна-часопісная, экслібрыс. Графіка Тычыны – гэта выразныя рэалістычныя формы, кантраст колеру і аб’ёму і ў той жа час непаўторны нацыянальны каларыт. На тэрыторыі Беларусі сапраўдны росквіт экслібрыса надышоў у 20-я гады ХХ стагоддзя. "Exlibris’ы А. Тычыны" былі выдадзены ў 1928 г. дзякуючы Беларускаму таварыству бібліяфілаў тыражом усяго 200 экзэмпляраў. У "Exlibris’ах А. Тычыны" сабраны яго кніжныя знакі ў натуральную велічыню. Усяго – 16. (Ілюстрацыям папярэднічае гісторыка-біяграфічны нарыс А. Шлюбскага).

Назва: Беларускі тэатр.

Аўтар: Аляхновіч, Францішак.

Месца і год выдання: Вільня : выданне Беларускага грамадзянскага сабрання, 1924 (Друкарня «Lux»).

Анатацыя: Абсяг творчасці Францішка Аляхновіча (1883–1944) быў надзвычай шырокі: ён займаўся драматургіяй, паэзіяй, прозай, публіцыстыкай, тэатразнаўствам, выступаў як рэжысёр і акцёр, вёў культурна-асветніцкую і грамадскую работу.
"Беларускі тэатр" – першае даследаванне нацыянальных тэатральных традыцый, нарыс гісторыі беларускага тэатра ад яго пачатковых форм да моманту поўнай прафесіяналізацыі – узнікнення Беларускага дзяржаўнага тэатра.
У манаграфіі Ф. Аляхновіча лаканічна выкладзены праблемна-навуковы аналіз генезісу і паэтыкі нацыянальнага тэатральнага мастацтва. Аўтар паслядоўна аналізуе фальклорныя вытокі беларускага тэатральнага мастацтва, асэнсоўвае здабыткі батлейкі і школьнай драмы з яе інтэрмедыямі. Кніга ўводзіць ў гісторыю нацыянальнай сцэны не толькі забытыя факты, з’явы, падзеі, але і імя самога яе аўтара як акцёра, рэжысёра, драматурга, арганізатара тэатральнай сцэны і як тэатразнаўца, уносіць шмат новага ў разуменне тэатральных і агульнакультурных працэсаў Беларусі.

Назва: Пан міністар : камедыя ў 3 актах.

Аўтар: Аляхновіч, Францішак.

Месца і год выдання: Вільня : выданне газеты «Голас беларуса», 1924 (Друкарня С. Бэкэра).

Анатацыя: Францішак Аляхновіч (1883–1944) – выдатны дзеяч беларускага адраджэння, паэт, акцёр, рэжысёр, першы беларускі тэатразнаўца, аўтар шэрагу драм, большасць якіх напісана паводле фальклорных сюжэтаў. Яго творам уласцівы востры сацыяльны змест і дэмакратызм, займальнасць інтрыгі, дынамізм дзеяння і выразнасць мовы.
Сатырычная камедыя “Пан міністар” – бліскучая палітычная сатыра на псеўдабеларускіх дзеячаў. Яна была напісана напярэдадні выбараў дэпутатаў у польскі Сойм і мела актуальны канкрэтны змест. Жаданне галоўнага героя завалодаць партфелем міністра фінансаў і хітрыкі, на якія пускаецца герой, – вядучая сюжэтная лінія. П’еса створана ў класічным стылі, развенчвае тых, хто, адчуўшы перамены ў грамадстве, спрабуе выкарыстаць палітычную кан’юнктуру.

Назва: Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. Доследы і матэрыялы для вывучэння мастацтва ; Кн. 1.

Аўтар: Шчакаціхін, Мікола.

Месца і год выдання: Мінск, 1928.

Анатацыя: Праца беларускага вучонага М. Шчакаціхіна (1896–1940) з’явілася першай спробай сістэматычнага гістарычнага вывучэння беларускага мастацтва. У ёй дадзены навуковы агляд мастацтва ад курганных старажытнасцей да царкоўна-цытадэльнай архітэктуры XV–XVI ст., дзе беларуская готыка прадстаўлена як дасканалая мастацкая сістэма.

Назва: Васiль Вашчанка – магiлёўскi гравёр канца XVII – пач. XVІII сталецця.

Аўтар: Шчакаціхін, Мікола.

Месца і год выдання: Менск [Мінск : б. в.], 1925.

Анатацыя: У працы беларускага мастацтвазнаўца М. Шчакаціхіна (1896–1940) прадстаўлены агляд творчасці Васіля Вашчанкі – беларускага ксілографа канца XVII – 1-й пал. XVІII ст., прадстаўніка Магілёўскай школы гравюры. Большасць яго твораў звязана з кніжнай графікай. У працы падрабязна апісваюцца гравюры майстра.

Назва: Крашаніна : матэрыялы да гісторыі яе ў Віцебшчыне.

Аўтар: Фурман, Іван Пятровіч.

Месца і год выдання: Віцебск : Т-ва краязнаўства, 1925.

Анатацыя: На 1920-я гг. прыпадае пачатак працэсу навуковага станаўлення беларускай этнаграфіі і мастацтвазнаўства, што было абумоўлена задачамі нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. Кніга прысвечана своеасаблівай галіне народнай творчасці – набіванцы (крашаніне) – мастацтву аздаблення тканіны ўзорам з дапамогаю дошкі-клішэ з рэльефным малюнкам.

Назва: Сучаснае беларускае мастацтва.

Аўтар: Апрацавалі Мікола Шчакаціхін, Вацлаў Ластоўскі.

Месца і год выдання: Мінск, 1929.

Анатацыя: Кніга прысвечана аналізу дзейнасці аддзела сучаснага беларускага мастацтва Беларускага дзяржаўнага музея (БДМ) і прадстаўляе рэестр экспанатаў беларускага малярства і разьбярства аддзела 20-х гг. ХХ ст., які ўключае кароткія звесткі пра мастакоў і апісанне іх работ, інвентарны нумар у БДМ, а таксама інфармацыю пра ўдзел мастацкіх работ у выстаўках.

Назва: Гравюры і кніжныя аздобы ў выданнях Францішка Скарыны.

Аўтар: Шчакаціхін, Мікола.

Месца і год выдання: Мінск, 1926.

Анатацыя: Праца адметнага вучонага Мікалая Мікалаевіча Шчакаціхіна (1896–1940) знаёміць з мастацкім афармленнем выданняў першадрукара Францыска Скарыны (каля 1490 – каля 1551), аналізуе іх, дае ацэнку кнігавыдання як важнай з’явы беларускага мастацтва. Даследчык прапанаваў сваю класіфікацыю гравюр, якія ілюстравалі выданні Францыска Скарыны.

Назва: Беларуская архiтэктура ў XI–XII ст.

Аўтар: Шчакаціхін, Мікола.

Месца і год выдання: Мінск, 1927.

Анатацыя: Кніга Мікалая Мікалаевіча Шчакаціхіна (1896–1940) – пачынальніка беларускага савецкага мастацтвазнаўства, таленавітага гісторыка, тэарэтыка і крытыка, які даследаваў выяўленчае мастацтва і архітэктуру Беларусі ад старажытных часоў да сучаснасці, культавае дойлідства і манументальны жывапіс ХІ–ХІХ стст., іканапіс ХVІІ–ХVІІІ стст., абарончыя збудаванні ХІІІ–ХVІ стст., старажытныя беларускія гравюры, мастацтва кніг Францыска Скарыны, творчасць беларускіх мастакоў, – прысвечана старадаўнім беларускім архітэктурным помнікам.

Назва: Віцебскія мастакі-гравёры.

Аўтар: Фурман, Іван.

Месца і год выдання: Віцебск : выданне Віцебскага акр. таварыства краязнаўства, 1928 (Камінтэрн).

Анатацыя: Кніга беларускага савецкага мастацтвазнаўца і краязнаўца Івана Пятровіча Фурмана (1890–1935) прысвечана даследаванню творчасці беларускіх мастакоў. Віцебск з’яўляецца бацькаўшчынай выдатных мастакоў, графікаў і гравёраў. Дзякуючы работам Яўхіма Сямёнавіча Мініна (1897–1941), Саламона Барысавіча Юдовіна (1894–1954) і Зіновія Ісакавіча Гарбаўца (1897–1979), Віцебск у галіне ксілаграфіі займаў першае месца не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

Назва: Віцебск у гравюрах С. Юдовіна.

Аўтар: Фурман, Іван.

Месца і год выдання: Віцебск : Выд. Віцеб. акр. Т-ва краязнаўства, 1926.

Анатацыя: Беларуская ксілаграфія ХХ ст. вядома работамі віцебскага мастака Саламона Барысавіча Юдовіна (1894–1954), які пачаў працаваць у галіне гравюры ў Віцебску ў 1920 г., спачатку на лінолеуме, а потым на дрэве.
Змест для сваіх гравюр Юдовін чэрпаў з ваколічнага жыцця Віцебска – гораду дробных рамеснікаў і гандляроў. Найбольш моцным бокам гравюр Юдовіна з’яўляецца іх змест, яскрава перадаючы тыпы і быт яўрэйскай беднаты. Віцебскі перыяд творчасці мастака працягваўся да пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Назва: З.И. Горбовец. Гравюры на дереве.

Аўтар: Фурман, Іван.

Месца і год выдання: Витебск : Тип. "Коминтерн", 1927.

Анатацыя: Кніга прысвечана аналізу арыгінальнага таленту Зіновія Ісакавіча Гарбаўца (1897–1979), тэхніцы і канцэпцыі ствараемых ім гравюр. Мастак выбраў цяжкі шлях гравюры абразной на дошках з падоўжнымі пластамі, той спосаб, якім карысталіся еўрапейскія і японскія майстры. Ён здолеў хутка і своеасабліва асэнсаваць тэхнічны бок мастацтва і звязаць яго з фармальнай выразнасцю сваіх гравюр.

Назва: Беларускае мастацтва = Zur Weissruthenischen Kunst.

Аўтар: Іпэль, Альберт.

Месца і год выдання: Віцебск : выданне Віцебскага акруговага таварыства краязнаўства, 1925 (Типография "Коминтерн").

Анатацыя: Аўтар кнігі – нямецкі мастацвазнавец – першы, хто асвяціў беларускае мастацтва з моманту яго ўзнікнення ў сувязі з месцам яго развіцця і рознымі ўплывамі на яго. Работа не ставіць мэтаю дасканалага даследавання ўсіх галін беларускага мастацтва, іх гісторыі, але з’яўляецца крыніцай першапачатковых ведаў пра беларускае мастацтва.

Назва: Bielaruskije piesni z notami.

Аўтар: Грыневіч, Антон.

Месца і год выдання: Pieciarburh, 1910.

Анатацыя: Антон Антонавіч Грыневіч (1877–1937) – беларускі грамадска-культурны дзеяч, збіральнік і папулярызатар беларускага музычнага фальклору, кампазітар, выдавец, педагог. У 1910 г. у Пецярбургу выданнем “Беларуская песні з нотамі” (т. 1) пачалася работа “Выдавецтва Антона Грыневіча”. У першы том увайшлі класічныя ўзоры беларускага меласу.

Назва: От Сезанна до супрематизма.

Аўтар: Малевич, Казимир.

Месца і год выдання: [М.] : Издание отдела изобразительных искусств Наркомпроса, [1920].

Анатацыя: Казімір Севярынавіч Малевіч (1878-1935) – беларускі і рускі мастак-авангардыст. Адзін з заснавальнікаў абстрактнага мастацтва, заснавальнік супрэматызму. Выкладаў у Народнай мастацкай школе у Віцебску (1919–1922). У сваім крытычным нарысе мастак выкладае сутнасць канцэпцый новага этапу ў развіцці абстрактнага мастацтва.

Назва: Беларускае народнае мастацтва = Белорусское народное искусство.

Аўтар: Склалі: І.А. Сербаў, М.Я. Грынблат, Н.С. Махнач; Пад рэд. Н.М. Нікольскага.

Месца і год выдання: Мінск : Выдавецтва Акадэміі навук БССР, 1951.

Анатацыя: Народнае мастацтва з’яўляецца найважнейшай састаўной часткаю нацыянальна-мастацкай культуры. Альбом прысвечаны беларускаму народнаму прыкладному мастацтву: ткацтву, дыванаткацтву, вышыўцы, вязанню, набіванцы, змяшчае багаты фактычны матэрыял, шматлікія ўзоры беларускага рукадзелля.

Назва: Искусство советской Белоруссии.

Месца і год выдання: Москва: Искусство; Ленинград, 1940.

Анатацыя: У зборнік увайшлі артыкулы, прысвечаныя беларускай мастацкай творчасці, выяўленчаму і тэатральнаму мастацтву, музыцы, беларускай народнай творчасці. У выданні шмат фотаздымкаў дзеячаў культуры і мастацтва савецкай Беларусі, рэпрадукцый карцін беларускіх мастакоў.

Бібліятэкарам