Абарона Смаргоні
"Хто пад Смаргонню не бываў – той вайны не відаў" – такая прымаўка склалася сярод салдат расійскай арміі. Смаргоншчына стала раёнам найбольшага напружання на германска-расійскім фронце за ўсю Першую сусветную.
Улетку і ўвосень 1915 г. расійская армія, стрымліваючы націск усяго аўстрыйскага войска і сарака германскіх дывізій, адыходзіла на ўсход. У пачатку верасня 1915 г. фронт устанавіўся ад Балтыкі – на захад ад Вільні – на ўсход ад Гродна і далей на поўдзень, да Карпат (Брэст-Літоўск нашы войскі пакінулі 25 жніўня, Гродна – 2 верасня).
Перагрупаваўшы войскі, германскае камандаванне пачало новую наступальную аперацыю. Участак для прарыву быў абраны на поўнач ад Вільні, паміж Паўночным і Заходнім расійскімі франтамі. На 30-кіламетровым участку прарыву немцаў суадносіны сіл былі на іх баку – 6 пяхотных і 4 кавалерыйскія дывізіі супраць 4 кавалерыйскіх і 7 пяхотных батальёнаў расійскіх войск прыкрыцця франтоў, якія разыходзіліся. Рух немцаў пачаўся 9 верасня 1915 г. Да раніцы 10 верасня паміж франтамі нашых войск утварыўся разрыў на 50 км. Германскае камандаванне, ведаючы пра гэта, 11 верасня аддало загад 6-му кавалерыйскаму корпусу генерала О. фон Гарнье спыніцца і з раніцы 12-га павярнуць на поўдзень, у кірунку Свянцяны (Швенчоніс) – Смаргонь – Маладзечна. Забяспечваючы прарыў, германскія арміі ўзмацнілі нападзенні на Ліду, Навагрудак, Баранавічы.
15 верасня, з раніцы, нямецкі кавалерыйскі полк 1-й кавалерыйскай дывізіі пры падтрымцы артылерыі і кулямётаў атакаваў Смаргонь – невялікі 16-тысячны горад за 90 км на ўсход ад Вільні. Панёсшы страты, расійскія войскі адышлі на Крэва, насустрач войскам 2-й арміі. Насельніцтва горада спешна было эвакуіравана.
20 верасня часці 4-га Сібірскага і 36-га армейскіх карпусоў, адцясніўшы германскую кавалерыю за раку Вілію, з боем узялі Смаргонь. А 24 верасня да горада, адыходзячы з баямі ад Вільні, падышоў Гвардзейскі корпус пад камандаваннем генерала Олахава – 572 афіцэры, 23 920 штыкоў пяхоты, 1 080 шабель кавалерыі, 145 гармат і 5 аэрапланаў. Элітныя палкі расійскай арміі атрымалі загад стаяць насмерць, утрымаць Смаргонь і не прапусціць ворага на Мінск – Маскву.
У верасні 1915 г. каля Смаргоні ўпершыню было спынена наступленне немцаў. Пачалася жорсткая бітва за невялікае беларускае мястэчка, якая працягвалася 810 дзён і стала для расійскай арміі адной з самых гераічных старонак той вайны. Ужо ў кастрычніку 1915 г. немцы ўпершыню прымянілі тут газы. У наступныя месяцы газавыя атакі ўвайшлі ў разрад звычайных баявых дзеянняў. Да канца 1915 г. сілы саперніка былі вычарпаны. Немцы ўзмацнялі абарону: залівалі бетонам свае агнявыя пункты і бліндажы. Лабірынты акопаў і траншэй з кожным днём усё павялічваліся, дзясяткі кіламетраў чыгункі – звычайнай для руху цяжкіх артгармат, вузкакалейнай на коннай цязе для падвозу боепрыпасаў і эвакуацыі параненых – былі пабудаваны ў Смаргоні па абодва бакі фронту, наведзены шматлікія масты і паромныя пераправы цераз Вілію.
У верасні 1916 г. у Смаргоні расійскія войскі правялі першую ў вайне газабалонную атаку. У выніку толькі “газавая вайна” на тэрыторыі раёна забрала жыцці дзясяткаў тысяч салдат і афіцэраў.
Вялася таксама “падземная вайна”. На працягу месяца па начах расійскія салдаты капалі тунэль у тыл немцам – да вышыні “Залатая горка” на паўночнай ускраіне горада, дзе знаходзілася нямецкая артбатарэя і жалезабетонны наглядальны пункт. У дзень штурму закладзены пад зямлю дынаміт быў падарваны, вышыня ўзята.
Смаргоншчына стала месцам адной з апошніх наступальных аперацый расійскай арміі на Заходнім фронце. У ліпені 1917 г. на ўчастку паміж Смаргонню і Крэвам пасля магутнай трохдзённай артылерыйскай падрыхтоўкі была зроблена спроба прарыву нямецкай лініі абароны. Аперацыяй кіраваў камандуючы Заходнім фронтам генерал А. Дзянікін. Аднак нягледзячы на значную перавагу ў колькасці войскаў і артылерыі – 16 пяхотных, 2 кавалерыйскія дывізіі, каля 900 гармат з 13-дзённай нормай снарадаў – наступленне правалілася. На становішчы ў арміі сталі адбівацца палітычныя падзеі, разгарнулася рэвалюцыйная агітацыя, стала падаць дысцыпліна, пачасціліся выпадкі дэзерцірства.
Спадчына, пакінутая Першай сусветнай вайной на Смаргоншчыне, – самая прыкметная на тэрыторыі Беларусі. За гады супрацьстаяння абодва бакі пабудавалі тут многакіламетровыя лініі абароны, развітыя сістэмы камунікацый, якія працягнуліся ад Вішнеўскага возера на поўначы да Заходняй Бярэзіны на поўдні. З абодвух бакоў лінія фронту была адзначана велізарнай колькасцю могілак.